Аб тым, што хвалюе – "прамая лінія" са старшынёй райвыканкама

10:41 / 15.12.2010




«Прамая лінія» са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам павінна была адбыцца 2 снежня. Але ў вызначаны дзень кіраўніка раённай вертыкалі тэрмінова выклікалі ў Гродна. І таму тыя, хто патэлефанаваў на “Прамую лінію” ў гэты дзень, замест А.Д. Кавалькі размаўлялі з намеснікам старшыні  райвыканкама Віктарам Мікалаевічам Аксютчыкам. І, па сутнасці, зраўняліся з тымі, хто задаваў свае пытанні загадзя, тэлефануючы ў рэдакцыю: усе паступіўшыя на “Прамую лінію” звароты былі затым разгледжаны і абмеркаваны на спецыяльнай нарадзе ў старшыні райвыканкама з удзелам усіх яго намеснікаў. Там, дзе гэта патрабавалася, было праведзена дадатковае разбіральніцтва па сутнасці пытання з прыцягненнем адказным асоб, кіраўнікоў устаноў і арганізацый. Сёння мы прапануем чытачам адказы на іх пытанні па сутнасці – чаго аўтары, трэба думаць, і чакаюць у першую чаргу.


 


 


Бацькі дзяцей – выхаванцаў дзіцячага садка-ясляў №1 г.п. Астравец:
—Ці праўда, што нашу дашкольную ўстанову плануецца закрыць? І куды ў такім выпадку падзенуцца выхаванцы, ці будзе ім прадастаўлена месца ў іншых садках Астраўца?
—Дзіцячы сад-яслі №1 – старэйшае дашкольная ўстанова падобнага тыпу ў Астраўцы. Ён функцыянуе з 1952 года, а два прыстасаваныя будынкі, у якіх размешчаны садок, пабудаваны задоўга да гэтага: старажылы Астраўца яшчэ памятаюць, што некалі ў гэтых памяшканнях жыў святар, пасля вайны там размяшчалася пачатковая школа. Гэты садок знаходзіцца побач з тэрыторыяй гарадскіх могілак – ужо адно гэта наводзіць на роздум, ці можна і ці варта там выхоўваць дзяцей.
Да таго ж сённяшнія санітарныя, а таксама будаўнічыя нормы і правілы, гігіенічныя нарматывы забараняюць займацца выхаваннем дзяцей-дашкольнікаў у такіх прыстасаваных будынках, дзе няма ні спартыўнай, ні музычнай залы, адсутнічаюць памяшканні  для дадатковых адукацыйных і аздараўленчых паслуг, патрабуюць рэканструкцыі групавыя і спальныя памяшканні, санвузлы, харчблок.
Начальнік аддзела адукацыі В.В. Млечка паведаміў, што будынкі, у якіх размяшчаецца сад-яслі №1, не адпавядаюць ніводнаму з патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да дзіцячых дашкольных устаноў – пра гэта сведчаць штогадовыя прадпісанні службаў Міністэрства надзвычайных сітуацый і райЦГЭ.
Таму прынята рашэнне ў наступным годзе дзіцячы сад-яслі №1 закрыць. Але яго працаўнікам і бацькам, чые дзеці там выхоўваюцца, хвалявацца не варта: ніводзін выхавальнік ці тэхнічны работнік, ніводнае дзіця не застануцца на вуліцы. Дзеці будуць уладкаваны ў іншыя дашкольныя ўстановы райцэнтра. Работнікам прапануюць новае месца працы ў адпаведнасці з іх адукацыяй і вопытам работы.


