Тыдзень postfactum: перарваны палёт "Лакаматыва"

15:22 / 13.09.2011



Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Трагедыя пад Яраслаўлем, якая здарылася 7 верасня, адсунула на другі план усе астатнія падзеі мінулага тыдня.


У 16.02 гэтага дня пры ўзлёце з аэрапорта “Тунашма” пацярпеў крушэнне самалет з 45-ю пасажырамі на борце. 8 з іх з’яўляліся членамі экіпажа, а 37 былі ігракамі мясцовай каманды “Лакаматыў”, якая накіроўвалася ў Мінск на першы матч новага сезона кантынентальнай хакейнай лігі з нашым “Дынама”.
У адно імгненне не стала цэлай хакейнай каманды. Раптоўна абарваліся 43 чалавечыя жыцці. У дзесяткі сем’яў прыйшла бяда.
Сярод загінуўшых – лётчыкі, сцюардэсы, зоркі сусветнага хакея з Расіі, Швецыі, Чэхіі, Славакіі, Латвіі…
Канадскі трэнер…
І тры беларусы: легенда беларускага хакея Руслан Салей, 21-гадовы Сяргей Астапчук і трэнер па фізічнай падрыхтоўцы Мікалай Крываносаў.
Няхай прабачаць нас балельшчыкі з іншых краін, але адразу пасля паведамлення аб катастрофе першай была думка: ці былі на борце нашы? Ці ляцеў гэтым рэйсам Салей?
Ён стаў выступаць за яраслаўскі клуб толькі гэтым летам, пасля амаль 15-ці год, праведзеных у нацыянальнай хакейнай лізе. Вярнуцца з-за акіяна, каб знайсці сваю пагібель па дарозе дадому – што можа быць больш несправядлівым?!
Таму і цеплілася да апошняга слабая надзея: а раптам?
А раптам Руслан захацеў зараней прыехаць у Мінск, каб пабачыцца з сябрамі і блізкімі?
А раптам Сяргей, які ў мінулым годзе зрэдку трапляў у асноўны састаў каманды, і на гэты раз застаўся ў Яраслаўлі?
А раптам не спатрэбіўся ў Мінску Мікалай?..
Бліжэй да вечара, калі расійскае МНС апублікавала спіс загінуўшых, стала ясна, што цуду не здарылася.
Праўда, пазней на адным з інтэрнэт-сайтаў з’явіўся нібыта канчатковы спіс загінуўшых – і Руслана ў ім не было!
Не было роўна гадзіну ці крыху болей... Тэхнічная памылка ці што іншае – якая цяпер розніца? Слупок прозвішчаў на літару “С” жалобнага спіса папоўніўся яшчэ адной…
Чаму падобнае стала магчымым? Нам, зразумела, дадуць чарговы дзяжурны адказ. Спішуць усё на “чалавечы фактар” ці на “адмову тэхнікі”. Быў бы на ўзлётнай паласе стрэлачнік – спісалі б на яго.
Канешне, паветраны парк на прасторах былога СССР даўно патрабуе абнаўлення. “Як-42”, які разбіўся пад Яраслаўлем, 1993-га году выпуску і яго называюць ледзь не “дзіцём” у параўнанні з тымі самалётамі, якія выкарыстоўваюцца сёння на расійскіх авіялініях. Новыя ж “Боінгі” і “Эйрбасы” каштуюць шалёных грошай. Якіх у авіякампаній, асабліва невялікіх, няма. Аднак гэта толькі адзін бок медаля…
Нельга не звярнуць увагу на тую акалічнасць, што вельмі часта прычынамі авіякатастроф становяцца нейкія перашкоды, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад узлётна-пасадачнай паласы.
Самалёт прэзідэнта Польшчы пры пасадцы ў Смаленску зачапіўся крылом за бярозу...
Яраслаўскі “Як-42” – за антэну радыёсувязі. Няўжо яе знаходжанне ў гэтым месцы было так неабходна? Няўжо нельга забяспечыць свабодны калідор для палётаў на працягу не толькі 2 – 3 кіламетраў, а 10 – 20?! Без усялякіх там бяроз, антэн і будынкаў?!!
Ужо ў сераду да “Мінск-Арэны”, дзе павінен быў адбыцца дэбютны матч новага сезона кантынентальнай хакейнай лігі, пацягнуліся спартсмены, балельшчыкі, проста неабыякавыя людзі… Яны неслі кветкі, памінальныя свечкі… Хтосьці паклаў на пастамент ля арэны фірменную дынамаўскую бейсболку. Агульнае гора аб’яднала прыхільнікаў розных каманд…
Вечарам у чацвер, у час, калі хакеісты павінны былі выйсці на лёд, замест запланаванага рэпартажу тэлеканал “Лад” паказваў мастацкі фільм. А радок з тэкстам тэле-гіда настойваў, што на экране менавіта хакейны матч…
У прызначаны час і “Дынама”, і “Лакаматыў” сапраўды з’явіліся на лёдзе “Мінск-Арэны”. Праўда, клюшкі трымалі ў руках толькі гаспадары пляцоўкі.
Дынамаўцы схілілі калені перад партрэтамі ігракоў “Лакаматыва”... А затым падхапілі шайбы, што ляжалі побач, і адправілі іх ва ўласныя вароты. Так наша каманда аддала перамогу ў гэтым матчы сваім сапернікам. Перапоўненая “Мінск-Арэна” за гэтае “сухое” паражэнне сваіх куміраў не асудзіла і ва ўвесь голас скандзіравала назву яраслаўскай каманды.