Адам Ковалько: "Я не прощаюсь. Я остаюсь в районе"

14:31 / 25.10.2016
%d0%ba%d0%be%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d0%ba%d0%be-%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%89%d0%b0%d0%bd%d0%b8%d0%b5Як вядома, на парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў нашай краіне 11 верасня, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Смаргонскай выбарчай акругі №59, у склад якой уваходзіць і Астравецкі раён, быў абраны старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.

Дэпутаты працуюць у парламенце на пастаяннай аснове – але да канца мінулага тыдня Адам Дзмітрыевіч сумяшчаў дэпутацкую дзейнасць і выкананне абавязкаў кіраўніка раённай улады. І толькі пасля таго, як Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка даў згоду на вызваленне А.Д. Кавалькі ад займаемай раней пасады, ён прыйшоў на сустрэчу ў райвыканкам ужо выключна ў якасці дэпутата парламента.

Аматары статыстыкі падлічылі, што Адам Дзмітрыевіч 16 гадоў, 11 месяцаў і 19 дзён працаваў старшынёй райвыканкама – большага вопыту няма бадай што ні ў аднаго кіраўніка раёна ў краіне. Пра змены, якія адбыліся ў раёне і з раёнам за той час, калі ім кіраваў Кавалька, доўга расказваць не варта: яны адбываліся на вачах мясцовых жыхароў, якія добра памятаюць і ямы ў мікрараёне Валадарскага, у якія правальваліся УАЗікі, і  надоі на ферме, якіх не хапала нават на выпайку цялятам,  і ўраджайнасць збожжавых у 11 цэнтнераў з гектара: для параўнання – у мінулым годзе яна склала больш чым 52 цэнтнеры.

За гэты час Астравец і вёскі раёна змяніліся непазнавальна. Ды што там: наш колішні бес-перспектыўны гарадскі пасёлак набыў статус горада – і ўсяляк імкнецца яму адпавядаць.

Але галоўныя змены адбыліся ўсё ж у свядомасці людзей: “местачковы менталітэт”, з якім многія зрасліся, як са старымі хатнімі тапачкамі: маўляў, у іх так добра, цёпла, утульна і не трэба нам нічога новага і сучаснага – змяніўся разуменнем і бачаннем перспектывы, імкненнем да новага, усведамленнем, што і мы, і нашы людзі не горшыя за іншых. А могуць быць і лепшымі – і ў вобласці, і ў краіне, і нават на міжнародным узроўні. Найбольш складана было змяніць менавіта гэтую першакрыніцу любога поспеху – псіхалогію людзей, і ў тым, што гэта ўсё ж адбылося, – заслуга менавіта Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, які сам ніколі не стаіць на месцы і іншым не дазваляе.

У мінулы панядзелак адбылася сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу А.Д. Кавалькі з актывам раёна і супрацоўнікамі райвыканкама. Падчас яе Адам Дзмітрыевіч падзя-каваў кіраўнікам устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, усёй камандзе, з якой працаваў разам шмат гадоў, за сумесную працу, а найперш – за разуменне і падтрымку. А старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, дырэктар лясгаса Рыгор Мечыслававіч Долгі, старшыня Гудагайскага сельвыканкама Марыя Іванаўна Безляповіч, галоўны ўрач цэнт-ральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны таксама дзякавалі – але ўжо Адама Дзмітрыевіча: за разуменне, падтрымку, за лёсавызначальныя для гэтых арганізацый і ўвогуле для раёна рашэнні.

Наперадзе ў Адама Дзмітрыевіча Кавалькі не менш цікавая работа – але ўжо іншых, дзяржаўных маштабаў. Тыя, хто аддаў за яго свой голас на выбарах, ды і сам дэпутат, упэўнены, што яна будзе на карысць, у тым ліку і жыхарам Астравеччыны.

%d0%ba%d0%be%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d0%ba%d0%be-%d0%bf%d1%80%d0%be%d1%89%d0%b0%d0%bd%d0%b8%d0%b51– Я не развітваюся, – сказаў на завяршэнне размовы А.Д. Кавалька. – Я застаюся ў раёне: працоўны графік парламентарыяў пабудаваны такім чынам, што тры тыдні мы працуем у парламенце і адзін – у сваіх выбарчых акругах. Думаю, што, працуючы ў Мінску і валодаючы статусам дэпутата парламента, я змагу прынесці карысць Астравеччыне і яе жыхарам.

На гэта маюць вялікую надзею і ўсе астраўчане.

Ніна РЫБІК, фота аўтара.