Ганна Міхайлаўна Андралойць, в. Кавалі:
—Хацелася б даведацца, ці дачакаюцца калі-небудзь жыхары нашай вёскі прыроднага газу? Таннай электраэнергіі ад атамнай электрастанцыі нам, пенсіянерам, ужо, напэўна, не дачакацца – хоць і вельмі хацелася б. А вось ці ўдасца пагрэцца ад газавага ацяплення?
Адказаць на гэтае пытанне старшыня райвыканкама даручыў начальніку вытворчага ўпраўлення “Астравецрайгаз” М.Н. Ігнатовіч:
—У нашай краіне парадак газіфікацыі эксплуатуемага жыллёвага фонду  грамадзян абумоўлены Указам Прэзідэнта РБ №368 “Аб мерах па рэгуляванню адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян”. Ім устанаўліваецца, што фінансаванне праектавання і будаўніцтва газаправодаў ад месца злучэння з дзеючым вулічным размеркавальным газаправодам да крана на ўводзе ў жылы дом ажыццяўляецца за кошт наступных крыніц: 70 працэнтаў – сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, 30 працэнтаў – сродкі грамадзян, якім на праве ўласнасці належаць жылыя памяшканні.
Для газіфікацыі вёскі Кавалі неабходна пракласці газаправод сярэдняга ціску працягласцю 1,5  кіламетра да пачатку вёскі і прыкладна 500 метраў – па самой вёсцы (гэта залежыць ад колькасці жыхароў, якія пажадаюць прыняць удзел у праекце). Кошт (таксама прыкладны) складзе 160 мільёнаў рублёў, у тым ліку сродкі грамадзян – 48 мільёнаў рублёў: чым больш удзельнікаў праекта, тым меншым будзе ўклад кожнага з іх.
А ўвогуле М.Н. Ігнатовіч і старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька параілі жыхарам вёскі Кавалі – як, зрэшты, і іншых вёсак – па пытаннях газіфікацыі за больш падрабязнай інфармацыяй і даведкамі звяртацца непасрэдна ў ВА “Астравецрайгаз” асабіста ці па тэлефоне 23-5-56 альбо ў аддзел архітэктуры Астравецкага райвыканкама па тэлефоне 2-00-58.


Жыхар вёскі Ігнацова Станіслаў Курыла звярнуўся на “Прамую лінію” з просьбай спілаваць тры старыя дрэвы – бярозу і дзве ліпы, якія растуць на падвор’ях мясцовых жыхароў і пагражаюць домаўладальнікам.
Разабрацца з сітуацыяй было даручана старшыні Трокеніцкага сельскага Савета І. М. Сенюцю.
І.М. Сянюць паведаміў, што сам не рызыкнуў вызначаць, наколькі аварыйнымі з’яўляюцца дрэвы, пра якія паведамляў у сваім звароце Станіслаў Курыла, і таму папрасіў правесці абследаванне спецыяліста – ляснічага Катлоўскага лясніцтва А.А. Мазырку. Разам яны выехалі на месца і агледзелі дрэвы, пра якія гаварыў у сваім звароце С.А. Курыла. У выніку высветлілася, што бяроза, якая расце на падвор’і Станіслава Курылы, мае ўзрост прыкладна 40-45 гадоў, ліпы на прысядзібных участках А.Л. Тарашкевіч і Т.А. Курыла — каля 50-60 гадоў. Такім чынам, усе тры дрэвы аварыйнымі не з’яўляюцца і пагрозы домаўладальнікам не ствараюць.
Але калі гаспадарам яны моцна замінаюць, то дрэвы можна спілаваць і без удзелу мясцовай улады: дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на тое, каб прыбраць дрэвы, што растуць на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка, не патрабуецца.


