Тыдзень postfactum: за мяжой рацыянальнага

10:18 / 16.11.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Такі хакей не патрэбны!

Увесь мінулы тыдзень спартыўная грамадскасць не толькі Беларусі, а і ўсёй прасторы былога СССР, абуралася інцыдэнтам, які здарыўся напрыканцы матча чэмпіянату кантынентальнай хакейнай лігі паміж мінскім “Дынама” і камандай “Віцязь” з падмаскоўнага горада Чэхава. Неспартыўныя паводзіны гасцей і іх трэнера выліліся ў масавыя беспарадкі з удзелам шматлікіх балельшчыкаў.
Увогуле, падобнае ў хакеі не дзіва, аднак нават у такой справе, як хакейная бойка, існуе пэўны няпісаны кодэкс гонару. Чэхаўцы яго праігнаравалі, чым выклікалі масавае незадавальненне наведвальнікаў “Мінск-Арэны”. Прыкра, што асабліва хамскімі, цынічнымі паводзінамі вызначыўся трэнер “Віцязя” Андрэй Назараў, які не толькі стаў біцца з балельшчыкамі, а і неаднаразова накіроўваў у бок шматтысячнай аўдыторыі непрыстойныя жэсты.
Светлай памяці, Мікалай Озераў у падобнай сітуацыі напэўна б усклікнуў сваё сакраментальнае: “Такі хакей нам не патрэбны!”. Зрэшты, такога хакея ў савецкія часы і не было.
Трэба заўважыць, што неспартыўныя паводзіны хакеістаў з Чэхава ўжо сталі прывычнымі. Аўтсайдар лігі неаднаразова ўчыняў падобнае ці не на ўсіх лядовых пляцоўках Расіі і замежжа. Менавіта таму, хакейныя балельшчыкі на інтэрнэт форумах справядліва выказваюць сваё абурэнне паводзінамі падмаскоўнай каманды і патрабуюць яе выключэння з КХЛ. Аднак, як аказалася (хоць гэта і так было зразумела) у кіраўніцтва лігі – іншае меркаванне. У панядзелак яно, па сутнасці, апраўдала дзеянні спартыўных хамаў, усклаўшы на “Віцязь” чыста сімвалічнае пакаранне за паводзіны ў Мінску. Пры тым, ільвіная доля віны за інцыдэнт лягла на адміністрацыю спартыўнай арэны, якая, нібыта, не здолела забяспечыць належны парадак.
Прыкра і крыўдна, што спартыўныя ідэалы ў хакеі ўсё больш саступаюць месца правілам заакеанскіх шоу.



Калі пасеяць вецер

Зусім не па-святочнаму прайшло ў мінулую пятніцу галоўнае дзяржаўнае свята Польшчы – Дзень незалежнасці. Заяўленыя на 11 лістапада звыш 20-ці маршаў і маніфестацый завяршыліся пагромамі, сутыкненнямі з паліцыяй і дзясяткамі спаленых аўтамабіляў.
Акрамя галоўных удзельнікаў беспарадкаў – нацыяналістычных арганізацый і антыфашыстаў, выніку – звыш двух соцень затрыманых і колькасці ўдзельнікаў – больш за 10 тысяч — аб акцыі невядома амаль нічога. Што паслужыла прычынай, з якімі лозунгамі і патрабаваннямі пратэстанты выйшлі на вуліцы – аб гэтым афіцыйныя ўлады не гавораць ні слова. Аднак не на пустым жа месцы беспарадкі ўзніклі? Міжволі складваецца ўражанне, што некаму вельмі не хочацца выносіць “смецце з дому” і надаваць акцыі большае значэнне, чым банальнае хуліганства. Зрабіць гэта, значыць апрыоры прызнаць, што не ўсё ладна, у тым ліку, і ў Польшчы. Ці не таму ў афіцыйных зводках паліцыі асабліва акцэнтуецца ўвага на нейкіх футбольных фанатах, якія справакавалі беспарадкі?
Не чуваць штосьці і голасу шматлікіх праваахоўных арганізацый на чале з ідэйнымі правадырамі Радаславам Сікорскім і Ежы Бузекам з нагоды брутальных паводзін варшаўскай паліцыі. Маўчаць, нібы вады ў рот набралі! Яно і зразумела – вучыць дэмакратыі суседзяў значна прасцей, чым наводзіць парадак ва ўласным доме.
“Уявіце, колькі было б енку, калі б адбылося падобнае ў Мінску?” – задаецца рытарычным пытаннем адзін з карыстальнікаў літоўскага інтэрнэт-партала “Delfi”.
А ўвогуле ўсё заканамерна. “Пасееш вецер – пажнеш буру!” – сцвярджае народная мудрасць. Тое, з якім імпэтам падтрымлівала заходняя дэмакратыя беспарадкі на ўсходзе кантынента і ў арабскім свеце — дае свой плён. І не важна, хто ў дадзеным выпадку правы, а хто не. Агалцелая падтрымка антызаконных акцый робіць іх дапушчальнымі і, нават, гераічнымі. Вось у чым бяда! Нездарма ж, беспарадкі ўжо адбыліся практычна ва ўсіх краінах Заходняй Еўропы. І польская акцыя ў гэтым спісе далёка не апошняя.



Загадка астравецкай душы

У які ўжо раз пакідаючы пасля чарговага канцэрта кінаканцэртную залу “Астравец”, задаюся пытаннем: чаму настолькі інфантыльна адносіцца наша публіка да музычных імпрэз, што ладзяцца ў гарадскім пасёлку? Не, з большага зала заўсёды запаўняецца амаль поўнасцю. Але за які кошт? Калі б не пэўны ўплыў адміністрацыйнага рэсурсу – быць бы ёй паўпустой на кожным выступленні. Вось і ў мінулую пятніцу сабраць гледачоў на канцэрт ансамбля народнай музыкі, песні і танца “Белыя росы” ўдалося цаной неймаверных намаганняў аддзела культуры райвыканкама і прафсаюзных камітэтаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Атрымліваецца, нібы пад прымусам на канцэрт людзі прыйшлі? Аднак залу ніхто дачасна не пакінуў, а кожны нумар артыстаў завяршаўся сапраўднай глядацкай авацыяй! Значыць – падабаецца? А раз падабаецца – для чаго прымус?
Загадка астравецкай душы…