Члены Островецкого райисполкома и депутаты во время субботника посадили лес
Члены раённага выканаўчага камітэта на чале з Ігарам Яраслававічам Шалудзіным, дэпутаты, у тым ліку член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалька, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі райвыканкама ў дзень рэспубліканскага суботніка вырашылі адгукнуцца на заклік Міністэрства лясной гаспадаркі і, завяршаючы тыдзень лесу, талакой выйшлі на пасадку дрэў.
Сімвалічна, што некаторыя прыехалі з дзецьмі: Дзіма і Мікіта Зелянко, адзін – больш ахвотна, а другі, па ўласным прызнанні, – без асаблівага энтузіязму адгукнуліся на прапанову бацькі, намесніка старшыні райвыканкама Віктара Мікалаевіча Зелянко пасадзіць сваё дрэўца. Але ўжо праз некалькі хвілін работы цяжка было сказаць, хто рваўся садзіць лес, а хто марыў даўжэй паспаць: абодва акуратна апускалі ў лункі кволыя саджанцы і старанна прыціскалі зямлю каля іх.
На пяцігектарным полі за вёскай Задворнікі, перададзеным лясгасу мясцовай сельгасагранізацыяй, ужо спецыяльных барознах ужо зелянеюць саджанцы елкі, нясмела распускаюць лісточкі тоненькія дубчыкі бярозак. А ў дзень суботніка яго ўдзельнікі садзілі вырашчаныя ў лясгасаўскім гадавальніку саджанцы сасны: па словах дырэктара лясгаса, дэпутата абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, вучоныя даказалі, што змешаныя лясы найбольш устойлівыя да шкоднікаў і хвароб, яны здаравейшыя і прыгажэйшыя.
…Хоць лесаводы перад пачаткам работы і прадэманстравалі новыя, больш тэхналагічныя прылады пасадкі лесу, для нас гэта пакуль – заўтрашні дзень. А сённяшні – стары добры меч колесава: мужчыны робяць з яго дапамогай лунку, жанчыны апускаюць у яе тоненькі саджанец, які тут жа прыгортваецца зямлёй і абтоптваецца… Усё! Расці, дрэўца.
– Колькі дрэў я пасадзіў за сваё жыццё? – змахнуўшы пот з ілба, перапытвае дэпутат парламента Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Не скажу – палічыць гэта немагчыма: практычна кожны год я ўдзельнічаю у падобных акцыях. Лес – наша багацце, пра гэта можна гаварыць нават на прыкладзе Астравецкага раёна, 47 працэнтаў плошчы якога заняты лесам. Ён – не толькі прыгажосць нашай роднай Беларусі, але і важная эканамічная падспор’е. Таму аднаўленнем лесу, канешне ж, трэба займацца, гэта – справа гонару кожнага патрыёта сваёй Айчыны. З гэтых саджанцаў, якія мы сёння пасадзілі, паўнацэннае дрэва вырасце толькі праз сто гадоў – і калі не займацца мэтанакіравана і планамерна аднаўленнем, то вельмі хутка можна страціць багацце, падараванае нам прыродай.
…Можа, і праз сто гадоў, а праз трыццаць-сорак дакладна Дзіма і Мікіта Зелянко змогуць прыехаць у гэты лес са сваімі дзецьмі і з гонарам сказаць ім: “Гэты лес садзілі мы з братам разам са сваім бацькам”. Гэта і ёсць добры след на зямлі, пакінуты для сваіх нашчадкаў і сваёй малой радзімы…