Жыхары дома №63 па вуліцы Валадарскага
скардзіліся, што пасля таго, як каля іх дома праводзілі добраўпарадкаванне, была сапсавана сістэма дажджавой каналізацыі, і цяпер у падвал дома пастаянна паступае вада. Да таго ж ля дома няма адмосткі, ля пад’ездаў – лавачак. Жыхары прасілі навесці парадак.
Разабрацца ў сітуацыі і даць адказ жыхарам А.Д. Кавалька даручыў начальніку РУП ЖКГ А.Б. Стурлісу.
Аляксандр Браніслававіч паведаміў, што спецыялістамі ЖКГ была абследавана дажджавая каналізацыя каля дома №63 па вуліцы Валадарскага. У выніку высветлены прычыны, якія парушылі яе нармальнае функцыянаванне, з-за чаго дажджавыя воды траплялі ў падвал дома. Па словах А.Б. Стурліса, гэтыя прычыны павінны былі быць ліквідаваны да 10 снежня.
Таксама ля пад’ездаў гэтага дома ўстаноўлены тры лавачкі.
А аднаўленне адмосткі будзе зроблена ў пачатку другога квартала наступнага года – калі для гэтага настануць спрыяльныя ўмовы надвор’я.


Ілья Ільіч Сымановіч, г.п. Астравец:
—Сам я жыву ў Астраўцы, але хачу звярнуцца на “Прамую лінію” ад імя сваёй цешчы, жыхаркі вёскі Жусіны Францішкі Канстанцінаўны Касажэўскай. Пасля звароту ў раённую газету старасты гэтай вёскі вулічнае асвятленне ў Жусінах было адноўлена, але толькі на цэнтральнай вуліцы. А ў вёсцы ж не адна, а тры вуліцы. Каля дома маёй цешчы лямпачка не гарыць, і адзінокая пажылая жанчына жаліцца, што баіцца знаходзіцца дома вечарамі. Да таго ж дрэва, што  стаіць насупраць яе дома, у ветранае надвор’е страшна рыпіць – здаецца, што зараз зваліцца. Ці можна з гэтым што-небудзь зрабіць?
Такое ўражанне, што пажылую жанчыну  палохала не столькі рыпучае дрэва і цемра на вуліцы, колькі ўласная адзінота. Дзеці, здаецца, гэта зразумелі: ва ўсякім выпадку, калі пытанне клапатлівага зяця І.І. Сымановіча было даслана на разгляд старшыні Кямелішкаўскага сельвыканкама В.У. Кошчычу, той у сваім адказе паведаміў, што цяпер у доме Францішкі Канстанцінаўны Касажэўскай ніхто не жыве: жанчыну забрала да сябе дачка з Астраўца.
Тым не менш С.У. Кошчыч паабяцаў, што асвятленне на гэтым участку ў вёсцы Жусіны будзе адноўлена. А вось дрэва, якое так палохала пажылую жанчыну, па словах кіраўніка мясцовай улады, аварыйным не з’яўляецца, і пілаваць яго няма патрэбы.


Эдуард Іванавіч Стэх, в. Рытань:
—Я часта наведваю лазню ў Астраўцы. І хацелася б даведацца, як рабілі парылку падчас яе рэканструкцыі? Камяні халодныя, а гарачыня ў парылцы стаіць несусветная. За кошт чаго там адбываецца цеплааддача?
На гэтае пытанне адказаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Мікалаевіч Аксютчык, які не толькі курыруе работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і сам з’яўляецца заядлым парыльшчыкам і пастаянным кліентам гарадской лазні.
—Шчыра кажучы, сэнсу гэтага пытання і гэтых прэтэнзій я не разумею. Цяпер парылка ў гарадской лазні стала нашмат больш прасторнай, утульнай, з нармальнай тэмпературай. Словам, сапраўднай парылкай, як у суседняй Смаргоні, пра лазню ў якой так любілі з захапленнем расказваць аматары пары, якім давялося там пабываць. Дарэчы, па прыкладу Смаргонскай рабілася рэканструкцыя і нашай лазні.  Мне неаднаразова даводзілася чуць падзякі за абноўленую парылку, у тым ліку і чытаць іх на старонках “Астравецкай праўды”. Так што Эдуард Іванавіч, мне здаецца, не зусім справядлівы ў сваіх прэтэнзіях.


