Успаміны пра лета: Крымскі адпачынак

15:56 / 14.09.2011
2

Крым, што б там пра яго ні гаварылі, вабіць сваёй прыгажосцю. Толькі тут побач можна знайсці лес, стэп, горы і мора. Прыгажосць – не адвесці вачэй! Таму і цягне туды штогод.



Эх, дарогі…

Адзінае, што кожны раз псуе настрой – гэта ўкраінскія дарогі. Хаця сёлета мы былі прыемна здзіўлены тым, што нарэшце дарогі і там пачалі рамантаваць. І нават класці на асобных участках новае асфальтавае пакрыццё.
Парадаваліся за нашых суседзяў і таму, што сёлета, здаецца, у іх пачалі працаваць камунальныя службы – падчас падарожжа сустрэлі некалькі камунальных брыгад, якія збіралі смецце ўздоўж дарог! Ці не дзіва?
А яшчэ побач са шматлікімі знакамі “Дзякуем усім за чыстыя ўзбочыны” з’явіліся таблічкі: “Увага! Вядзецца відэафіксацыя. За выкінутае смецце штраф – 1500 грыўнаў”. Грошы, трэба сказаць, не малыя. Магчыма, гэта трохі стрымлівала падарожнікаў, якія выкідвалі за вокны тое, што ў машыне ўжо не патрэбна – паперкі, бутэлькі і іншае смецце. Што ж, калі словы не даходзяць, то трэба біць па кашальку! Здаецца, дзейнічае!



Яны ляцелі да мора!

Цэлы год многія з нас працуюць для таго, каб адкласці нейкую суму грошай і летам хаця б дзесяць дзён правесці на моры – адпачыць, паглядзець незнаёмыя мясціны, набрацца сілы на новы працоўны год.
Самы танны і зручны шлях трапіць на мора, калі размова ідзе пра Украіну, – уласны аўтамабіль. Па-першае, камфортна, па-другое, атрымліваецца танней, чым дабірацца ў Крым на цягніку і тым больш на самалёце.
Але і тут чакае некалькі небяспечных момантаў. За апошні год сітуацыя на дарогах крыху змянілася – машын стала больш, але “ліхачаць”, як мне падалося, менш. Напэўна, палохаюць вялікія штрафы.
І ўсё ж, калі перад табой “цягнецца” старэнькі “МАЗ” ці “КаМАЗ”, перагружаны збожжам, кавунамі ці дынямі, а ты не можаш яго аб’ехаць, выводзіць вадзіцеляў з сябе – ну не прызвычаіліся яны ездзіць са скорасцю 50 кіламетраў у гадзіну на хуткасных іншамарках!
Горныя дарогі, як правіла, вузкія – адна паласа ў адзін бок, другая – у адваротным накірунку. І, на жаль, часта такія абгоны прыводзяць да плачэўных сітуацый. Аўтамабільныя трагедыі на крымскіх дарогах падсцерагаюць амаль на кожным кроку. І яшчэ добра, калі ў выпадку аварыі пашкоджваецца толькі аўтамабіль. А часта бывае, што ў трагедыі гінуць цэлыя сем’і...
І ўсё ж, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія падсцерагаюць падчас паезкі, адпачынак патрэбен. Няхай толькі некалькі дзянькоў, але… Ты ажываеш – і стомленасць, накопленая за год, некуды знікае – і зноў хочацца працаваць з новымі сіламі.



Мы едзем, едзем...

