Тыдзень postfactum: БА-ТЭ!

10:51 / 31.08.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Познім вечарам у мінулую сераду, здаецца, уся Беларусь, нягледзячы на асабістыя футбольныя сімпатыі, скандзіравала назву лепшай беларускай каманды.
БАТЭ зноў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў УЕФА!
10 гадоў таму аб падобным мы не маглі і марыць. За шчасце было проста паназіраць за футбольным святам, на жаль, на чужой вуліцы.
Калі ж 4 гады назад БАТЭ здзейсніў немагчымае і прабіўся ў фінальную стадыю самага прэстыжнага футбольнага турніру Еўропы, гэта здавалася маленькім, неверагодным цудам! Усё роўна, як выйгрыш у латарэю. Такое здараецца, але адзін раз у жыцці, не болей.
Як толькі ні называлі тады каманду: і калгаснікамі, і трактарыстамі, намякаючы на прыналежнасць да Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання.
Па вялікім рахунку, нешта блізкае да ісціны ў гэтым параўнанні ёсць. Толькі не крыўднае, а ганаровае! Падумаць толькі: нашу краіну на міжнароднай арэне які год запар прадстаўляе каманда з раённага цэнтра з бюджэтам, роўным кошту некалькіх аўтобусаў еўрапейскіх футбольных грандаў!
Аднак, нягледзячы на сціплыя грошы, сёння БАТЭ – вядомы еўрапейскі футбольны брэнд, які прымусіў сябе паважаць! Падстава для гэтага – 4 выдатныя еўрапейскія сезоны! І наперадзе нас чакае пятая, захапляючая футбольная восень! Да нас едуць зоркі сусветнага футбола з “Барселоны” і “Мілана”!
Хварэем за нашых! Перамогі прыйдуць!



ЛІВІЙСКІ ЗАЛОМ

На мінулым тыдні практычна ўсім стала зразумела, што лівійскі ўрад на чале з Муамарам Кадафі, нягледзячы на ўласныя аптымістычныя заявы, сітуацыю ў краіне, насамрэч, не кантралюе. Мяцежнікі захапілі сталіцу краіны Трыпалі, у тым ліку і былую рэзідэнцыю палкоўніка. Дзе знаходзіцца ён сам – невядома.
Тым часам па ўсёй Лівіі пануюць марадзёры і рабаўнікі. Міжнародныя праваахоўныя арганізацыі адзначаюць шматлікія факты насілля і помсты, якія суправаджаюцца такімі жахлівымі падрабязнасцямі, што прыводзіць іх на старонках газеты не ўяўляецца магчымым.
Кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў, якая праводзіць вайсковую аперацыю, заяўляе аб хуткім яе завяршэнні і перадачы ўсёй улады ў рукі часовага савета. Яго ўжо прызнаў Еўрасаюз, аднак не прызнала ні адна дзяржава Афрыканскага саюза.
Скептыкі сцвярджаюць, што аптымізм Еўропы дачасны, і на самой справе звяржэнне Кадафі зусім не азначае наступленне ў Лівіі эры дэмакратыі. Пад сцягам еўрапейскіх каштоўнасцяў і пры падтрымцы еўрапейскіх інвестараў да ўлады ідуць баевікі Аль-Каіды.
Шчыра кажучы, калі з экрана тэлевізара на цябе глядзяць лікуючыя “паўстанцы” і скандзіруюць не “Свабода, роўнасць, братэрства”, а “Алах акбар!”, разумееш, што апошняе меркаванне блізкае да ісціны.
Ды і ўспаміны аб афганскіх талібах, выпеставаных у свой час ЗША, яшчэ свежыя…



НАЦЫЗМ І СТАЛІНІЗМ АДНО І ТОЕ Ж?

23 жніўня, у чарговую гадавіну падпісання Дагавора (пакта) аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй, Еўропа адзначыла Дзень памяці ахвяр нацызму і сталінізму.
Ініцыятыва ўвядзення ў еўракаляндар дадзенага дня належала дэпутату Еўрапарламента з Латвіі Інэсе Вайдэрэ. Еўрадэпутату спатрэбілася ажно тры месяцы для таго, каб пераканаць калег па парламенту ў неабходнасці ўвядзення падобнага дня і сабраць неабходную колькасць подпісаў.
Прававая ацэнка дадзенаму дагавору, а менавіта дадатковаму пратаколу да яго, згодна з якім паміж Германіяй і Савецкім Саюзам былі падзелены сферы ўплыву ў Еўропе і Прыбалтыка апынулася ў складзе СССР, дадзеная ўжо даўно. Жаданне краін Балтыі яшчэ раз звярнуць на сябе ўвагу, выставіць у выглядзе ахвяры – цалкам зразумелае. Аднак наколькі разумна і справядліва ставіць знак роўнасці паміж Гітлерам і Сталіным? Так, сотні тысяч прыбалтаў, ні ў чым не вінаватых людзей былі дэпартаваны, вывезены ў Сібір і на Далёкі Усход.
А шэсць мільёнаў яўрэяў былі спалены ў гітлераўскіх крэматорыях, закатаваны ў лагерах, знішчаны ў газавых камерах.
У рэшце, менавіта СССР здзейсніў галоўны ўклад у перамогу над нацызмам, а бальшавікі ў свой час прыйшлі да ўлады не без дапамогі “латышскіх стралкоў”.
І калі ўжо гаварыць аб гістарычнай справядлівасці, то чаму сёння ў Прыбалтыцы забаронены сімвалы былога СССР, а ветэраны СС, пры маўклівай падтрымцы ўлад, маюць магчымасць здзяйсняць свае ўрачыстасці?