Лауреат премии имени Дубко – это звучит гордо!

14:16 / 17.01.2018
У панядзелак, 15 студзеня, у Гродзенскім драматычным тэатры на цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі за высокія дасягненні ў галіне культуры і мастацтва імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко сабраліся не толькі сёлетнія лаўрэаты ў чатырнаццаці намінацыях, але і ўсе, каму на працягу мінулых дваццаці гадоў ўручалі гэтую прэмію. У тым ліку – і трое прадстаўнікоў Астравеччыны: народны майстар Марыя Мажэйка і двое журналістаў «Астравецкай праўды»: Таіса Сямёнава і аўтар гэтых радкоў… 

А за некалькі дзён да таго тут жа збіралася «залатая» моладзь Гродзеншчыны, якая носіць званне лаўрэатаў прэміі імя Дубко – і сярод гэтых юнакоў і дзяўчат таксама нямала астраўчан: у свой час атрымалі прэмію за высокія дасягненні ў вучобе ці ў спорце Максім Каспяровіч, Юлія Сцефановіч, Надзея Шаблінская, Вольга Чарапко, Маргарыта Шаўчэнка, Святлана Валодзька, Мікалай Янкойць, Анастасія Бурштыновіч, Анастасія Вайшнаровіч, Ула­дзіслаў Міхно, Аксана Аўгуль, Яўген Красоўскі, Анас­тасія Кузьміцкая.

– Гродзенская зямля багатая на таленты, – сказаў, адкрываючы цырымонію, старшыня Гродзенскага аблвыканкама, Уладзімір Васільевіч Краўцоў. – Пацвярджэнне таму – гэтая поўная зала, у якой прысутнічаюць лаўрэаты прэміі за ўсе гады. А нядаўна мы ўручалі яе лепшым прадстаўнікам маладога пакалення – вучням, студэнтам, маладым спартсменам: іх дасягненні радуюць найбольш, бо гэта – наша будучыня.

Нагода для таго, каб успомніць усіх лаўрэатаў прэміі імя Дубко, а найперш – чалавека, імя якога яна цяпер носіць, больш чым важкая. Сёлета – не толькі юбілейны год самой прэміі, але і яе заснавальніка: Аляксандр Іосіфавіч Дубко, калі б бязлітасны лёс не забраў яго так недаравальна рана, 14 студзеня адзначыў бы сваё 80-годдзе.

1499783601658810.jpg



Сёлета цырымонія ўручэння прэміі імя А.І. Дубко лепшым клубнаму работніку, народнаму майстру, бібліятэкару, музейнаму работніку, пісьменніку, выкладчыку, артысту, рэжысёру, журналісту, мастаку, музыканту, настаўніку школы мастацтваў, мастацкім кіраўнікам народнага аматарскага аб’яднання і ўзорнага дзіцячага калектыву, прайшла асабліва ўрачыста, з удзелам пачэсных гасцей, сярод якіх быў не толькі губернатар Уладзімір Васільевіч Краўцоў, але і яго намеснік Віктар Андрэевіч Лісковіч, Марыя Міхайлаўна Бірукова, якая раней працавала на гэтай паса­дзе, былы начальнік упраўлення культуры Валянціна Іосіфаўна Кадзевіч, а таксама ўдава Аляксандра Іосіфавіча Дубко Эма Нікіфараўна. Лаўрэаты не толькі гэтага, але і мінулых гадоў, а таксама пачэсныя госці атрымалі ў якасці падарунка толькі што выдадзеную кнігу, у якой занатаваны прозвішчы лаўрэатаў прэміі ўсіх дваццаці гадоў і змешчаны нарысы пра іх.

IMG_7800.jpg

Цудоўным падарункам для ўсіх гасцей стала тэатралізаваная канцэртная праграма, якая расказвала пра жыццё Аляксандра Іосіфавіча Дубко. 

