Астравецкія каратысты прывязлі з Гродна чатыры бронзавыя медалі і адну залатую

15:15 / 21.10.2011

Чацвёрты год працуе пры дашкольным цэнтры № 1 секцыя каратэ Какусінкай, якую вядзе Дзмітрый Куцько. Узрост спартсменаў, якія тут займаюцца, – ад пяці да сарака гадоў. Вядома, дарослыя не спаборнічаюць з дзятвой – яны трэніруюцца ў розных узроставых групах, але ставяцца да каратэ аднолькава заўзята.


За тры гады дзейнасці клуба ў яго капілцы з’явілася нямала ўзнагарод, якія нашы каратысты заваявалі на адкрытых чэмпіянатах гарадоў, на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
У мінулыя выхадныя адбыўся чарговы адкрыты чэмпіянат горада Гродна, у якім удзельнічала і каманда Астраўца. Уражаннямі аб ходзе спаборніцтва падзяліўся з намі трэнер Дзмітрый Куцько:
– Астравец прадстаўляла на чэмпіянаце каманда ў складзе сямі чалавек: Дзмітрый Каранкевіч (9 гадоў), Аляксандр Верамейчык, Ігар Азевіч (абодвум па 11 гадоў), Сяргей Кандратовіч і Аляксей Рогач (па 12 гадоў), Дзмітрый Патаповіч і Алег Раўдановіч (узроставая катэгорыя – па 14-15 гадоў).
Самыя відовішчныя для гледачоў баі малышоў. Бездакорная “расцяжка”, маланкавасць, з якой яны дзейнічаюць, эмацыянальнасць – хіба можна застацца раўнадушным, назіраючы за такім боем? І кожны з прайграўшых каратыстаў гэтай групы пакідаў татамі ў слязах. Дзіма Каранкевіч займаецца ў секцыі з самага пачатку і ўжо многае ўмее. Ён валодае аранжавым поясам (10 кю). Вось яшчэ навучыцца спраўляцца з эмоцыямі, і перамогі не прымусяць сябе чакаць.
Саша Верамейчык хуткі ад прыроды. І прыродныя даныя ён паляпшае стараннай планамернай працай. У фінале Сашу выпала сустракацца са спартсменам з Гродна, які валодае жоўтым поясам, у той час, як ён сам стаіць на адну ступень ніжэй – у яго сіні пояс. Але Саша не першы раз удзельнічае ў спаборніцтвах. “Прыстраляўся” настолькі, каб усвядоміць: ні колер пояса, ні габарыты праціўніка на татамі не важныя. Галоўнае – прадэманстраваць саперніку свой характар. Аляксандр змог – і ў сваёй катэгорыі стаў пераможцам.
Не першы раз выступае на спаборніцтвах і Ігар Азевіч. Не раз ён быў прызёрам самых розных прэстыжных чэмпіянатаў. На гэты раз Ігар аказаўся па-за п’едэсталам, але толькі па меркаванню суддзяў – дабіцца перавагі ў ачках праціўнік Азевіча не змог.
Не магу не пахваліць і Сяргея Кандраценку – вагавая катэгорыя 32-35 кілаграмаў, у якой ён выступае з-за яе недаўкамплектаванасці, была далучана да больш цяжкай, і Сярожа быў вымушаны змагацца з сапернікам, цяжэйшым за яго на сем кілаграмаў. Паверце, гэта няпроста. Тым не менш, першы бой Кандраценка выйграў, другі – прайграў, але зноў жа не па ачках, а па рашэнню суддзяў. Вынік – 3-яе месца.
Аляксей Рогач займаецца ў секцыі даўно. У яго ідэальная расцяжка – махі нагамі яму даюцца без малейшага напружання. Але ён занадта міралюбівы – яго трэба пастаянна падбухторваць: “Лёша, дзейнічай больш жорстка!” Таму і на спаборніцтвы я яго раней не браў. А на гэты раз узяў. І сам здзівіўся – Аляксей і без майго падбухторвання вёў актыўны наступальны бой. Паядынак за выхад у паўфінал ён выйграў па ачках. Але ў паўфінале прайграў. Па-мойму, з-за таго, што занадта захапіўся атакай, ігнаруючы пры гэтым абарону. Вынік – 3-е месца.
Дзіма Патаповіч – пастаянны ўдзельнік спаборніцтваў і шматразовы іх прызёр. У Дзімы байцоўскі характар: калі выйшаў на татамі, трымаецца да канца. Нават калі бачыць, што сапернік мацнейшы, не хаваецца ў глухой абароне – ідзе наперад. Аддаецца бою да канца і пры гэтым не траціць галаву – цвяроза ацэньвае сітуацыю. Дзіма заваяваў на гэтых спаборніцтвах “бронзу”, але толькі таму, што позна, толькі ў канцы верасня, аднавіў трэніроўкі і не змог дасягнуць патрэбнай формы.
У Алега Раўдановіча добрыя фізічныя даныя, але яму крыху не хапае здаровай спартыўнай злосці. Тым не менш, ён з гатоўнасцю згаджаецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах. А на гэта ідуць не ўсе, таму што адна справа – “спарынгаваць” з сябрам на трэніроўках, і зусім іншая – стаць перад сур’ёзным сапернікам. Тут трэба спачатку перамагчы самога сябе, свой страх. Алег гэта ўмее.
У выніку астравецкія каратысты прывязлі з Гродна чатыры бронзавыя медалі і адну залатую. Малайцы, хлопцы!
Ганна ЧАКУР.
Фота Часлава ЛАБАЧЭЎСКАГА.