Яніна Браніславаўна Лазарэвіч з пасёлка Альхоўка, а таксама жыхары вёскі Кямелішкі, а яшчэ раней – і  жыхары Міхалішак
у сваіх тэлефонных зваротах на “Прамую лінію” і ў рэдакцыю выказвалі неразуменне: чаму раней ксёндз праводзіў заняткі з дзецьмі ў школах – Альхоўскай, Кямелішкаўскай, Міхалішкаўскай, дзе цёпла і ўтульна, а цяпер  святару забаранілі гэта рабіць і яму даводзіцца працаваць з дзецьмі ў халодным Альхоўскім Доме культуры ці ў касцёле?
Адказаць на гэтае пытанне было даручана намесніку старшыні райвыканкама В.З. Свілу.
—Няправільным з’яўляецца не тое, што зараз забаранілі, а тое, што раней дапусцілі памылку і дазволілі.
Трэба ведаць, што ўся дзейнасць рэлігійных арганізацый рэгламентуецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”. У артыкуле 9 гэтага закона запісана літаральна наступнае: “Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых вучэбныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага належачыя ім і (ці) прадастаўленыя ў карыстанне памяшканні, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі.”
Такім чынам, праводзіць заняткі па рэлігійнай асвеце ў школах і іншых дзяржаўных установах адукацыі святары не маюць права па закону. Зрабіць гэта яны могуць у іншых памяшканнях. У дачыненні да гэтых канкрэтных пытанняў — у Альхоўскім і Кямелішкаўкім сельскіх Дамах культуры. На жаль, магчымасці прапанаваць для такіх заняткаў іншыя памяшканні, якія б адпавядалі патрабаванням закону, на сённяшні дзень няма.


Марыя Вікенцьеўна Вайцяховіч, в. Варняны:
—Восем гадоў назад я здала ў рамонт прыватнаму прадпрымальніку С.К. Букелю – ён тады яшчэ арандаваў памяшканне ў Доме быту — у рамонт пральную машыну “Аўрыка-77”. І ўсё не магу атрымаць яе назад – ні ў адрамантаваным выгялдзе, ні ў ранейшым. Можа, хоць старшыня райвыканкама дапаможа мне вярнуць маю маёмасць? Ці атрымаць маральную і матэрыяльную кампенсацыю за тое, што восем гадоў я, пажылая жанчына, была пазбаўлена сваёй памочніцы.
Разабрацца ў сітуацыі было даручана намесніку старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскаму.
—Мы звязаліся з індывідуальным прадпрымальнікам С.К. Букелем, які  займаецца рамонтам складанай бытавой тэхнікі, з нагоды звароту на “Прамую лінію” М.В. Вайцяховіч. Ён растлумачыў, што пральная машына “Аўрыка-77” – малдаўскай вытворчасці, такая мадэль даўно знята з вытворчасці, таму патрэбных для рамонту запчастак знайсці немагчыма. Прадпрымальнік вярнуў пральную машыну (неадрамантаваную), і яна была дастаўлена М.В. Вайцяховіч дахаты. А па кампенсацыю маральнага і матэрыяльнага ўрону мы параілі жанчыне звярнуцца ў суд.
Дарэчы, перш чым паступіў адказ ад Уладзіслава Станіслававіча, у рэдакцыю яшчэ раз патэлефанавала Марыя Вікенцьеўна – каб падзякаваць за такое аператыўнае вырашэнне пытання: восем гадоў яна не магла дабіцца, каб вярнулі яе маёмасць, а тут – не прайшло і тыдня, намеснік старшыні райвыканкама асабіста прывёз машыну дахаты.


