Старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька: "Мы павінны абараніць сваю будучыню"

16:19 / 17.12.2010

Напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь журналіст “Астравецкай праўды” сустрэўся са старшынёй раённага выканаўчага камітэта, дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам і папрасіў яго падзяліцца ўражаннямі ад усенароднага веча, сваімі думкамі  і адказаць на некаторыя іншыя пытанні.


—Адам Дзмітрыевіч, падчас работы Усебеларускага народнага сходу, ды і пасля яго завяршэння, ва ўсіх сферах гаспадаркі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях падсумоўваюць вынікі работы за апошнія пяць гадоў. Што за гэты час ўдалося зрабіць у нашым раёне?
—Я з’яўляўся дэлегатам усіх чатырох Усебеларускіх народных сходаў. І сёння, узгадваючы трэці, успамінаю  даклад кіраўніка краіны, выступленні ў спрэчках, пастаўленыя праблемы і задачы, якія затым знайшлі сваё адлюстраванне ў прынятай на сходзе рэзалюцыі, прыходжу да высновы, што практычна ўсе важнейшыя аспекты затым знайшлі сваё ўвасабленне ў пэўных дзяржаўных і галіновых праграмах  — а затым дакладна і паэтапна ажыццяўляліся, у тым ліку і ў нашым раёне.
Узяць хоць бы асноўную для нашага сельскагаспадарчага раёна праграму адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады. За гэты час вельмі многае ўдалося зрабіць, дзякуючы падтрымцы дзяржавы і ўласным намаганням. Вы ўспомніце наш першы аграгарадок Гервяты – як усе радаваліся, што хоць адна вёска ў нашым раёне набыла новае сучаснае аблічча. А потым былі Варняны, Міхалішкі – кожны год мы здавалі па два-тры аграгарадкі. Іх будаўніцтва дазволіла абнавіць асноўныя вясковыя школы, дзіцячыя садкі, медыцынскія ўстановы, Дамы культуры, увогуле зрабіць жыццё вяскоўцаў больш сучасным і камфортным — і не толькі на цэнтральных сядзібах гаспадарак, але і ў асноўных буйных вёсках раёна.
А колькі пабудавана за гэтыя гады жылля – у нас сёння няма праблем з кватэрамі для сельскіх спецыялістаў, у тым ліку і маладых, якія прыязджаюць у раён на работу пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў.
Вялізны вытворчы імпульс дала рэалізацыя гэтай праграмы. Сёння ў нас заканчваецца аптымізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сярод кіраўнікоў і спецыялістаў засталася эліта – людзі, якія здольны вырашаць пастаўленыя маштабныя задачы. Душа радуецца, калі бачыш, як яны зацікаўлены ў развіцці сваіх гаспадарак, як імкнуцца развівацца, будаваць, плануюць эканоміку.
Шмат зроблена для паляпшэння вытворчага патэнцыялу сельскай гаспадаркі – практычна ўсюды пабудаваны новыя сушыльныя комплексы, якім пад сілу дапрацаваць усё вырашчанае збожжа. На палях раёна працуе сучасная высокапрадукцыйная сельскагаспадарчая тэхніка. Ідзе мадэрнізацыя малочнатаварных ферм: ужо працуюць па новай тэхналогіі жывёлаводы ферм “Кярняны” СВК “Варняны”, “Малі”  СВК імя Гашкевіча, “Рытань” саўгаса “Падольскі”. У хуткім часе завершыцца рэканструкцыя ферм “Германішкі” СВК “Гудагай”. “Рымдзюны” СВК “Гервяты”. І гэтая праграма будзе працягвацца: з існуючых сёння 46 малочнатаварных ферм у раёне застануцца прыкладна 17, але на іх будуць створаны сучасныя ўмовы ўтрымання жывёлы і працы людзей.
