Урачысты прыём шматдзетных маці адбыўся ў райвыканкаме

15:22 / 18.10.2010

14 кастрычніка па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці. Да свята ўсе шматдзетныя мамы нашай рэспублікі атрымалі віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.


У Дзень маці ва ўсіх абласных і раённых выканаўчых камітэтах прайшлі ўрачыстыя прыёмы кіраўніцтвам рэгіёнаў шматдзетных маці.
Па добрай традыцыі, якой ўжо некалькі гадоў, адбылася такая сустрэча і ў нашым раёне. На прыём у райвыканкам былі запрошаны дзесяць шматдзетных мамаў з Астраўца і вёсак, у сем’ях якіх выхоўваецца ад трох да шасці дзяцей.
З самага пачатку вядучая ўрачыстага пасяджэння, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Вольга Клімчэня пазнаёміла ўсіх сабраўшыхся з мамамі і кожнай з іх прысвяціла некалькі слоў.
Таццяна Альбертаўна Урбановіч нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей. Старэйшая дачка ў гэтым годзе стала студэнткай каледжа, малодшыя дзеці таксама радуюць маму.
Данута Сцяпанаўна Марцінкевіч – мама пецярых дзяцей, а разам з гэтым яна – высокакваліфікаваны педагог, намеснік дырэктара Кямелішкаўскай школы.
У Аксаны Зянонаўны Гродзь незвычайная прафесія. Яна – мама, якая выхоўвае шасцёра дзяцей, двое з якіх – прыёмныя. І яе любові і цеплыні хапае на ўсіх.
Эла Валер’еўна Корань – таксама мама шасці дзяцей. А яшчэ гэтая жанчына, якая выстаяла ў цяжкіх сітуацыях і не страціла веру ў людзей і аптымізм. Матчына любоў – вялікая сіла, і яе жанчына аддае не толькі ўласным,  але і прыёмнаму дзіцяці.
Валянціна Станіславаўна Мадэкша – прадавец ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” і мама пецярых дзяцей. Усё сваё жыццё яна прысвяціла дзецям, і цяпер па праву можа ганарыцца імі і іх поспехамі.
Маці траіх дзяцей Наталлю Іванаўну Івашка, акушэра-гінеколага Астравецкай бальніцы, без сумнення можна назваць другой мамай соцень нованароджаных грамадзян нашага раёна. Менавіта яна дапамагае з’явіцца на свет маленькім дзеткам і добра сябе адчуваць іх мамам.
Ветлівая, працавітая, добразычлівая Інэса Чаславаўна Карпіцкая – мама пецярых дзяцей, якая знайшла ў сабе вялікі патэнцыял мацярынскай любові і дабрыні не толькі для сваіх дваіх дзяцей, але і рашылася даць ўсё гэта траім прыёмным.
Гражына Альгірдаўна Мінкевіч працуе на камбінаце кааператыўнай прамысловасці і выхоўвае траіх сыноў. І, як любая жанчына-маці, марыць, што яе сыны стануць сапраўднымі мужчынамі – добрымі, працавітымі, любячымі. Сёлета малодшы сын Гражыны Альгірдаўны стаў першакласнікам.
Гэлена Антонаўна Валейка – мама траіх дзяцей, якая ўсю сваю ласку, цярпенне, разуменне і клопат аддавала і аддае толькі ім – і нездарма. Дзеці выраслі добрымі, працавітымі і спагадлівымі.
Для дзіцяці няма нічога даражэй, чым цеплыня і добрыя вочы роднай матулі. І трое дзяцей Інны Станіславаўны Кузьміцкай сагрэты цяплом мацярынскіх рук і матчынай душы.
Пасля знаёмства з маці, якія прысутнічалі на ўрачыстым пасяджэнні, словы ўдзячнасці жанчынам, тры з якіх узнагароджаны Ордэнам маці, выказалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, старшыня праўлення раённага савета жанчын Ірына Баляславаўна Шляхтун, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Часлава Эдвардаўна Кандратовіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч. А пасля ўручылі ўсім матулям кветкі і падарункі.
Тут жа адбыўся і прэм’ерны паказ відэафільма “Астравеччына. Пачатак”, а потым мамы мелі магчымасць задаць цікавячыя іх пытанні кіраўніцтву раёна. Размова ішла пра будучыню Астраўца, пра дэмаграфічную сітуацыю ў раёне і працаўладкаванне.
Ад імя ўсіх мам словы ўдзячнасці за цёплы прыём выказала Наталля Іванаўна Івашка. Напрыканцы сустрэчы ўсе госці і арганізатары свята зрабілі агульны фотаздымак.



А пасля была закладзена яшчэ адна добрая традыцыя – па ініцыятыве тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва ўсе шматдзетныя мамы, запрошаныя на прыём, пакінулі свае подпісы на абразе “Сэрца Божай Маці”, які ўручылі Адаму Дзмітрыевічу Кавалька на памяць аб сустрэчы.
Быць шматдзетнай маці – гэта вялікая справа і сапраўдны подзвіг. А разам з тым – і вялікае шчасце. І з гэтым пагадзіліся ўсе прысутныя.
А потым усе накіраваліся ў кінаканцэртную залу “Астравец” на музычную праграму, падрыхтаваную работнікамі культуры.


Алена ЯРАШЭВІЧ.