Стараста вёскі Ліпкі Рэгіна Іосіфаўна Дрэма:
— Наша вёска абслугоўваецца аўталаўкай, якая павінна прыходзіць па графіку ў адпаведнасці з раскладам. Але так адбываецца не заўсёды: аўтамагазін часта спазняецца, і людзі вымушаны чакаць невядома колькі на холадзе. А 29 лістапада ўвогуле не дачакаліся: аўталаўка ў Ліпкі так і не прыйшла. Прашу  ад імя ўсіх жыхароў  адкрыць у іх вёсцы стацыянарны магазін, каб яе жыхарам не трэба было “прывязвацца” да нерэгулярнага раскладу прыходу аўталаўкі.
Высветліць усе абставіны гэтай сітуацыі і даць адказ жыхарам вёскі Ліпкі старшыня райвыканкама даручыў свайму намесніку У.С. Ластоўскаму.
—Вёска Ліпкі абслугоўваецца аўтамагазінам Астравецкага райспажыўтаварыства кожны тыдзень у панядзелак і чацвер з 10 да 11 гадзін і аўтамагазінам СВК “Варняны” ў нядзелю з 14 гадзін 20 хвілін.
Як паведамілі ў Астравецкім райспажыўтаварыстве, 29 лістапада аўталаўка не працавала па ўстаноўленаму графіку з-за няспраўнасці аўтамабіля. Праўленню райспажыўтаварыства было ўказана на недапушчальнасць паўтарэння падобных збояў у рабоце аўтамагазіна. Захаванне рэжыму работы і правілаў ажыццяўлення рознічнага гандлю аўтамагазінамі Астравецкага райспажыўтаварыства і іншых гандлёвых арганізацый ўзята на асаблівы кантроль раённым выканаўчым камітэтам.
 Адкрыццё ж стацыянарнага магазіна ў вёсцы Ліпкі пакуль не плануецца. Аднак просьба жыхароў будзе прынята да ўвагі пры пашырэнні гандлёвай сеткі арганізацыямі ўсіх сфер уласнасці.


Жыхары дома №8 па вуліцы Ленінскай г.п. Астравец звярнуліся на “Прамую лінію” з просьбай правесці ў іх дом гарачую ваду.
На пытанне адказваюць намеснік старшыні райвыканкама В.М. Аксютчык і начальнік РУП ЖКГ А.Б. Стурліс.
—Зрабіць гэта не так проста, бо праект дома ўвогуле не прадугледжвае гарачага водазабеспячэння. У наступным годзе будзе прапрацавана гэтае пытанне: як тэхнічна магчыма падаць гарачую ваду ў кватэры жыхароў дома №8 і які з праектаў найбольш выгадны і найменш працаёмісты. У любым выпадку гэта справа не аднаго дня, бо патрабуе вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і капітальнага рамонту дома.


Яніна Іванаўна Мальдзіс, вёска Задворнікі:
—Пасля таго, як у нашай вёсцы пабудавалі дарогу, наша падвор’е ўвесь час падтапляецца талай вадой у час веснавой паводкі,  летам і восенню – дажджамі. Пакуль мы з гаспадаром былі маладзейшыя, то неяк давалі рады гэтай бядзе, а цяпер няма ні сіл, ні здароўя змагацца са стыхіяй. Неаднаразовыя звароты ў Гудагайскі сельскі Савет ніякага выніку не далі. Можа, хоць вы дапаможаце?
Начальнік ДРБУ-159 Д.П. Куліна паведаміў, што сітуацыя ў вёсцы Задворнікі была вывучана з выездам на месца.
—Прадстаўнікі ДРБУ-159 сумесна з вядучым інжынерам УТН РУП “Белдарцэнтр” Г.А. Лукашэвічам выязджалі для абследавання месца ля дома №5 у вёсцы Задворнікі. Праблема падтаплення ўчастка пенсіянераў Мальдзісаў выявілася вясной гэтага года, раней скаргі не паступалі. Прынята рашэнне па ўкладцы на гэтым участку жалезабетоннай водапрапускной трубы. Цяпер ажыццяўляецца падрыхтоўка неабходнай дакументацыі. Работа будзе выканана ў 2011 годзе.