Хоць многія прысутныя ў зале маглі б дапоўніць тое, пра што расказвалі вядучыя, прэзентацыя, урыўкі з відэаінтэрв’ю і выступленняў, сваімі ўспа­мінамі… Нехта сустракаўся з Аляксандрам Іосіфавічам у паў­сядзённым жыцці ці на розных нарадах, пасяджэннях, іншы ведае яго па справах на паса­дзе старшыні калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна ці старшыні Гродзенскага аблвыканкама, большасць жа проста чулі і памятаюць яго выступленні і інтэрв’ю – нават у іх бачны мудрасць, дальнабачнасць, прастата і сціпласць звычайнага сялянскага хлопца, які заўсёды, на любой пасадзе, памятаў пра свае карані і кожны свой крок вывяраў народнай муд­расцю…


…Мне не давялося асабіста сустракацца з Аляксандрам Іосіфавічам, гутарыць з ім – але я неаднаразова прысутнічала на раённых нарадах, якія праходзілі пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама, – і заўсёды захаплялася яго ўменнем зрабіць складанае – простым, вылучыць зерне ісціны, нават калі яго спрабавалі схаваць у шалупінне пустаслоўя. 



…Памятаю, неяк на закрытую раённую нараду ледзь не сілком прабіваўся адзін з вядомых прадстаўнікоў нашай дамаро­шчанай апазіцыі, каб «раскрыць усю праўду пра тое, што адбываецца ў раёне». Аляксандр Іосіфавіч сваім валявым рашэннем не толькі дапусціў яго на тую нараду, але і даў слова. І, выслухаўшы яго «выкрыцці» і «адкрыцці», усміхнуўся: «Дзякуй, але не такі я дурань, каб не разабрацца, што адбываецца…» Дзіўна – але той апазіцыянер яшчэ тыдні два хадзіў з горда ўзнятай галавой: з ім размаўляў сам Дубко!

Увогуле ж Аляксандр Іосіфавіч умеў пагаварыць на роўных з кожным: механізатарам, даяркай, дыпламатам, журналістам, артыстам – ды так, што ў суразмоўцы не заставалася ні пачуцця прыніжанасці ці рабалепства перад высокім начальнікам, ці адчування, якое на Астравеччыне называюць «сорамна яго сорамам». 

Дубко быў адным з нямногіх, хто дазваляў сабе спрачацца з прэзідэнтам – нават у  прамым эфіры селектарных нарад, пры­свечаных жніву, і пераконваць у правільнасці сваіх аргументаў: на баку гродзенскага губернатара заўсёды быў галоўны і неаспрэчны аргумент: ён не згаджаўся, даказваў, дабіваўся нечага не дзеля сябе, не дзеля сваёй асабістай выгады ці славы – у такіх выпадках не «лезуць на ражон», часцей маўчаць ці паддакваюць, а дзеля агульнай справы і яе выніку. А кіраўнік дзяржавы цэніць і шануе такіх людзей – пра гэта сведчыць і той факт, што Аляксандр Дубко, адзіны з сапернікаў Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзі­дэнцкіх выбарах, пасля больш чым пераканаўчай перамогі апанента, быў прызначаны на пасаду кіраўніка Гро­дзенскай вобласці. А ў 2001 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яму было прысвоена  званне Героя Беларусі за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. Дарэчы, першую Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандр Іосіфавіч Дубко атрымаў у 1982 годзе ў якасці старшыні  калгаса «Прагрэс». Сімвалічна, што і сённяшні старшыня СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Васіль Афа­насьевіч Рэвяка з’яў­ляецца Героем Беларусі. 

…Думаю, калі б Аляксандр Іосіфавіч Дубко мог назіраць за тым, што адбываецца з яго шматлікімі «дзецішчамі» на стаўшай роднай для віцебскага хлоп­ца гродзенскай зямлі – ён бы парадаваўся: яго працу, планы, задумы, ідэі не змарнавалі, а прымножылі, развілі, далі ім новы імпульс і жыццё.

І юбілейнае ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі, якая вось ужо дваццаць гадоў носіць яго імя – адно з многіх таму пацвярджэнняў.


Текст: Нина Рыбик