Напярэдадні 9 Мая на Астравеччыне прайшлі ўрачыстыя мітынгі

18:32 / 04.05.2019

Урачыстыя мітынгі напярэдадні Дня Перамогі прайшлі на Астравеччыне.

У Астравецкім раёне па традыцыі штогод ля абеліскаў, усталяваных на месцы воінскіх захаванняў салдат Вялікай Айчыннай вайны, напярэдадні 9 Мая адбываюцца ўрачыстыя мітынгі. Сёлетні год – не выключэнне.

7.jpg

Да актыўных удзельнікаў святочных мерапрыемстваў – настаўнікаў і школьнікаў, прадстаўнікоў мясцовых улад, пярвічак раённага Савета ветэранаў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, штогод далучаюцца вяскоўцы.

Сёлета ў аграгарадку Варняны перад святам Перамогі намаганнямі сельскага Савета ля абеліска абнавілі тратуартую плітку і памятную дошку з імёнамі загінулых воінаў.

1.jpg

Варту ля помніка загінулым падчас вайны салдатам у Варнянах неслі піянеры і вучні старэйшых класаў.

2.jpg

3.jpg

– Пра 9 Мая напісана шмат кніг і знята кінафільмаў, аднак толькі ўдзельнікі тых далёкіх ваенных падзей ведаюць, што такое Перамога, – адзначыў падчас урачыстага мітынгу старшыня пярвічнай арганізацыі Савета ветэранаў Часлаў Свіла. – І памяць пра гэты подзвіг будзе жыць у стагоддзях.

Літаральна ў цэнтры аграгарадка Варона ўзвышаецца абеліск загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкім салдатам. Сёлета, дзякуючы раённым і мясцовым уладам і нераўнадушным людзям, на помніку побач з 59 прозвішчамі і імёнамі салдат з’явіліся яшчэ 11 прозвішч, якія нанесены на новую, усталяваную на помніку дошку памяці: Уладзімір Семічэнка, Барыс Каваленка, Фёдар Бабенчук, Мікалай Гунін, Пётр Шукайлаў, Аляксандр Пясчаннікаў, Якаў Мікляеў, Аляксандр Слугін, Аляксандр Дарафееў, Анатоль Кісялёў, Мікіта Слухаеў…

4.jpg

Яны былі нечымі сынамі, братамі, мужамі і бацькамі. Іх чакалі і верылі да апошняга, што “жывы”, маці і жонкі – але яны так і не вярнуліся дамоў – знайшлі свой апошні прытулак на варонскай зямлі…

…Сёння на мітынгу з кветкамі ў руках стаялі школьнікі Варонскага НПК. Звяртаючыся да вучняў, псіхолаг вайсковай часці 97106 Віктар Тункевіч адзначыў, што кожны з нас павінен памятаць, якую цану за мірнае неба заплацілі нашы прадзеды.

5.jpg


Текст:
Фото: Алёна Ганулич