Галіна Іванаўна Грабоўская, жыхарка Астраўца:
—Доўгі час я ўзначальвала ветэранскую арганізацыю камбіната будаўнічых матэрыялаў. Але КБМ, як вядома, у 2009 годзе далучылі да жылкамунгаса, і нашы ветэраны – а гэта 22 чалавекі – засталіся “за бортам”: нікому няма да нас справы, ніхто не віншуе нас са святамі, не аказвае ніякай дапамогі. Хоць бы, як прыйдзе час, пахаваць дапамаглі…
Старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька, разглядаючы гэтае пытанне, папрасіў перадаць ветэранам камбіната будаўнічых матэрыялаў — і разам з тым усім іншым: ніхто з іх не будзе забыты і пакінуты. Каб гэтага не адбылося, прасочаць работнікі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.


Альфрэда Іванаўна Дэкостэр, жыхарка Астраўца:
—Хутка святы: Ражаство, Новы год. Усе людзі ў навагоднюю ноч на вуліцы. А вулічнае асвятленне ў нас, як вядома, выключаецца роўна ў 24 гадзіны. Ці можна зрабіць так, каб хоць на Новы год святло на вуліцах Астраўца гарэла ўсю ноч – гэты нюанс таксама, думаецца, паспрыяе святочнаму настрою, ды і для бяспекі жыхароў будзе не лішнім.
Намеснік  старшыні  райвыканкама В.М. Аксютчык, адказваючы на гэтае пытанне жыхаркі Астраўца, паведаміў, што выключэнне вулічнага асвятлення ў 24 гадзіны абумоўлена работай гадзіннага рэле, і паабяцаў вывучыць тэхнічныя магчымасці яго адключэння.
А начальнік РУП ЖКГ А.Б. Стурліс праз некалькі дзён дапоўніў гэты адказ: Аляксандр Браніслававіч паведаміў, што пасля вывучэння тэхнічнай дакументацыі  было вырашана, што не адключаць вулічнае асвятленне ў навагоднюю ноч цалкам магчыма.
А для таго, каб ілюмінацыя ў гэтую святочную ноч не гасла таксама і ў дварах, у жылым сектары Астраўца зараз праводзіцца рэвізія і пры неабходнасці – рамонт дваровага асвятлення – з тым, каб у навагоднюю ноч яно працавала на ўсю магутнасць.


Іван Браніслававіч Янковіч, жыхар вёскі Нідзяны:
— У нашай вёсцы ліхтары гараць, але толькі да магазіна. А далей няма ні дарогі, ні святла. Ці можна дапамагчы жыхарам вёскі ў вырашэнні гэтай праблемы?
Старшыня Варнянскага сельскага Савета, на тэрыторыі якога і знаходзіцца вёска Нідзяны, М.З. Шыманец, якой было даручана разабрацца з гэтай праблемай, паведаміла наступнае:
—Вулічнае асвятленне ў вёсцы Нідзяны адпавядае зацверджаным сацыяльным стандартам. Але калі існуе такая неабходнасць, і людзі звяртаюцца на “Прамую лінію” да старшыні райвыканкама – да канца бягучага года ў гэтай вёсцы будуць  устаноўлены два дадатковыя ліхтары.
А рамонтныя работы на ўказанай дарозе, трэба думаць, ужо праведзены: старшыня сельвыканкама паведамляла ў сваім адказе, што дарога, пра якую гаварыў І.Б. Янковіч, будзе адрамантавана да 11 снежня.


Міхайлоўская Лілія Браніславаўна, вёска Варона:
—Хацелася б даведацца, ці плануецца газіфікацыя нашай вёскі і калі мы дачакаемся такога шчасця?
Адказаць на гэта пытанне было даручана начальніку ВУ “Астравецрайгаз” М.Н. Ігнатовіч:
—Перспектыўным планам падводзячых газаправодаў да аграгарадкоў на 2011-2015 гады па Гродзенскай вобласці прадугледжана будаўніцтва падводзячага газаправода для газіфікацыі прыродным газам жылой і вытворчай зоны вёскі Трокенікі ў 2013 годзе – гэта першая чарга. Другая чарга – гэта будаўніцтва падводзячага газаправода для газіфікацыі вёскі Варона, якое запланавана на 2014 год. А гэта дасць магчымасць у далейшым газіфікаваць і жылы фонд вёскі ва ўстаноўленым парадку.


