Восеньскія клопаты варнянскіх земляробаў

11:48 / 17.10.2017

Бабіна лета змяніла слатлівая восень: дні адчувальна пакарацелі, а вечары зрабіліся доўгімі. А на парадку дня аграрыяў – сяўба азімых збожжавых, уборка бульбы і буракоў, нарыхтоўка кармоў. На працягу светлавога дня механізатары прападаюць у полі, каб своечасова сабраць вырашчаны ўраджай і зрабіць задзел на наступны год.
На мінулым тыдні мы наведаліся ў КСУП “Варняны”, каб даведацца пра ход і тэмпы палявых работ.

IMG_9667.jpg

Андрэй Ігнатовіч за дзень разворвае 20 бульбяных  пар

У некалькіх сотнях метраў ад адміністрацыйнага будынка КСУП “Варняны”, ля прасёлачнай дарогі на Лазавыя, раскінулася бульбяное поле, на якім не першы дзень шчыруюць: работнікі сельскагас-падарчага прадпрыемства і так званыя біржавікі. У залежнасці ад колькасці капачоў за дзень у КСУП “Варняны” ўбіраецца каля паловы гектара. 

Кінеш вокам на баразну – і, здаецца, няма ёй канца і краю… 

IMG_9671.jpg

Людміла Пагада шчыруе на бульбакапанні

– Даўжыня прыблізна 600-700 метраў, –  злавіўшы мой недаўменны позірк, тлумачаць работнікі. – Працуем з 9 да 5 гадзін вечара. За дзень паспяваем зрабіць некалькі “ходак”.

У гэты дзень на бульбакапанні былі занятыя работнікі мясаперапрацоўчага цэха КСУП “Варняны”.
Механізаванага памочніка – бульбаўборачнага камбайна – у варнянцаў няма, таму бульба ўбіраецца пасля капалкі ўручную. 

IMG_9654.jpg

Муж і жонка Іван Янкойць і Таццяна Кірпа працуюць разам


Па памерах і колькасці клубняў бачна, што бульба ў Варнянах сёлета не ўрадзіла. Пра гэта сведчаць і лічбы: ураджайнасць крухмалістай вагаецца ў межах 175 цэнтнераў з гектара пры сярэднераённых 390. 

 ДАРЭЧЫ

* Вырошчваннем другога хлеба сёлета займаюцца толькі тры гаспадаркі: КСУП “Гудагай”, “Гервяты” і “Варняны”. У раёне пад бульбу адведзена 160 гектараў, з якіх 100 гектараў прыпадае на КСУП “Гудагай”. У варнянскай і гервяцкай гас-падарках – па 20 і 40 гектараў адпаведна. 
* Па стане на 8 кастрычніка, бульба выкапана на плошчы 134 гектара. Накапана 5 231 тона.

IMG_9673.jpg

Начальнік мясаперапрацоўчага цэха Андрэй Зінкевіч у гэты гарачы час разам з калегамі ўбірае бульбу


IMG_9659.jpg

Віталь Казлоўскі спрытна прымае кошыкі 

Прыпынак 2. Шульнікі

Кіпіць работа на пасяўной! Інакш і не скажаш пра караван тэхнікі –  ад камнеўборачнай машыны да сеялак – які на мінулым тыдні дыслацыраваўся побач з вёскай Шульнікі. 

На трактары з прычапным пасяўным агрэгатам ПП6 Валерый Дэнюш сеяў азімае трыцікале.

IMG_9705.jpg

Валерый Дэнюш, сейбіт

– Пасяўная кампанія пачалася адразу пасля жніва. Па традыцыі першай пачалі сеяць пшаніцу, – расказвае сейбіт. – Галоўнае – каб моцна не дажджыла: некаторыя ўчасткі не паспелі падсохнуць пасля вераснёўскай залевы.

Акрамя сейбіта, у гэты дзень на полі працавалі аратыя, вадзіцелі, культыватаршчыкі – работа спорылася!

IMG_9699.jpg

Араты Юрый Бумбуль за дзень рыхтуе да сяўбы каля 20 гектараў 

ДАРЭЧЫ

*Першымі ў раёне завяршылі азімую сяўбу КСУП “Гудагай” і КСУП “Гервяты”. 
* Найбольшы ў раёне азімы клін збожжавых у КСУП “Варняны” – ён складае 2 150 гектараў. Пад пшаніцу тут адведзена 800 гектараў, пад трыцікале – 950, пад жыта і ячмень – 200 і 50 гектараў адпаведна.


IMG_9694.jpg

Эдуард Дэнюш падвозіць збожжа да сеялкі


IMG_9692.jpg

Іван Бублевіч заняты на культывацыі

Прыпынак 3. Чэрнішкі

Кукуруза цалкам апраўдвае сваю мянушку: капрызіла, бы каралева, цэлае лета – але восенню змяніла гнеў на міласць: падрасла, пасталела, папрыгажэла.

Сёлета ў КСУП “Варняны” пад кукурузу  адведзена 1 360 гектараў, з якіх 200 будзе абмалочана на зерне. Час убіраць пачаткі яшчэ не настаў – каралева палёў цешыць вока сваёй сакавітай зеленню, таму працаўнікі працягваюць убіраць яе на сілас.

IMG_9732.jpg

Станіслаў Кяжун не першы год заняты на корманарыхтоўцы

– Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла, – расказвае Станіслаў Кяжун, які не першы год заняты на корманарыхтоўцы. – У сярэднім зжынаем 50 гектараў, хоць дзень на дзень не прыходзіцца. 
Побач з Чэрнішкамі кормаўборачны камбайн паглынаў высокія расліны, якія ў здробненым выглядзе сыпаліся ў кузавы машын. Каля пяці адзінак тэхнікі адвозілі зялёную масу на малочна-таварны комплекс  “Кярняны”, дзе яна закладвалася ў траншэі.

IMG_9734.jpg

Уладзіслаў Млынкоўскі адвозіць зялёную масу на комплекс

ДАРЭЧЫ

* Па стане на 8 кастрычніка гаспадаркі раёна справіліся з уборкай кукурузы на 29 працэнтаў  і зжалі 1 632 гектары. 
* Варнянскія хлебаробы ўбралі 283 гектары кукурузы на сілас. Яе ўраджайнасць складае 350 цэнтнераў з гектара – а гэта другі паказчык у раёне. Валавы збор склаў 9 900 тон. 

IMG_9736.jpg

Дзяніс Палевіч, вадзіцель







Текст:
Фото: Алена Гануліч