День сельисполкома прошел на базе Гудогайского сельсовета

16:43 / 11.07.2017

Дні сельвыканкама трывала ўвайшлі ў практыку работы мясцовай улады. Яны дазваляюць на прыкладзе аднаго сельскага Савета паглядзець практыку работы ўсіх устаноў і арганізацый, што забяспечваюць жыццядзейнасць мясцовага насельніцтва, выявіць праблемы і намеціць шляхі іх вырашэння. Апошні такі дзень прайшоў на базе аднаго з буйнейшых сельсаветаў – Гудагайскага. Узначалілі яго работу старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Яраслававіч Шалудзін і раённага Савета дэпутатаў Ірыну Эдуардаўну Тальчук.

sispolkom1.jpg

Культура

З установамі культуры Гудагайскага сельсавета ўдзельнікі сельвыканкама знаёміліся ў Доме культуры аграгарадка Малі, які разам са сваім Гудагайскім «сабратам» уваходзіць у цэнтр культуры і вольнага часу пасёлка Гудагай. Тут прадставілі свае творчыя здабыткі абодва Дамы культуры. Гудагайскі хоць і быў пэўны час зачынены на рамонт, але, па словах яго загадчыцы Яўгеніі Шаптун, гэта ўважлівая прычына – не нагода не працаваць: работнікі культуры пайшлі «ў масы»: яны выязджаюць з канцэртамі ў суседнія вёскі, арганізоўваюць святы на ўлонні прыроды – для творчага чалавека сцены і сцэна не з’яўляюцца галоўнымі атрыбутамі працы.

sispolkom2.jpg

Аляксандр Іванавіч Марозаў, які «камандуе парадам» у Мальскім доме культуры, узяў «на ўзбаренне» тое, што яму бліжэй – паэтычную творчасць: да гэтага Дома культуры «пры­пісана» літаратурнае аб’яд­нанне «Астравецкай зям­лі галасы». Але не паэзіяй адзінай… Паспяхова тут працуюць гурткі «Мы малюем», «Юны следапыт», «Кінаман» і іншыя. А брэндам гэтай установы можна лічыць дзейнасць аматарскага аб’яднання «Свая гульня» – хоць створана яно было даўно і без удзелу работнікаў культуры, але знайшло ўтульную прыпіску пад дахам гэтага Дома культуры: тут штомесяц збіраюцца інтэлектуалы не толькі з нашага раёна, але і з суседніх.

 sispolkom3.jpg

Гандаль

Найбольш шырока падчас дня сельвыканкама былі прадстаўлены аб’екты гандлю, прычым у розных канкурыруючых напрамках.

У Малях госці пазнаёміліся з работай магазіна КСУП «Гудагай» – асноўнай яго перавагай з’яўляецца тое, што працаўнікі гаспадаркі тут могуць узяць прадукты ў лік зарплаты.

Гудагайскае кафэ «Лаванда» – не толькі месца правядзення мясцовымі жыхарамі сямейных урачыстасцей, яго эканоміку ў многім вызначае харчаванне будаўнікоў Беларускай АЭС. Але, па словах старшыні райспажыўтаварыства Аляк­сея Васільевіча Ва­­сілье­ва, кліенты паступова адмаў­ляюцца ад гарачых абедаў – і ка­аператарам трэба думаць, чым кампенса­ваць непазбежныя страты.

Магазін «Родны кут» таксама прайграе ў канкурэнтнай барацьбе прыватнай «АнаСтасіі» – і справа, напэўна, не толькі ў тым, што «за пераездам» жыве большая частка насельніцтва пасёлка, якой зручней наведаць апошні магазін: як упэўніліся ўдзельнікі дня сельвыканкама, у «АнаСтасіі» і асартымент больш разнастайны, і час работы зручнейшы.

Дзіўна, але пры такой канкурэнцыі знаходзяць сваю «нішу» і комплексны прыёмны пункт, і паштовае аддзяленне, якое займаецца не толькі аказаннем традыцыйных паслуг, але і гандлюе таварамі першай неабходнасці, кіруючыся ня­зменным прынцыпам: «хоць на капейку, ды танней». Праўда, удзельнікі дня сельвыканкама, якія вырашылі праверыць, ці так гэта і параўналі цану на кілаграм цукру ва ўсіх наведаных гандлёвых кропках, прыйшлі да высновы, што самы танны салодкі прадукт усё ж у «Родным куце».

Адукацыя

была прадстаўлена Гудагайскай сярэдняй школай, а тая, у сваю чаргу, – сваёй адмецінкай – школьным музеем, экспазіцыі якога мог бы пазайздросціць і раённы. Тут сабраны і сістэматызаваны шматпланавыя звесткі пра зямлю гудагайскую і яе людзей. І ўсё гэта – дзякуючы нястомнай працы яго стваральніка і захавальніка Марыі Карлаўны Васілёнак, якая, не шкадуючы ні сіл, ні часу, вядзе вялікую даследчую і пошукавую работу – і, што самае галоўнае, прыцягвае да яе сваіх вучняў.

sispolkom4.jpg

sispolkom5.jpg

sispolkom6.jpg

Ахова мяжы

Гудагайскі сельскі Савет адметны тым, што тут сканцэнтравана  ажно чатыры «апорныя пункты» пагранічнікаў: пагранічныя заставы «Гудагай» і «Лоша», чыгуначны пераход на станцыі «Гудагай» і нядаўна набыўшы статус міжнароднага пункт пропуску «Лоша». Чаго больш – карысці ці праблем? – прыносіць цеснае суседства мясцовага насельніцтва з людзьмі ў пагранічнай форме – пытанне з разраду рытарычных.

Аб тым, як жыве і дзейнічае пагранічная застава «Гудагай», расказаў і паказаў яе камандзір Кірыл Рагавы. Дзе жывуць воіны-пагранічнікі, як яны харчуюцца і адпачываюць – адказы на ўсе гэтыя пытанні можна было атрымаць пры наведванні пагранкамендатуры.

Але найбольш кіраўнікоў мясцовых органаў улады цікавілі асаблівасці жыцця мясцовага на­сельніцтва, якое воляй лёсу апынулася ў непасрэднай блізкасці ад Дзяржаўнай мяжы – пытанняў тут шмат, і да гэтай тэмы ў чарговы раз вырашана вярнуцца на старонках і ў відэарэпартажах раённых СМІ, што называецца, выпісвайце, чытайце, глядзіце…

Вынікі

Падводзячы вынікі работы дня сельвыканкама, Ігар Яраслававіч Шалудзін прапанаваў калегам і гас­падыні тэрыторыі – Марыі Іва­наўне Безляповіч не толькі выказаць сваё меркаванне пра ўбачанае, але і падзяліцца наба­лелымі пытаннямі. Некаторыя, у прыватнасці старшыня Варнянскага сельскага Савета Аляксандр Часлававіч Вярбовіч, Міхаліш­каў­скага – Віталь Іванавіч Івашкевіч, скарысталіся гэтай прапановай.

Нямала праблемных пытан­няў узняў падчас гутаркі стараста вёскі Палушы Віктар Ста­ніслававіч Карповіч: рамонт Кастрычніцкай вуліцы ў гэтым аграгарадку, лёс будынка коліш­няй сталовай, які пустуе і разбураецца, тое, што аўтобус цераз Палушы на Градаўшчызну ходзіць толькі раз на ты­дзень – а значыць, жыхарам сельсавета цяжка дабрацца да мясцовай адміністрацыі, каб вырашыць свае пытанні.

Падвядзенне вынікаў работы дня сельвыканкама ператварылася ў адкрыты дыялог аб тым, што хвалюе сельскіх жыхароў і кіраўнікоў органаў мясцовай улады. А хвалюе іх многае: гэта і вулічнае асвятленне, і работа комплексна-прыёмных пунктаў, і неабходнасць стварэння ўчаст­каў жыллёва-камунальнай гас­па­дар­кі для падтрымання парадку на тэрыторыі населеных пунктаў.

Меркаванне

– Мы павінны забыць гэты выраз – «неперспектыўная вёска», – сказала, падводзячы вынік размовы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Усе населеныя пункты, дзе жывуць нашы людзі, павінны быць перспектыўнымі, усім мы павінны забяспечыць неабходны ўзровень жыцця.

Гэтаму садзейнічае ў тым ліку і правядзенне падобных дзён сельвыканкама, якія становяцца не толькі аглядам пэўнай тэрыторыі і дзейнічаючых там устаноў і арганізацый, але і магчымасцю абмеркаваць злабадзённыя пытанні.

Ніна РЫБІК, фота аўтара.

ostrov-red.rybik@tut.by

Текст: Нина Рыбик