Як наводзяць парадак у Варнянскім сельсавеце, расказаў яго старшыня

11:11 / 18.01.2018
Працягваем знаёміць чытачоў з добра­ўпа­рад­ка­ван­нем вёсак і аграгарадкоў раёна. Што зроблена ў гэтым накірунку ў Варнянскім сельсавеце, мы папрасілі расказаць яго старшыню Аляксандра Часлававіча Вярбовіча.

IMG_7582.jpg


– Навядзенню парадку на зямлі ў мінулым годзе мы ўдзялілі шмат увагі. Спадзяюся, што і сёлета зробім  не меней, –  дзеліцца думкамі Аляксандр Часлававіч.  –  Зразумела, па ўз­маху чароўнай палачкі нішто не робіцца, таму стараемся ўсё рабіць супольна з насельніцтвам, арганізацыямі, размешчаны­мі на тэрыторыі сельсавета,  і раён­нымі прадпрыемствамі, якія зацікаўлены ў навядзенні парадку на зямлі.

Дарогі, могілкі, знос старых нежылых дамоў і выдаленне ава­рый­ных дрэў – такія праблемы  існуюць у кожнай вёсцы. У 2017 годзе мы добраўпарадкавалі пад’­­езд да вёскі Беразоўка, па­­бу­дава­лі дарогу па вуліцы Ромашы ў Вароне, падсыпалі вуліцу ў Карвэлях, адрамантавалі дарогу да хутара Даўнарышкі.

Шмат зроблена і па навядзенні парадку на могілках каля вёсак Карвэлі, Лынкішкі і Чыжоўшчына – тут ліквідавалі смеццезвалкі. На могілках у Варнянах, Вароне, Быстрыцы і Карвэлях устанавілі кантэйнеры для збору рытуальных адходаў. На тэрыторыі сельсавета размешчана  15 могілак – там наладжаны рэгулярны вываз смецця.

Штогод праводзіцца работа і па добраўпарадкаванні пом­нікаў, брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў. Так, у мінулым годзе мы абнавілі плітку каля воінскага пахавання ў Вароне. 

Праводзілася работа па вы­даленні аварыйных дрэў, многае было зроблена па спілоўванні хмызняку і кустоў каля Газы і Вароны. Дзякуючы раскарчоўцы старога сада каля Валэйкунаў, сельскагаспадарчае прадпрыемства сёлета зможа ўвесці ў сельгасзварот каля трох гектараў зямлі.

Вёскі старэюць – гэта не сакрэт. У многіх стаяць напаўразваленыя хаты, гаспадароў якіх сёння днём з агнём не знойдзеш,  – работы па іх зносу і добраўпа­радкаванні тэрыторый  кладуцца на сельсавет. Так, у 2017 годзе мы добра­ўпа­радкавалі 16 участкаў у Больніках, Шульніках, Валэйкунах, Кярнянах, Газе, Загазі, Рудзішках, Карвэлях, Бадзівалах. Вызваленыя тэрыторыі будуць перададзены нашаму  сельгаспрадпрыемству.

На жаль, не заўсёды жыхары станоўча адносяцца да просьбаў і прапаноў навесці парадак каля ўласнага дома ці на сядзібе сваіх бацькоў. Стараемся знайсці з такімі агульную мову.

Жилые дома по улице Садовая.jpg


Памятным мерапрыемствам мі­нулага года стала свят­каванне 555-годдзя аграгарадка Трокенікі. Да гэтага свята рыхтаваліся не толькі жыхары, але і мясцовая ўлада: у вёсцы быў устаноўлены памятны знак, добраўпарадкаваны вуліца Школь­ная і стадыён.

Дзякуючы падтрымцы сельгас­прадпрыемства, мы маем трактар, трактарыста і трох рабочых, якія займаюцца навядзеннем парадку на зямлі, пакосам травы, устаноўкай агароджы і яе афарбоўкай.  Дарэчы, летась у Вароне і Варнянах большасць агароджаў была пафарбавана: хтосьці з жыхароў зрабіў гэта самастойна, некаму дапамог сельсавет.

Змяніўся ў мінулым  годзе і аграгарадок Варняны – наве­дзены парадак вакол аўтадрома, добраўпарадкавана прыбярэжная зона, абуладкаваны «ляжачыя паліцэйскія» і нанесена дарожная разметка па вуліцы Піянерскай, новымі дрэўцамі папоўніўся парк на вуліцы Прамысловай, а па вуліцы Савецкай насупраць касцёла з’явіліся  клумбы. Працягваецца капітальны рамонт будынка сельсавета.
Адміністрацыйны будынак СВК Варняны.jpg

Аднак  расхалоджвацца няма як: работы хапае і, спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца.



Текст: