Тры па тры пытанні аб турызме на Астравеччыне

09:42 / 29.08.2011
1

Сяргей ШЭІН, начальнік аддзела фізічнай культуры і турызму Астравецкага райвыканкама.


— Па якіх трох прычынах варта наведаць Астравецкі раён?
— Па-першае, Астравеччына – гэта рэгіён, больш за палову тэрыторыі якога пакрываюць лясы. Тут шмат азёр і рэк з празрыстай, чыстай вадой. Напрыклад, Сарачанскія азёры – маляўнічы, некрануты куточак прыроды, якім захапляюцца ўсе нашы госці!
Наш раён славіцца цудоўнейшай прыродай. Я сам – гродзенскі. Прыехаў сюды па размеркаванні восенню 1978 года і напачатку закрэсліваў дні ў календары ў чаканні вяртання дадому. А калі надышла вясна і ўсё наўкола расцвіло, заквітнела – выкінуў гэты каляндар у сметніцу і застаўся тут назаўсёды!
Другая перавага Астравецкага раёна – зручнае геаграфічнае становішча. Канешне, мы знаходзімся на перыферыі Гродзенскай вобласці і ў сувязі з гэтым для мясцовых жыхароў існуюць пэўныя складансці. Але, з другога боку, дзякуючы зручным транспартным камунікацыям да нас лёгка трапіць з Літвы, Віцебскай, Мінскай абласцей. Ды і з Масквы і Санкт-Пецярбурга таксама!
Выгаднае геаграфічнае становішча Астравеччыны дазваляе турысту, які гасцюе ў нас, пазнаёміцца не толькі з нашым рэгіёнам, але і з суседняй Нараччу, Блакітнымі азёрамі, Вільнюсам…
У гэтым плане геаграфія ўжо забяспечыла нам частку турыстычнай інфраструктуры.
А трэцяе – гэта гасцінныя, добразычлівыя людзі, што тут жывуць. Адукаваныя прафесіяналы, якія працуюць у турыстычнай сферы.
Таму – усе госці, калі ласка, да нас!
— Якія тры турыстычныя аб’екты трэба ў першую чаргу наведаць гасцям Астравеччыны?
— Найперш — Гервяты. І не толькі дзеля таго, каб убачыць мясцовую святыню – непаўторны касцёл святой Троіцы і дэндрапарк пры ім. Я б парэкамендаваў заехаць на дубкоўскую Кальварыю, каб пакаштаваць вадзіцы з мясцовай крынічкі.
Ужо зараз Гервяты прымаюць па 3-4 турыстычныя аўтобусы ў дзень. А калі тут будзе створана адпаведная інфрастуктура, перакананы – гасцей будзе нашмат больш.
Ды і ўвогуле, у Гервяты варта прыехаць, каб убачыць сучасны аграгарадок.
На другое месца, думаю, можна паставіць Варняны. Турыстам будзе цікава пазнаёміцца са старажытным касцёлам святога Георгія, унікальнай сядзібнай забудовай канца 18-га стагоддзя, адметнай вежай на востраве, старым млыном…
І канешне, абавязкова трэба пабываць на нашых “Сарачанскіх каралях” – маляўнічым ланцужку азёраў. Там ужо ёсць дзе прыпыніцца, паставіць палатку, павудзіць рыбу, пасмажыць шашлыкоў…
Гэты рэйтынг турыстычных адметнасцяў, канешне, досыць умоўны і многае залежыць ад таго, з якой мэтай турыст прыедзе на Астравеччыну. Калі яго цікавяць гісторыка-археалагічныя аб’екты – гэта адно, гісторыка-культурныя – другое, а калі на мэце проста адпачыць на прыродзе – гэта ўжо трэцяе.
Мы ў стане арганізаваць любы від адпачынку і задаволіць інтарэс самага дапытлівага турыста!
— Назавіце тры складаемыя паспяховасці турыстычнай дзейнасці.
— Першае і самае галоўнае – гэта адпаведная – яркая, запамінальная – інфраструктура, якая павінна ўключаць у сябе аб’ект для агляду, наведвання. Ім можа з’яўляцца і нейкае месца на ўлонні прыроды, дзе можна проста любавацца краявідам, слухаць птушак, дыхаць чыстым паветрам… Як гэта называецца ў нашым бізнесе, неабходны “турыстычны прадукт”. А ўжо вакол яго – нармальныя пункты харчавання, месцы грамадскага карыстання і г.д.
Па вялікаму рахунку, усе яны, у той ці іншай ступені падрыхтаванасці, у нас ёсць.
Другое – гэта, зразумела, чалавечы патэнцыял, штат прафесіяналаў, якія працуюць у турыстычнай галіне, чалавечыя якасці гэтых людзей. Такія, як гасціннасць, добразычлівасць… Яны здаюцца нязначнымі, аднак у турыстычнай дзейнасці прыносяць істотныя эканамічныя дывідэнды! Таму што ад таго, як сустрэнуць турыста, як на яго паглядзяць, што скажуць, залежыць увесь канчатковы поспех!
А трэцяе – гэта разуменне і падтрымка з боку ўлады, адсутнасць штучных перашкод, наяўнасць патрэбнай нарматыўнай базы.
А яшчэ патрэбны ўдача, вера, ініцыятыва…
І тады ўсё абавязкова атрымаецца!


Пытанні задаваў Эдуард СВІРЫД.