Подведены итоги социально-экономического развития Островецкого района

08:13 / 05.11.2016
ostrovets_rikВынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Астравецкага раёна і выканання бюджэту за дзевяць месяцаў года былі разгледжаны на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло напрыканцы кастрычніка пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама Руслана Мікалаевіча Сачко і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук з удзелам старшыні Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Святланы Валер’еўны Сівірчуковай.

Намеснік старшыні райвыканкама Павел Віктаравіч Мілешка, які выступіў з інфармацыяй па першым пытанні, зазначыў, што за дзевяць месяцаў года забяспечана станоўчая дынаміка па большасці параметраў заданняў і прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Выкананы асноўныя паказчыкі работы па экспарту тавараў, аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал за кошт замежных крыніц (без уліку Беларускай атамнай электрастанцыі, колькасці працаўладкаваных грамадзян на новаствораныя  працоўныя месцы. Таксама выканана заданне па вытворчасці прамысловай прадукцыі, пасажыраабароту, аб’ёму будаўніча-мантажных работ.

Аднак ёсць і праблемныя моманты. Раён не выконвае паказчыкі па экспарту паслуг, прамых замежных інвестыцыях, валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічнаму тавараабароту цераз усе каналы рэалізацыі, грузаабароту.

Павел Віктаравіч у сваім выступленні прааналізаваў дзейнасць усіх галін гаспадаркі. У прыватнасці, ён зазначыў, што вытворчасць валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склала толькі 87,9 працэнта да ўзроўню 2015 года пры заданні 102,6 працэнта. Пераўзышоў мінулагодні рубеж у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі толькі СВК “Гудагай”, дзе гэты паказчык склаў 101,5 працэнта. Усе іншыя гаспадаркі істотна зменшылі аб’ём вытворчасці: у СВК “Варняны” атрымана прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам 78,1 працэнта, у СВК “Гервяты” – 90,8, СВК “Міхалішкі” – 91,4, саўгасе “Падольскі” – 77,8 працэнта.

Асноўная прычына невыканання задання па вытворчасці валавой прадукцыі крыецца ў недаборы збожжа: сёлета валавы збор яго склаў толькі 49,5 тысячы тон – а гэта амаль напалову менш, чым у мінулым годзе. Ураджайнасць у бункернай вазе склала 29,7 цэнтнера з гектара, што менш леташняй на 22,1 цэнтнера. Зніжэнне ўраджайнасці і валавога збору зерня адбылося ва ўсіх без выключэння гаспадарках.

“Падсаладзіць пілюлю” аграрнікам можа добры ўраджай цукровых буракоў: па прагнозах, іх ураджай удвая перавысіць леташні. Але недабор збожжа гэты поспех не кампенсуе.

Кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне нарыхтавана 25,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, у тым ліку травяністых –18,7 цэнтнера. Па стане на 1 кастрычніка ў раёне нарыхтавана 3,4 тысячы тон сена, 99,7 тысяч тон сенажу, 49,6 тон сіласу.

Жывёлагадоўля тры кварталы года завяршыла з “плюсам”. Вытворчасць малака склала 45,9 тысячы тон – на 1,8 тысячы тон, ці на 4 працэнты вышэй узроўню мінулага года. На перапрацоўку адпраўлена 40,7 тысячы тон малака, з іх 67,2 працэнта – сортам “экстра” і вышэйшым. Надой малака ад каровы за 9 месяцаў склаў 4482 кілаграмы – на 121 кілаграм больш, чым у 2015 годзе. Рост прадуктыўнасці дасягнуты ў чатырох гаспадарках з пяці, найбольш значны – 438 кілаграмаў – у СВК “Гудагай”. Мінусуе толькі саўгас “Падольскі”.

На 3,4 працэнта да ўзроўню мінулага года павялічыліся і валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы. Сярэднесутачныя прывагі сёлета атрымліваюць большыя, чым летась, у СВК “Гервяты” і ў СВК “Гудагай”.

Значную ўвагу ў сваім выступленні Павел Віктаравіч удзяліў выкананню іншых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Ён зазначыў, што экспарт тавараў за студзень-жнівень склаў 805,6 тысячы долараў США – 145,8 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Асноўнымі краінамі экспарту з’яўляецца Расія (18,9 працэнта ад агульнага аб’ёму экспарту), Літва (42,3 працэнта), Германія (25,0 працэнта). Павел Віктаравіч адзначыў, што ў гэтым годзе знізіўся аб’ем экспарту ў Расію і павялічыўся – у Літву і Германію.

Экспарт паслуг за студзень-верасень склаў 9,0 мільёна долараў ЗША, без уліку рэспубліканскіх прадпрыемстваў – 2,0 мільёна долараў ЗША – гэта 91,4 працэнта да ўзроўню папярэдняга года пры прагнозе 107 працэнтаў.

У першым паўгоддзі усімі арганізацыямі раёна выкарыстана 897,4 мільёна рублёў інвестыцыйных рэсурсаў (тэмп росту ў супастаўных цэнах да 2015 года – 170,6 працэнта), у тым ліку па арганізацыях камунальнай формы ўласнасці – 28,6 мільёна рублёў. У агульным аб’ёме інвестыцый 29,8 працэнта складаюць будаўніча-мантажныя работы, 42,4 працэнта – машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі, 10,5 працэнта – іншыя работы і затраты.

Вытворчасць прамысловай прадукцыі за 9 месяцаў склала 111,9 працэнта пры заданні 105,7.

За дзевяць месяцаў насельніцтву раёна было рэалізавана тавараў  на суму 57,3 мільёна рублёў – 97,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года пры заданні 101,0 працэнта. Зніжэнне рознічнага тавараабароту дапусціў Астравецкі філіял Гродненскага аблспажыўтаварыства – 91,3 працэнта, “Гроднаабнафтапрадукт” – 78 працэнтаў, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі, што гандлююць на рынку.

У сваім выступленні Павел Віктаравіч Мілешка падрабязна прааналізаваў сітуацыю ва ўсіх галінах сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. А прынятае па гэтым пытанні разгорнутае рашэнне абедзвюх галін улады – раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў – нацэльвае ўсе суб’екты гаспадарання на тое, каб да канца года выправіць становішча на праблемных прадпрыемствах, у гаспадарках і ўстановах і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў.

Дэпутатамі раённага Савета і членамі райвыканкама была дэталёва прааналізавана і сітуацыя з выкананнем бюджэту Астравецкага раёна за студзень-верасень і фінансавання планавых бюджэтных расходаў – з інфармацыяй па гэтым пытанні выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Яніна Вікенцьеўна Кірэева. Прынятае па гэтым пытанні рашэнне патрабуе строгай эканоміі бюджэтных сродкаў і атрымання дадатковых даходаў.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.