Когда отремонтируют дорогу к Страче и куда идут налоги –
10:18 / 27.02.2019
Інфармуем
Да прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. Яна расказала пра сацыяльна-эканамічнае становішча Гродзенскай вобласці і Астравецкага раёна па выніках мінулага года і звярнула ўвагу на актуальную зараз тэму – занятасці насельніцтва. Ірына Эдуардаўна расказала, колькі людзей апынулася ў спісе не занятых у эканоміцы, як можна пацвердзіць сваю занятасць і што чакае тых, хто застаўся ў спісе «дармаедаў».
– Дзякуючы Дэкрэту №3 і рабоце раённай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, шмат людзей у нашым раёне афіцыйна адкрылі сваю справу, – адзначыла Ірына Эдуардаўна. – І для гэтага не трэба рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка – дастаткова плаціць кожны месяц адзіны падатак. Напрыклад, займаўся мужчына рамонтам – цяпер ён заплаціць падатак і можа працягваць рабіць сваю справу, не хаваючыся і не трапляючы ў базу «дармаедаў».
Папярэджваем
Асобна гучала на сустрэчы тэма прафілактыкі пажараў.
– З пачатку года ў Беларусі здарылася 767 пажараў, у агні загінула 97 чалавек. Шматгадовая статыстыка пацвярджаецца: за два месяцы ў агні гінуць каля сотні чалавек – па сутнасці, знікае адзін невялікі населены пункт, – адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Карповіч. – На жаль, Астравецкі раён ужо таксама зрабіў свой «уклад» у гэтую сумную статыстыку: з пачатку года ў нас адбылося тры пажары, адзін чалавек загінуў.
– Каля 20 чалавек штогод гінуць, парушаючы правілы электрабяспекі, – дадаў начальнік Астравецкага філіяла Энерганагляду Уладзімір Харужы. – Але нават калі чалавек застаўся жывым, наступствы траўміравання токам, як правіла, сумныя: звычайна пасля гэтага наступае інваліднасць.
Асноўнай прычынай гэтых трагедый застаецца курэнне ў стане алкагольнага ап’янення ці парушэнне правілаў выкарыстання электрапрыбораў – часцей за ўсё таксама ў нецвярозым стане.
Уладзімір Харужы нагадаў, чаму трэба чытаць інструкцыі да электрапрыбораў і якія простыя правілы выконваць пры іх выкарыстанні. Андрэй Карповіч у чарговы раз расказаў, як сачыць за печкай, каб не ўзнік пажар, і настойліва рэкамендаваў устанавіць у хаце аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
Актуальнай напярэдадні вясны была тэма палаў травы і ўборкі прыдамавых тэрыторый.
Узнагароджваем
Гэта сустрэча з насельніцтвам адбылася напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. Старшыня райсавета ветэранаў Расціслаў Герт нагадаў гісторыю з’яўлення гэтага лютаўскага свята, а таксама назваў асабліва значныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага ў Расціслава Арсенцьевіча была пачэсная місія – ён уручыў юбілейныя медалі, прысвечаныя 100-годдзю Камуністычнай партыі, Мар’яну Уладзіміравічу Буглаку, Адаму Сігізмундавічу Лапаце і Геннадзю Іосіфавічу Бужымскаму.
З пытанняў
– Куды ідуць падаткі?
– Падатковыя адлічэнні паступаюць у тым ліку і ў бюджэт раёна – дзякуючы гэтаму ёсць грошы не толькі на ўтрыманне школ, устаноў культуры і іншых сацыяльных аб’ектаў, але, пры ўмове паспяховага выканання бюджэту, з’яўляецца магчымасць выдзяляць грошы на добраўпарадкаванне: агароджу могілак, выдаленне аварыйных дрэў, рамонт дарог і іншыя важныя справы.
– Калі адрамантуюць дарогу ад Спондаў да Вялікай Страчы?
– У гэтым годзе запланаваны рамонт участка дарогі Страча – Страчанка. Рамонт на дарозе Спонды – Вялікая Страча будзе пазней.
– Дзе ўстаноўлены прыборы сістэмы апавяшчэння?
– Прыборы сістэмы апавяшчэння – 3-4 рупары – устанаўліваюцца ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў ад 15 чалавек і на адлегласці 15 км ад БелАЭС. У спондаўскай зоне такія рупары ёсць у Страчы.
– Выйшла са строю трансфарматарная падстанцыя – колькі часу трэба, каб узнавіць яе работу?
– Калі гэта адбылося не па прычыне нейкай стыхійнай надзвычайнай сітуацыі, праблему павінны вырашыць за 24 гадзіны. У іншым выпадку святло ў населеным пункце можа адсунічаць да трох сутак – у першую чаргу аднаўляюць энергазабеспячэнне стратэгічна важных аб’ектаў.