Ці патрэбна ў Малях школа? – пра гэта гаварылі падчас сустрэчы з насельніцтвам
13:47 / 08.04.2019
– Сёлета наша краіна адзначае 25-годдзе з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У яе першым артыкуле даецца азначэнне нашай дзяржавы як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, якая абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла. – І разам з тым вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды, гарантыі і іх рэалізацыя.
Віктар Свіла распавёў пра час, калі была прынята Канстытуцыя, пра змяненні і дапаўненні, якія былі ў яе ўнесены падчас рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў, пра кантроль за канстытуцыйнай законнасцю і мерапрыемствы, якія прайшлі ў краіне і нашым раёне з нагоды юбілею Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Падчас сустрэчы з працоўным калектывам была абмеркавана і тэма рэарганізацыі Мальскага дзіцячага садка – пачатковай школы ў дзіцячы садок.
Гэту ж тэму абмеркавалі з бацькамі дзяцей, што наведваюць гэтую ўстанову, падчас выязнога прыёму, які на мінулым тыдні правяла начальнік аддзела адукацыі.
Для рэарганізацыі Мальскага НПК ёсць некалькі падстаў. Па-першае, у існуючых гарадскіх школах і той, што павінна быць уведзена ў эксплуатацыю ў гэтым годзе, створаны цудоўныя ўмовы для навучання дзяцей. Па-другое, утрыманне школьнікаў у Мальскім НПК вельмі дарагое: на аднаго вучня па рэспубліцы выдаткоўваецца 950 рублёў у год, у Мальскай школе адзін вучань «каштуе» 16,9 тысячы рублёў – гэта ў 18 разоў перавышае закладзены нарматыў.
– З кожным годам школьнікаў у Малях таксама становіцца менш. Калі сёння тут вучыцца ўсяго 20 дзяцей, то на 1 верасня 2022 года застанецца толькі 12, – расказала Аксана Землякова. – Сярэдняя напаўняльнасць класаў – 4-5 вучняў.
Менавіта таму на парадку дня і паўстала пытанне рэарганізацыі. Да таго ж гэта працэдура прадугледжана планам па ліквідацыі і рэарганізацыі навучальных устаноў, зацверджаным Міністэрствам адукацыі. Мяркуецца, што пераафармленне скончаць да 1 верасня – і Дзень ведаў мальскія школьнікі сустрэнуць у адной з гарадскіх устаноў.
– Пасля рэарганізацыі НПК школьнікі змогуць прадоўжыць навучанне ў новай установе, якая будуецца ў другім мікрараёне, або, пры наяўнасці вольных месцаў, пайсці ў любую гарадскую школу. Пры жаданні ў новую школу дзеці змогуць перайсці ўсім класам. Для вучняў будзе арганізаваны падвоз, – расказала Аксана Анатольеўна.
Мальскім настаўнікам таксама прапануюць новае месца работы.
Разам з тым лепшыя ўмовы будуць створаны для хлопчыкаў і дзяўчынак, што працягнуць атрымліваць дашкольную адукацыю ў Мальскім дзіцячым садку.