Лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі

13:11 / 26.11.2018
Гаспадыня кярнянскага комплексу

Ферма «Кярняны» КСУП «Варняны» першай у раёне стала працаваць як малочна-таварны комплекс. Апошнія гады яго ўзначальвае Марыя Уладзіславаўна Тумінская.

IMG_8890 В ПЕЧАТЬ Туминская.jpg

– У мамы я была адзінай дачушкай. Жылі ў Міцюнах. Потым пераехала да хроснай у Вільнюс, там хадзіла ў школу, – успамінае жанчына. – Маці, якая ўсё жыццё працавала даяркай, відаць, для мяне хацела іншага лёсу: адправіла ў горад, каб я вывучылася, прафесію атрымала.  Ды лёс не падманеш: жыццё ўсё адно прывяло на вёску, у сельскую гаспадарку.

Пасля школы Марыя атрымала спецыяльнасць вет­урача. А праз некаторы час пазнаёмілася з земляком Анатолем.

– У часы Савецкага Саюза межаў не было. Лічы, усе астравецкія вучыліся ці працавалі ў Літве, –  расказвае жанчына. – Толя не захацеў заставацца ў горадзе – яго цягнула на вёску. А я, канешне ж, за ім пайшла – прыехалі на радзіму мужа, у Бабраўнікі. 
Тумінскія ўладкаваліся на працу ў калгас імя Чапаева. Пазней перабраліся бліжэй «да цывілізацыі» – у Варняны, праўленне калгаса выдзеліла ім жыллё.

– Здаецца, толькі ўчора вярнуліся з мужам на Астравеччыну, я гушкала на руках дачушак – а ўжо сама бабуля, – з лёгкім сумам гаворыць жанчына. – Старэйшая дачка Наташа да дэкрэтнага адпачынку працавала трактарысткай. Дык нават мужчыны дзіву даваліся, як яна спрытна ўпраўлялася з трактарам! А мне вось па душы жывёла. Мо, таму ў ветэрынары і пайшла?

Марыя Уладзіславаўна кожны дзень з радасцю едзе на комплекс у Кярняны. Сваю раніцу жанчына пачынае з абходу памяшканняў.

– Сёлета значна «мінусуем» у параўнанні з мінулым годам. Ледзь не ўсю зіму жывёлу кармілі прывазнымі кармамі, а малако ў каровы на языку, – уздыхае загадчыца комплексу. І дадае:
– І ўсё ж – з жывёлай прасцей, чым з людзьмі: яна не падманвае, не помсціць. Хоць цяжкасцей у сельскай гаспадарцы хапае, асабліва ў апошні час, сваю работу я ўсё ж люблю…



Водар дзяцінства

Водар свежаскошанай травы пахне дзяцінствам – той далёкай, напаўзабытай парой, калі дрэвы і хаты здаваліся вышэйшымі, малако – смачнейшым, а людзі – дабрэйшымі.

Адзін з лепшых механізатараў КСУП «Міхалішкі» Сяргей Люцыянавіч Чымбар з усіх сельскагаспадарчых работ найбольш любіць касавіцу: пад націскам бліскучага ляза травы пакорліва кладуцца ў пракос, а над полем лунае тонкі, сатканы з нотак траў і зёлак водар. Праз некалькі гадзін, калі сонца прасушыць і падвяліць травы, – у поле «выпускаюць» кормаўборачны камбайн. У такія хвіліны, седзячы ў кабіне «Ягуара», мужчына ўспамінае сваё дзяцінства.

IMG_8901.jpg

– Нарадзіўся я ў вёсцы Карлаўшчына, на Ашмяншчыне. Бацькі простыя працавітыя людзі, трымалі, як і ўсе вяскоўцы, вялікую гаспадарку, – успамінае Сяргей Люцыянавіч. – Сястра больш пры маці была. А я бацьку дапамагаў сенаваць, араць, дровы нарыхтоўваць. Вучыцца, прызнаюся, не любіў, а тэхніка – гэта маё: мог гадзінамі корпацца ў трактары!

Атрымаўшы правы трактарыста, хлопец пайшоў працаваць у калгас. Зрэдзьчасу гасцяваў у сястры Ірыны, якая выйшла замуж у Міхалішкі.