Усе гэтыя мерапрыемствы даюць станоўчы вынік: у мінулай пяцігодцы ў нас ўжо не было стратных гаспадарак. Стабілізаваліся працоўныя калектывы: сёння на вёсцы не адчуваюць колішняга дэфіцыту кадраў, і не толькі спецыялістаў, але і масавых прафесій. Усё гэта сведчыць, што рэалізацыя праграмы адраджэння і развіцця вёскі дала  рэальныя вынікі.
А ўзяць праграму развіцця малых гарадоў – колькі за мінулую пяцігодку зроблена па добраўпарадкаванні нашага райцэнтра?! Мне заўсёды хацелася зрабіць Астравец узорным населеным пунктам, прыкладам для ўсяго раёна – і ў 2008 годзе гэта ўдалося. Хай сабе, рыхтуючыся да юбілею Астраўца, мы затрацілі амаль 32 мільярды рублёў, але пра гэта не ўсе нават  ведаюць. Затое сёння кожнаму жыхару Астраўца прыемна прайсці па прыгожаму, утульнаму гарадку, у кожнага ёсць свой любімы куточак, які мае сваю адметнасць, уласны твар.
І што мяне найбольш радуе: нашы жыхары па-сапраўднаму, шчыра любяць свой горад. Гэта бачна нават па тым, з якой любоўю яны робяць здымкі любімых куточкаў Астраўца і затым размяшчаюць іх у інтэрнэце, з якім гонарам паказваюць родны горад знаёмым і гасцям.
А самы галоўны вынік гэтай работы – тое, што змяніўся менталітэт людзей, іх псіхалогія. Нават дворнікі адзначаюць, што жыхары, выхаваныя прыгажосцю і акуратнасцю, цяпер менш смецяць на вуліцах, стараюцца захаваць тое добрае і прыгожае, што зроблена для іх карысці.
І не толькі вуліцы горада змяніліся — новае аблічча набылі нашы прадпрыемствы і арганізацыі, іх адміністрацыйныя будынкі, вытворчыя базы. А самае галоўнае – яны сталі па-іншаму працаваць. На “Дажынках” у Лідзе была адзначана як пераможца рэспубліканскага спаборніцтва фермерская гаспадарка “Астравецкая”. Усё новыя віды прадукцыі асвойваюць на заводзе “Радыёдэталь”. Пакрысе выбіраецца з крызісу фабрыка “Альхоўка”. Паказваюць прыклад высокарэнтабельнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы — “Тэхнапласт”, ”Верас” і іншыя. Паспяхова працуе наш гандаль, і здаровая канкурэнцыя паміж спажыўкааперацыяй і прыватнымі прадпрымальнікамі садзейнічае насычэнню рынку і ідзе на карысць спажыўцу. Радуюць вока магазіны райспажыўтаварыства – практычна ўсе яны набылі новае аблічча. Зусім па-іншаму арганізоўваюць сваю дзейнасць зараз камунальнікі: яны не “латаюць” бясконцыя дзіркі, як раней, а думаюць пра перспектыву і працуюць на тое, каб горад наш стаў адным з самых прыгожых у краіне і быў зручны і камфортны для яго жыхароў. Будаўнікі сёння працуюць так, як, здаецца, ніколі ў постсавецкі час не працавалі – а галоўнае, што  кваліфікаваныя кадры, якія было раз’ехаліся па свеце ў пошуках дастойных заробкаў, вярнуліся дамоў — і людзі працуюць цяпер на карысць сваёй радзімы і ўласнай сям’і. Набірае абароты дзейнасць службы быту. Працаўнікі вузлоў паштовай і электрычнай сувязі, райгазу, электрасетак выходзяць на новы ўзровень абслугоўвання насельніцтва. Дынамічна развіваецца сацыяльная сфера – медыцына,  адукацыя, культура, спорт.
