"Среда размышления". Рождественские праздники омрачились трагедиями...

12:33 / 28.12.2016
%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%b3%d0%b5%d0%b4%d0%b8%d0%b8Прызнаюся: напярэдадні святаў і падчас іх мне страшна ўключаць тэлевізар і праглядваць навіны  ў інтэрнэце. Бо дрэннай прыкметай святаў з некаторага часу сталі надзвычайныя здарэнні, катастрофы, трагедыі, тэрарыстычныя акты з масавай гібеллю людзей.

У той час, калі ўся краіна рыхтавался да свята Ражаства, 19 снежня ў Берліне грузавік, за рулём якога знаходзіўся выхадзец з Туніса, уехаў на калядны кірмаш і стаў мэтанакіравана давіць людзей. Пад коламі загінула дванаццаць чалавек, якія прыйшлі за добрым настроем, падарункамі, урэшце, проста правесці доўгі зімовы вечар з сябрамі, роднымі і блізкімі.

За два тыдні да таго я была ў Берліне. Вечарам, калі заканчвалася насычаная праграма, я з захапленнем блукала па такіх вось кірмашах, любавалася перадкалядным убраннем Берліна: кожныя вуліца, плошча, будынак спаборнічалі з суседнімі ў арыгінальнасці навагодніх ёлак, разнастайнасці ззяючых інсталяцыяй, вытанчанай стыльнай прыгажосці падсветак, гірляндаў, светлавых кампазіцый. Я піла гарачы смачны глінтвейн і зайздросліва лавіла водар смажанага міндалю і апетытных каўбасак, якія смажыліся тут жа на вялікай жароўні. Прыцэньвалася да разнастайнай прыгажосці і смакаты знакамітых калядных пернікаў. Назірала за шчаслівымі дзецьмі, якія, надзеўшы ўзятыя напракат канькі, трымаючыся за руку бацькі ці самастойна нясмела ступалі на матавы лёд залітых побач каткоў. Выбірала падарункі сябрам і знаёмым – не таму, што на падобных кірмашах танней, а таму, што кожная набытая тут рэч тоіць у сабе прадчуванне свята, прысмак хуткіх Калядаў. Назірала, як тое ж робяць жанчыны ў хеджабах, смуглатварыя мужчыны з чарнавокімі малышамі на руках ці ў калясках. Узгадвала папярэднія сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ў Бундэстагу, Еўракамісіі, Міністэрстве замежных спраў і з бежанцамі з Сірыі, Ірана, Палесціны ў “эмігранцкіх” кварталах, рэдакцыі газеты, невялікім пасёлку – і лавіла сябе на думцы, што немагчыма ўявіць гэтых людзей патэнцыяльнымі тэрарыстамі: яны, як і кожны жыхар планеты, мараць пра шчаслівую будучыню для сваіх дзяцей, пра цёплае і ўтульнае жытло, пра радаснае свята.

І вось у натоўп гэтых людзей, у іх мары, калядныя спадзяванні ўразаецца цяжкі грузавік – і без разбору,  без падзелу на хрысціян і мусульман, на дарослых і дзяцей, жанчын і мужчын, трушчыць, забівае цяжкімі коламі жывых людзей. Немагчыма гэта ўявіць, асэнсаваць, зразумець, а тым больш – апраўдаць.

Праз пяць дзён пасля трагедыі ў Берліне СМІ паведамілі, што тэрарыст, які ўчыніў гэтую крывавую бойню, быў забіты паліцэйскімі ў Мілане, – але радасці вестка не прынесла: смерць аднаго нягодніка не верне да жыцця ні ў чым не павінных людзей. Напэўна, ужо не толькі ў мяне – у  многіх калядныя кірмашы больш не стануць атаясам-лівацца выключна са святам і ўсеагульнай радасцю. Яны, нават самыя прыгожыя і багатыя, будуць пахнуць крывёй, а гарачы глінтвейн будзе мець салана-ваты прысмак слёз.

У той жа дзень, 19 снежня, подла, выстраламі ў спіну, у Анкары быў забіты расійскі пасол у Турцыі Андрэй Карлаў: некаторым, і не толькі ў Турцыі, не падабаецца, што ўзаемаадносіны дзвюх краін палепшыліся, многія лічаць: чым больш крыві, пакут, смерці – тым лепш…

%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%b3%d0%b5%d0%b4%d0%b8%d0%b81І вось апошняя, самая страшная і трагічная вестка, якая перарвала калядна-віншавальныя стужкі ўсіх інтэрнэт-парталаў 25 снежня: у дзень каталіцкага Ражаства, па невядомай пакуль прычыне ўпаў у Чорнае мора расійскі самалёт ТУ-154, які ляцеў у Сірыю. На яго борце знаходзіліся артысты легендарнага ансамбля імя Аляксандрава, журналісты расійскіх тэлеканалаў, члены экіпажа – і знакамітая на ўвесь свет сваёй дабрачыннай дзейнасцю “Доктар Ліза” – Лізавета Глінка, якая ўсё жыццё, не шкадуючы сябе, ратавала, дапамагала – без падзелу на нацыянальнасці і веравызнанне! – тых, каму гэтая дапамога патрабавалася, тым, хто не мог абараніць сябе сам – дзяцей, старых, хворых.

Загінула 92 чалавекі. Не ўратаваўся ніхто… І зноў у сотні сем’яў замест прадчування свята ўвайшло бязлітаснае гора. У сотнях дамоў і кватэр бліскучае святло навагодніх гірляндаў патушыў чорны колер бяды…

Напэўна, мы, людзі, чалавецтва, заслужылі ўсё гэта сваімі паводзінамі. І ўсё ж – Госпадзі, ну чаму ты бываеш наколькі невытлумачальна добрым – настолькі і бязлітасна жорсткім?..

%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%b3%d0%b5%d0%b4%d0%b8%d0%b82

%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%b3%d0%b5%d0%b4%d0%b8%d0%b83

%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%b3%d0%b5%d0%b4%d0%b8%d0%b84

Ніна РЫБІК.