З абласных спаборніцтваў астравецкія хакеісты вярнуліся з "бронзай"

08:25 / 27.03.2012








Калі на спаборніцтве па хакею сярод удзельнікаў аб’яўляюць астравецкую каманду, сапернікі пачынаюць нервова сціскаць клюшкі, трэнеры хутка распрацоўваць новыя стратэгію і тактыку, а гледачы прадчуваць цікавую гульню. І недарэмна, бо нашы юныя “пяцёркі і варатар” пад бездакорным кіраўніцтвам трэнера Я.М. Яфімава на абласным этапе спаборніцтва па хакею “Залатая шайба” сярод юнакоў 1997-98 гадоў нараджэння вярнуліся бронзавымі прызёрамі.

У першы дзень нашы рабяты сустракаліся з хакеістамі Гродзенскага раёна. 7:2 – упэўненая перамога нашых. Затым астраўчане разграмілі суседзяў з Ашмяншчыны 5:0.
З такой жа перамогай з сухім лікам пачаўся і другі дзень спаборніцтва: 3:0 – і Мастоўскі раён таксама аказаўся пераможаным. Такім чынам, астраўчане занялі першае месца ў сваёй групе і выйшлі на сапернікаў з Кастрычніцкага раёна горада Гродна. Аднак гэта сустрэча аказалася больш напружанай і скончылася з лікам 3:2 на карысць гродзенцаў.
На трэці дзень нашы рабяты выйшлі на лёд, каб пазмагацца за трэцяе месца з хакеістамі са Шчучынскага раёна. І зноў інтрыгі не атрымалася – астраўчане выйгралі 4:0.
У выніку дружная каманда астравецкіх хакеістаў, у якую ўваходзяць Антон Міхцееў, Саша Камінскі, Дзіма Казлоўскі, Іван Браніцкі, Саша Букель, Яраслаў Юркойць, Вадзім Праўлуцкі, Уладзіслаў Сцепаняк, Дзіма Фалевіч, Міша Алёкса, Іван Шылюк і Саулюс Наркунас, дадому вярнуліся з граматамі, медалямі і кубкам за трэцяе месца на “Залатой шайбе”.


Марына МАЦКЕВІЧ.