Можна было б, канешне, прывесці шэраг лічбаў у пацвярджэнне гэтых слоў, але я думаю, што ў гэтым няма патрэбы: кожны жыхар Астравеччыны бачыць, як за апошнія пяць гадоў змяніліся ўмовы жыцця ў нашым горадзе і раёне — і гэта больш красамоўна, чым самыя пераканаўчыя лічбы.
А наперадзе ў нашага раёна ўвогуле ашаламляльныя перспектывы. У адыходзячай пяцігодцы было прынята рашэнне, што з усіх магчымых пляцовак для будаўніцтва АЭС прыярытэтнай з’яўляецца Астравецкая – і гэта, можна сказаць, шчаслівы білет для нашага раёна — цяпер гэта, здаецца, зразумелі нават тыя, хто раней сумняваўся. Будаўніцтва АЭС прынясе нашаму раёну значныя прэферэнцыі: Астравец  стане суперсучасным еўрапейскім горадам, тут будзе развівацца інфраструктура, з’явяцца  рабочыя месцы, новыя магчымасці для развіцця сістэмы адукацыі, аховы здароўя, у нас будуць пабудаваны сучасныя аб’екты культуры, спартыўныя збудаванні. Цяпер ва ўсіх, здаецца, адно жаданне: каб гэтае будаўніцтва пачалося як мага хутчэй.
—Вы ўзначальвалі дэлегацыю Астравецкага раёна на IV Усебеларускім народным сходзе. Якія ўражанні пакінуў гэты форум?
 —Самыя яркія. Магутным па энергетыцы, па сіле ўздзеяння на прысутных і па маштабах пастаўленых задач быў даклад прэзідэнта – у ім усебакова акрэслены ўсе пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі. Задачы перад краінай  стаяць глабальныя: прырост валавога ўнутранага прадукту за наступныя пяць гадоў павінен скласці 160 працэнтаў, сярэднямесячная зарплата вырасце да тысячы долараў ЗША у эквіваленце.
 І што мяне асабліва парадавала: калі працавалі ў секцыях – а нашу групу, у якую ўваходзілі ўсе міністры, губернатары, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, узначальваў прэм’ер-міністр С.С. Сідорскі – не было ніякіх меркаванняў з разраду: гэта цяжка, планка ўзнята занадта высока і г.д. Усе разумеюць, што гэтыя паказчыкі — не са столі, яны нам патрэбны — усёй краіне, народу. І таму размова ішла канкрэтная: што трэба зрабіць, якія яшчэ рэзервы задзейнічаць, каб  намечанае выканаць. І гэта цудоўна — што ёсць рэальнае разуменне канкрэтнасці задач і ўжо вызначаюцца шляхі для руху наперад.
 На другі дзень было вельмі цікава паслухаць выступленні дэлегатаў. На трыбуну Усебеларускага сходу выходзілі прадстаўнікі розных рэгіёнаў, сфер дзейнасці, кіраўнікі прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці — і ў кожнага было чаму павучыцца. Вельмі цікавымі былі выступленні кіраўнікоў Барысаўскага завода БАТЭ і прыватнага прадпрыемства з Брэста “Санта-Брэмар”, прэзідэнта Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча – ды і ўсіх іншых дэлегатаў. Выступленне Уладыкі Філарэта было прысвечана пытанням духоўнага выхавання, і тычылася яно не толькі праваслаўных – мне здаецца, што яго трэба прачытаць кожнаму жыхару краіны, настолькі яно глыбокае і значнае для выхавання агульнахрысціянскіх каштоўнасцей.
Не толькі я – усе вярталіся з Усенароднага сходу, натхнёныя велічнасцю пастаўленых задач і перапоўненыя энергіяй. Мы, дэлегаты трох раёнаў – Астравецкага. Ашмянскага і Смаргонскага — ехалі ў адным аўтобусе, і тая энергетыка, якую мы атрымалі на сходзе, проста лунала ў паветры: кожнаму хацелася як мага хутчэй падзяліцца са сваімі калектывамі ўражаннямі і  хутчэй прыступіць да справы, да ажыццяўлення намечанага.