Некалькі гадоў назад, разглядваючы карту Крыма, на самым поўдні ўбачыла назву “Фарос”. Само слова інтрыгуе. Разумела, што яно не мае нічога агульнага са старажытным востравам Фарос, на якім знаходзіўся адзін з цудаў свету – Александрыйскі маяк, але ўсё роўна ад назвы веяла старажытнасцю.
Трапіць туды ніяк не выпадала. І вось сёлета, абмеркаваўшы з блізкімі планы на адпачынак, мы вырашылі наведаць гэтае месца. Сёлета мы едзем у Фарос… Радасць перапаўняла сэрца. Праўда, па дарозе нашы намеры пачалі змяняцца – мы вырашылі спыніцца дзе-небудзь бліжэй. Але…
На першым прыпынку не спадабалася мора, на другім – курортны пасёлак, на трэцім – жыхары пасёлка. І мы едзем далей, да запаветнай мары.
Вось і доўгачаканы ўказальнік “Фарос”. Зварочваем, едзем яшчэ некалькі хвілін і прыпыняемся каля жанчын з шыльдамі “Кватэры”. Як робяць усе адпачываючыя, што едуць на поўдзень “дзікунамі”, выходзім з машыны, каб пашукаць месца часовага жытла, – і першае, што кідаецца ў вочы: невялічкі, быццам цацачны, храм на скале. Здаецца, рукой падаць, а на самой справе…



Храм на скале

Самая вядомая славутасць горада – храм Уваскрэсення Хрыста, пабудаваны ў 1892 годзе. Яго асаблівасцю з’яўляецца не толькі тое, што размешчаны ён на вяршыні Чырвонай скалы на вышыні 412 метраў над узроўнем мора, але і тое, што да з’яўлення “Ластаўчынага гнязда” менавіта Фароская царква была сімвалам паўднёвага берага Крыма.
Цікавай была і гісторыя будаўніцтва храма. Неяк на Курска-Харкаўскай чыгунцы адбылося крушэнне царскага цягніка, у якім ехаў імператар Аляксандр са сваёй сям’ёй. Цягнік на поўнай хуткасці сышоў з рэек пад адхон, амаль поўнасцю былі разбураны ўсе вагоны, і толькі адзін – з царскай сям’ёй – не разбіўся. А ў іх – цэлы і амаль непашкоджаны абраз Збавіцеля, падораны імператару перад дарогай.
Дзякуючы такому супадзенню і Божай міласці, усе члены царскай сям’і засталіся жывымі. Тады па ўсёй Расіі – і ў Крыме таксама – з нагоды гэтай падзеі пачалі будаваць храмы. І над Фаросам у 1892 годзе таксама ўзнёсся храм, пабудаваны купцом Аляксандрам Кузняцовым.
Унікальнасць храма і ў яго архітэктуры. Ён не толькі ўзведзены на стромкай скале, але і размешчаны не так, як звычайныя праваслаўныя храмы: Фароская царква звернута не на ўсход, а ў бок мора.
Вабіць храм і ноччу – падсвечаны з усіх бакоў пражэктарамі, ён велічна ўздымаецца і, здаецца, лунае паміж морам і гарамі.
І таму зусім не дзіўна, што ўсе, хто прыязджае ў Фарос або праязджае міма яго, стараюцца трапіць у храм.
Амаль на кожным кроку ў пасёлку стаяць заклікалы, якія за пэўную суму ўкраінскіх грыўнаў прапануюць давезці вас да храма. Але ведалі б вы, які зарад бадзёрасці атрымліваеш, калі даходзіш да яго сам! Ідзеш па дарозе, якая ўецца серпантынам і, здаецца, ніколі не скончыцца! – І з кожным новым паваротам храм адкрываецца ў новай прыгажосці. А калі заходзіш унутр – усю стомленасць як рукой здымае і аднекуль бяруцца сілы на зваротную дарогу. Назад ты не проста ідзеш, а, здаецца, ляціш на крылах.



