Пытанні папярэджання надзвычайных сітуацый былі абмеркаваны на сельскім сходзе ў Рытані

15:10 / 25.03.2019

Сельскі сход сабраў жыхароў аграгарадка Рытань у мясцовым Доме культуры. Сюды на сустрэчу завіталі прадстаўнікі ўлады, дэпутаты і кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны.

Пачаў размову намеснік старшыні райвыканкама Віктара Свіла, які ў рамках дня інфармавання распавёў пра адну з юбілейных дат бягучага года – 25-годдзе з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама расказаў пра мерапрыемствы, якія пройдуць у раёне з нагоды 75-годдзя з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь і Астравецкага раёна і ўтварэння Гродзенскай вобласці.

IMG_3093.jpg

Гарым!

Рытанскі сельсавет для сельскага сходу, на якім вялася сур’ёзная размова па прафілактыцы надзвычайных сітуацый, быў выбраны невыпадкова: тут ужо ў гэтым годзе адбыўся пажар, на якім загінуў чалавек.

Да шчырай размовы заклікаў удзельнікаў сходу першы намеснік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Ясеў, які прааналізаваў сітуацыю з пажарамі ў Гродзенскай вобласці і прывёў прыклады, калі, дзякуючы ўважлівасці людзей да сваіх суседзяў, было выратавана не адно жыццё.

IMG_3094.jpg

Палы сухой травы, якія штогод суправаджаюць надыход вясны, дзіцячыя забавы з агнём, курэнне ў ложку, празмернае ўжыванне алкаголю, няспраўныя печкі і электраабсталяванне – усё гэта можа стаць прычынай пажару і забраць чалавечае жыццё. Здаецца, пра гэта ведаюць усе – аднак пажараў менш не становіцца.

Шакіраваў прысутных аўдыёзапіс размовы дыспетчара МНС з хлопчыкам, у доме якога пачынаўся пажар. Толькі дзякуючы ўмелым дзеянням работніка па надзвычайных сітуацыях, удалося выратаваць жыццё дзіцяці і яго п’янага бацькі.

Парушаем!

Пра злачынствы ў сферы наркагандлю, захоўванні агнястрэльнай зброі і самагонаварэнні жыхарам аграгарадка Рытань расказалі супрацоўнікі РАУС Аляксей Доўкша і Генадзь Барадзевіч.

IMG_3103.jpg

Асабліва складанай і жахлівай сітуацыя становіцца, калі ў злачынствах задзейнічаны дзеці – і такія выпадкі зарэгістраваны на Астравеччыне. Прычым часта бацькі пра гэта нават не здагадваюцца. Як засцерагчы маладое пакаленне ад правапарушэнняў і злачынстваў і як самім дарослым не стаць іх удзельнікамі – парады спецыялістаў былі дарэчы.

Ужо не дармаед

Пытаннем, як не трапіць у спіс “дармаедаў” у апошні год задаюцца тыя, хто раней не лічыў патрэбным працаваць. З мінулага года сітуацыя змянілася: не працуеш – плаці за аказаныя паслугі па поўнай цане.

IMG_3076.jpg

Пра тое, як аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва, рамесніцкую дзейнасць ці заняцца аказаннем пэўных паслуг, якія не патрабуюць рэгістрацыі, расказала намеснік начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Астравецкім раёне, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Алена Пілецкая.

Падчас сельскага сходу яго ўдзельнікі абмеркавалі пытанні электрабяспекі”, замены газавых балонаў, падвядзення прыроднага газу ў аграгарадок, а таксама функцыянавання філіяла тэрытарыяльнага цэнтра ў Падольцах, дзе пражываюць адзінокія пажылыя грамадзяне.

– Сельскія сходы праходзяць штомесяц у розных вёсках і аграгарадках нашага раёна. Звычайна на іх падымаюцца актуальныя пытанні, якія тычацца надзвычайных сітуацый, – адзначыла, падводзячы вынікі сходу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Вучыцца, канешне, лепш на чужых памылках, але хацелася, каб і іх было як мага менш. Сёння кожны атрымаў некалькі тэм для роздуму і абмеркавання са сваімі сямейнікамі, сябрамі ці суседзямі – і ўсе мы спадзяёмся, што ніякіх надзвычайных сітуацый з вамі ці вашымі блізкімі не здарыцца.

IMG_3110.jpg

IMG_3131.jpg

IMG_3082.jpg


Текст:
Фото: Елена Ярошевич