Тыдзень postfactum: кастрычнік... Пацяплела! А месцамі – нават горача

14:51 / 19.10.2010
Новы праект “Астравецкай праўды”

У  імклівай кругаверці часу дзень мінае за днём: толькі ўчора, здаецца, быў панядзелак, а сёння ўжо – пятніца… І кожны з іх насычаны нейкімі падзеямі, з’явамі, клопатамі. Якія толькі тады маюць значэнне, калі пакідаюць след у нашай душы, маюць пэўнае эмацыянальнае ўздзеянне. І якія ў мітусні паўсядзённасці не заўсёды асэнсоўваюцца і застаюцца ў памяці….
З тым, каб на нейкі момант спыніць імгненні адышоўшага ўжо тыдня, узгадаць найбольш значныя з іх, пераасэнсаваць іх, прааналізаваць, выказаць асабістае меркаванне пра тыя ці іншыя з’явы грамадскага жыцця ў краіне, раёне, свеце, “Астравецкая праўда” адкрывае новы праект – “Тыдзень postfaсtum”. У якім журналісты плануюць самі аналізаваць падзеі адыходзячага тыдня ці запрашаць на ролю “экспертаў” вядомых у раёне людзей.
Спадзяемся, што нашым чытачам новы праект прыйдзецца даспадобы, і многія з іх таксама захочуць выказаць свае меркаванне пра падзеі, якія адбыліся ў краіне, у нашым раёне, у іх асабістым жыцці — такую ініцыятыву мы будзем толькі вітаць!

А пакуль першы “Тыдзень postfaсtum” вачамі нашага галоўнага рэдактара Ніны Рыбік.

Кастрычнік… Пацяплела! А месцамі – нават горача

Мінулы тыдзень я правяла ў Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі. І стала міжвольнай сведкай гарачай палітычнай барацьбы, якая разгортваецца на сталічных вуліцах у рамках стартаваўшай кампаніі па выбарах прэзідэнта. Гэта ў нас, у правінцыі, збор подпісаў у падтрымку будучых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта праходзіць досыць спакойна і незаўважна, а ў Мінску на кожным больш-менш ажыўленым “пятачку” стаяць пікеты. Над адным развяваецца сцяг Еўрасаюза, у другім месцы – бел-чырвона-белы, у трэцім – наш, дзяржаўны чырвона-зялёны… Паўсюль маляўнічыя плакаты з партрэтамі кандыдатаў… Хлопцы і дзяўчаты ў спецыяльнай уніформе – у кожнага кандыдата свая – спыняюць прахожых воклічамі: “Падпішыцеся за нашага кандыдата!” Прозвішчы іх, на жаль, мала каму вядомыя...
У гэтым сэнсе паказальная гутарка адбылася ў мяне з адным знаёмым па першых гадах працы ў журналістыцы калегам.
—Ты за каго збіраешся галасаваць на выбарах? – пацікавіўся ён услед за традыцыйнымі ў такіх выпадках пытаннямі пра работу, сям’ю, агульных знаёмых.
—А ты лічыш, што сярод прэтэндэнтаў ёсць дастойная альтэрнатыва сённяшняму кіраўніку дзяржавы?
—А што? Ды вось гэты, як яго… Колішні намеснік міністра замежных спраў, прозвішча на «С» пачынаецца…
І пераглянуўшыся, мы абодва рассмяяліся. Што і казаць, дастойны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, калі нават патэнцыяльныя прыхільнікі не памятаюць яго прозвішча – што ўжо казаць пра шырокія слаі насельніцтва!
Найбольш пікетаў (у ажыўленых месцах – праз кожны дзесятак метраў) я заўважыла ў падтрымку паэта Уладзіміра Някляева. Падыходзілі людзі і да партрэта таго самага кандыдата “на “С” – Саннікава. Рыгор Кастусёў, прэтэндэнт на званне кандыдата ад партыі БНФ (кандыдатам ён, як і астатнія, стане толькі пасля таго, як члены яго ініцыятыўнай групы збяруць сто тысяч подпісаў, а гэта не так проста), у некаторых месцах асабіста кантраляваў працу сваіх памочнікаў і цікавіўся думкай народа. Мая брэсцкая калега з уласцівай ёй прамалінейнасцю падышла і выказала яму сваю думку, прычым на чыстай беларускай мове – прэтэндэнту такая шчырасць чамусьці не спадабалася…
Шматлікія прозвішчы на іншых, больш малалікіх пікетах, я нават не запомніла… Але калейдаскоп рознакаляровых сцягаў паўстае перад вачыма, калі я ўзгадваю мінулы тыдзень, праведзены ў Мінску.
А вярнуўшыся дамоў, шчыра парадавалася разам з усімі сваімі землякамі галоўнай навіне тыдня: у кватэрах – адначасова са сталіцай! – ужо ўключылі ацяпленне. У дамы прыйшло добрае цяпло, а з ім — і такі ж настрой. Бо, пагадзіцеся, ні нармальна жыць, ні плённа працаваць, калоцячыся ад холаду, немагчыма.
Цудоўна, што сёлета з уключэннем ацяплення моцна не зацягвалі, як здаралася ў папярэднія гады. Я дык ніколі не магу зразумець гэтых штовосеньскіх затрымак і пры гэтым – спасылак на неабходнасць эканоміі энергарэсурсаў. Калі паліва на кацельнях пры гэтым і эканоміцца, дык ідзе перарасход электрычнай энергіі, газу, гарачай вады – кожны грэецца, як умее. І я, адвечная мярзлячка, пестую запаветную мару, што некалі і ў нас падключэнне цяпла перастане быць галоўнай навіной тыдня з першых палос газет, а ўключаць яго зможа самастойна кожны жадаючы, павярнуўшы кранік у сваёй кватэры. І гэткім жа чынам рэгуляваць колькасць цяпла – як робяць гэта ўсе людзі ў цывілізаваным свеце, павялічваючы ці змяншаючы колькасць спажываемага цяпла ў адпаведнасці са змесцівам свайго кашалька і разумнымі патрэбамі сям’і…
Але, на жаль, нам пра гэта пакуль застаецца толькі марыць ды кожную восень чакаць, калі камунальнікам “дадуць дабро” на цяпло. Хоць, зрэшты, навучыліся ж мы эканоміць ваду, і лічыльнікі яе сталі звыклай з’явай у кожнай кватэры – можа, дойдзе чарга і да цяпла?
А яшчэ мінулы тыдзень парадаваў цёплымі сонечнымі, ласкавымі, сапраўды залатымі кастрычніцкімі дзянькамі – сіноптыкі папярэджваюць, што практычна апошнімі, бо з сярэдзіны тыдня чакаецца рэзкае пахаладанне…


Ніна РЫБІК.