Фароскі парк

Фарос – невялікі курортны пасёлак. Нават больш правільна сказаць –курорт для пенсіянераў і сем’яў з маленькімі дзецьмі. Спакойны, чысценькі (смецце вывозілі кожны дзень! – такое не часта ўбачыш у курортных гарадках Крымскага ўзбярэжжа), і кажуць, што той, хто прыехаў сюды хаця б раз, абавязкова вернецца. Што ж, будзе магчымасць праверыць гэта!
Яшчэ адной адметнасцю Фароса з’яўляецца парк. Закладзены ў 1834 годзе, ён і сёння вабіць сваёй незвычайнай прыгажосцю. Парк цудоўна захаваўся. І цяпер амаль побач з адносна новым будынкам санаторыя тут стаіць шыкоўны асабняк, пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя. Тады ж у парку былі ўстаноўлены фантаны і альтанкі, выкапаны басейны, у якіх пасяліліся экзатычныя расліны. А ў вадаёмах плавалі залатыя рыбкі, крабы і ракі.
Самым незвычайным месцам парка з’яўляецца “Райскі куток” з невялікімі азёрамі і сажалкамі, аб’яднанымі ў адзіную сістэму. Тут пануюць цішыня і спакой і ніколі не бывае ветру – хаця сам Фарос славіцца вятрамі (дарэчы, многія гісторыкі схіляюцца да таго, што назва пасёлка ўзяла пачатак ад грэчаскага слова, якое ў перакладзе азначае “вецер”). А вакол вадаёмаў з вялізнымі лілеямі і цяпер растуць юккі, кітайскія ядлоўцы, самшыты і розных відаў кіпарысы. У цэлым колькасць раслін парка набліжаецца да 330-350 відаў. І так прыемна гуляць сярод усяго гэтага багацця і лічыць сябе самым шчаслівым чалавекам на свеце.



А пры чым тут  першы касманаўт?

А ў цэнтры пасёлка ў невялікім скверыку размешчаны помнік… Каму б вы думалі? Юрыю Гагарыну. А побач праходзіць вуліца Касманаўтаў. Ці не дзіўна?
Спачатку – вельмі, а потым, калі даведаешся, што тут адпачывалі ўсе касманаўты з першага набору, і ў гонар іх названа вуліца, а ў гонар Юрыя Гагарына ўстаноўлены помнік, усё адразу ж становіцца на свае месцы.



Танцы каля мэрыі

Убачылі аб’яву пра правядзенне танцаў на адкрытай пляцоўцы – і ўспомнілі савецкія часы.
Гэта падзея была крыху незвычайнай і напачатку незразумелай. 21 стагоддзе – і раптам танцы на вуліцы… Два разы на тыдзень – у сераду і суботу – каля будынка мэрыі арганізуюцца дыскатэкі (бясплатныя) для ўсіх жадаючых. На вуліцы ўстанаўліваецца музычная апаратура, развешваецца светламузыка, і ў прызначаны час “танцы каля мэрыі” пачынаюцца. Як аказалася – самыя сучасныя, з дзі-джэем, з роляй якога цудоўна спраўляецца загадчык мясцовага клуба, з аб’яўленнем назвы песні і кароткім экскурсам у гісторыю яе існавання, са здымкамі на камеру. А потым відэаролікі і фотаздымкі выкладваюцца ў інтэрнэт. Цудоўная нагода стаць “зоркай”!



Эх, адпачынак!

Але хопіць пра Фарос. Давайце пра адпачынак. Ён таксама бывае розны. Актыўны і пасіўны, вясёлы і сумны, захапляючы і запамінальны…
Адны едуць да мора, каб вярнуцца на радзіму “неграмі” – і такія цэлы дзень ляжаць на пляжы, купаюцца, загараюць.
Іншыя прыходзяць на мора з раніцы, пакупаюцца – і адразу ж адпраўляюцца ў падарожжа па знакамітых мясцінах Крыма.
Трэція ўвесь час праводзяць у рэстаранах і кафэ.
У адпачынку і першых, і другіх, і нават трэціх (есці ж трэба!) ёсць рацыянальнае зерне. Важна, каб ён адпавядаў вашым густу і інтарэсам і запомніўся на цэлы год. Да наступнай паездкі на мора, у горы ці яшчэ куды-небудзь.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.