– Глянулася мне тут дзяўчына – вачэй не адарваць, – успамінае мужчына. – Праз некаторы час пабраліся з Наташай шлюбам. Дачушку нарадзілі… Так Міхалішкі сталі для мяне другой радзімай. 

З вясны і да восені Сяргей Люцыянавіч у полі: рыхтуе глебу пад сяўбу, завіхаецца на пасяўной і касавіцы. Сёлета ў гаспадарцы з’явіўся новы кормаўборачны камбайн «Ягуар» – і яго даверылі адказнаму і працавітаму механізатару. 
 


Гервяцкі Айбаліт

Ветэрынарны ўрач малочна-таварнага комплекса «Дайлідкі» КСУП «Гервяты» Дзмітрый Аляксандравіч Будай у сваім жыцці спрабаваў класці дарожную плітку, рабіць глазурованыя сыркі, фасаваць тавар… І ўрэшце зразумеў, што яго месца – на ферме, што найлепш за ўсё ён умее і любіць лячыць жывёл.

IMG_8883.jpg

– Родам я з Вілейшчыны, з пасёлка Ілья, вядомага па аграрным каледжы, што там дзейнічае. Так што пытанне выбару прафесіі перада мной не стаяла: жывёл любіў з дзяцінства, – мужчына ўсміхаецца. – Дарэчы, дзякуючы прафесіі, пазнаёміўся з жонкай. Завочна вучыўся ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, Ганна – таксама. Там і сустрэліся. Калі згулялі вяселле, пераехалі жыць на Аніну радзіму.

У КСУП «Гервяты» Дзмітрый Аляксандравіч пачынаў працаваць ветэрынарным артапедам на МТК «Рымдзюны». Потым пакінуў сельскую гаспадарку – каб праз некаторы час вярнуцца назад з ўпэўненасцю, што  тут ён – на сваім месцы. Апошнія некалькі гадоў Дзмітрый Будай працуе ветэрынарам і па сумяшчальніцтву аператарам штучнага асемянення на комплексе ў Дайлідках.
На пытанне, якіх жывёл мужчына любіць найбольш, ён, доўга не думаючы, шчыра адказаў:
– Усіх! Не мной сказана, што мы ў адказе за тых, каго прыручылі.



Малады – ды ўдалы

Упершыню з трактарыстам-машыністам КСУП «Гудагай» Аляксеем Сакалоўскім я пазнаёмілася на жніве некалькі гадоў назад. 

IMG_8870.jpg

Памятаю, тады моцна здзівілася, як такому ма­ла­дому маглі даверыць камбайн?! Але першае ўражанне падвяло мяне: Аляксей Сака­лоў­­скі за некалькі гадоў работы ў КСУП «Гуда­гай» зарэ­камендаваў сябе першакласным ме­ха­­ні­затарам.

– Ведаў з дзяцінства, што буду трактарыстам, – прызнаецца Аляксей. – Нарадзіўся і жыву ў Дрэвяніках. Пасля школы вучыўся ў Ашмянскім аграрным каледжы, атрымаў ажно тры спецыяльнасці: трактарыста-машыніста, вадзіцеля і слесара. Пайшоў працаваць у калгас, – на адным дыханні за некалькі хвілін выдаў сваю біяграфію малады механізатар.

Нягледзячы на нешматслоўнасць і сціпласць у стасунках з людзьмі, у кабіне трактара Аляксей адчувае сябе ў сваёй стыхіі.
– Вясной рыхтую глебу да сяўбы, летам перавожу «зялёнку», зімой развожу па фермах кармы. Працаваў і камбайнерам, – гаворыць Аляксей. – А некалькі тыдняў назад мне даверылі МАЗ. Некаторыя кажуць, што вадзіцелем працаваць лягчэй, але гэта толькі здаецца. Селі б яны ў кабіну грузавога аўтамабіля – ды па бездарожжы цэлы дзень патрэсліся б… Чужы хлеб заўсёды здаецца смачнейшым, а работа – лягчэйшай. 
Текст:
Фото: Алена Гануліч