—Адам Дзмітрыевіч, з аўторка ва ўсёй краіне, у тым ліку і ў нашым раёне, ідзе датэрміновае галасаванне, заўтра – асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Што б вы хацелі сказаць выбаршчыкам, усім жыхарам нашага раёна напярэдадні?
—Я не хачу нічога дрэннага гаварыць пра іншых кандыдатаў у прэзідэнты – можа, яны і добрыя людзі, я ж не ведаю. Але я іх не разумею: як можна нешта абяцаць, калі не маеш канкрэтнага падмацавання сваіх слоў? Як можна зрабіць у краіне ўсё бясплатным — і пры гэтым адмяніць падаткі? Хай гэтыя абяцанні застануцца на сумленні тых кандыдатаў, што іх раздаюць.
Але, каб кожнаму з іх дарасці да ўзроўню нашага прэзідэнта,  трэба працаваць і працаваць. Вы паглядзіце: суседзі з іншых краін – Расіі, Украіны, Прыбалтыкі — зайздросцяць беларусам, што ў нас такі “бацька” – і ці ёсць дзе ў свеце кіраўнік, якога б у народзе называлі, як самага роднага чалавека? Гэта дарагога варта…
Большасць з нас памятаюць тыя часы, калі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку абралі прэзідэнтам: зарплату атрымлівалі па 20 долараў, ды і то цераз паўгода,  пустыя паліцы магазінаў, не хапала самага неабходнага, нават хлеба. І якія патрэбны былі намаганні ўсяго народа і перш за ўсё – кіраўніка дзяржавы, каб  вывесці краіну на той узровень, на якім яна сёння знаходзіцца. І што, зараз трэба аддаць усё гэта невядома каму і пахаваць тое, што здабывалася доўгімі гадамі і цяжкай працай? Напэўна, гэта быў бы самы неабдуманы крок. І чаму мы павінны яго рабіць? Што, у прэзідэнта няма больш сіл, магчымасцей, энергіі кіраваць краінай? Як сказаў на Усебеларускім сходзе Аляксандр Рыгоравіч, ён толькі цяпер поўнасцю ўвайшоў у курс спраў. Сіл і здароўя ў дзеючага прэзідэнта хапае – то чаму мы павінны мяняць сапраўднага мудрага, дальнабачнага, энергічнага кіраўніка на “ката ў мяшку”?
 І няпраўда, што наш прэзідэнт – жорсткі чалавек, як любяць яго выстаўляць апаненты. Мне неаднаразова даводзілася сустракацца з ім не толькі на розных нарадах, але і асабіста – калі атрымліваў ордэн з яго рук, калі кіраўнік дзяржавы наведваў наш раён. Напачатку, вядома, апаноўвае хваляванне перад сустрэчай, бо адчуваеш усю ступень уласнай адказнасці. А потым, калі набліжаешся, адчуваеш такую магутную станоўчую энергетыку, што ўсё хваляванне знікае. Так, Аляксандр Рыгоравіч строгі – але і справядлівы. Менавіта такім  павінен быць кіраўнік дзяржавы, бо слабакі не патрэбны ні на прадпрыемстве, ні ў райвыканкаме, ні тым больш у краіне.
Сваім землякам, жыхарам Астравеччыны, напярэдадні заўтрашняга важнага для кожнага жыхара краіны дня я хачу сказаць: надта дорага нам дасталася тое, што мы сёння мы маем, каб усе гэтыя дасягненні аддаць на разбурэнне. І таму мы павінны абараніць сваю будучыню. Зрабіць гэта вельмі проста: трэба прыйсці заўтра, калі вы не зрабілі гэтага раней, на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за кандыдата ў прэзідэнты, які і далей павядзе Беларусь упэўненым курсам.


Гутарыла Ніна РЫБІК.