Іосіф Станіслававіч Казакевіч, вёска Варона:
—Хацелася б даведацца, калі ў нашай вёсцы з’явіцца высокахуткасны інтэрнэт і тэлебачанне ZALA?
Растлумачыць сітуацыю жыхару вёскі Варона было даручана начальніку Астравецкага РУЭС М.У. Хіневічу:
—У цяперашні час праводзяцца мантажна-настроечныя работы па замене абсталявання шырокапалоснага доступу на АТС Варона, якія будуць закончаны ў снежні 2010 года. Падключэнне абанентаў паслуг высокахуткаснага інтэрнэту byfly і тэлебачання ZALA плануецца з пачатку студзеня наступнага года. Кожны абанент, які падаў заяўку на падключэнне паслугі ZALA і byfly, будзе асабіста праінфармаваны аб магчымасці заключэння дагавору.


Таццяна Казіміраўна Пліско, жыхарка вёскі Заборцы:
—Мой муж працуе паляводам у СВК “Міхалішкі”. Мы выхоўваем дваіх дзяцей –  старэйшаму 2,5 года, малодшаму – паўгода, цяпер чакаем трэцяе дзіця. Жывем у чужым доме. Свайго жылля ў нас няма. Просім праўленне СВК “Міхалішкі” выдзеліць нам якое-небудзь жыллё, хоць бы не новае.
Старшыня СВК “Міхалішкі” А.І. Чаплінскі, якому было даручана разабрацца ў сітуацыі і даць адказ, паведаміў наступнае:
—Юрый Мікалаевіч Пліско працуе ў СВК “Міхалішкі” паляводам вытворчай брыгады №1 з 12 ліпеня 2010 года. З пісьмовай заявай у праўленне кааператыву аб пастаноўцы на ўлік сямей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ён не звяртаўся і неабходных дакументаў не прадстаўляў. Пагэтаму грамадзяніну Пліско трэба перш за ўсё звярнуцца ў праўленне СВК ці ў Міхалішкаўскі сельвыканкам з усімі неабходнымі дакументамі для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў – існуе пэўны, устаноўлены законам, парадак прадастаўлення жылля.


Дарэчы сказаць, такі выпадак, калі людзі звяртаюцца на “Прамую лінію” да старшыні райвыканкама, нават не паспрабаваўшы вырашыць пытанне звычайным парадкам, не адзінкавы.
Да прыкладу, у той жа дзень на “Прамую лінію” патэлефанавала жыхарка вёскі Ліпкі Тарэса Станіславаўна Лянкоўская, якая скардзілася, што нідзе не можа купіць дровы – ні ў лясгасе, ні райпалівазбыце.
Але, як высветлілася падчас разбіральніцтва з гэтым пытаннем, нікуды – ні ў лясгас, ні ў райпалівазбыт – жанчына і не звярталася, афіцыйнай заяўкі на паліва не пакідала. Пасля звароту на “Прамую лінію” дровы з райпалівазбыту жанчыне былі завезены – праўда, яна папярэдне прыехала і праверыла, ці належнай яны якасці, і толькі потым дазволіла задаволіць яе просьбу.


Як бачна, пытанняў на “Прамую лінію” паступіла шмат. І практычна ўсе яны былі вырашаны. Але і да грамадзян хочацца звярнуцца з просьбай: перш чым звяртацца да старшыні райвыканкама, магчыма, трэба паспрабаваць вырашыць сваё пытанне ў звычайным парадку. І толькі калі гэта не атрымліваецца, ставіць праблему на больш высокім узроўні.


На “Прамой лініі” дзяжурыла Ніна РЫБІК.