Новыя ўзнагароды лёгкаатлетаў Астравеччыны

15:49 / 10.05.2011

У канцы красавіка ў Гродна прайшлі абласныя спартакіяды па лёгкай атлетыцы сярод выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ 1994-95 і 1997-98 гадоў нараджэння. У спаборніцтве ўдзельнічала 19 каманд з усёй вобласці.


На першым спаборніцтвы, якое праходзіла 22-23 красавіка, Астравецкі раён прадстаўляла дружная каманда з 15 юных спартсменаў, якія паказалі добрыя вынікі. Дзіма Бернатовіч у скачках у даўжыню “даскочыў” да пятага месца. Максім Букель у гэтым жа відзе лёгкай атлетыкі заняў трэцяе месца. Анжаліка Маркоўская штурханула ядро на “бронзу” і кінула дыск на “серабро”. Выдатна выступілі ў бегу брат і сястра Скварцовы: Лёша на дыстанцыі 400 метраў заняў трэцяе месца, а на дыстанцыі 400 метраў з бар’ерамі стаў чэмпіёнам. Яго сястра Юля таксама не падвяла каманду: на дыстанцыі 400 метраў прыбегла другой, а на 200 метраў не пакінула нікому шансаў і таксама стала чэмпіёнкай.
Томас Нарушыс у спартыўнай хадзьбе на 3 кіламетры стаў “сярэбраным” прызёрам. А Яна Гануліч у бегу на дзвюх дыстанцыях – 100 метраў і 100 метраў з бар’ерамі – была першай.
У эстафеце і юнакі, і дзяўчаты сталі чацвёртымі. У выніку астравецкія лёгкаатлеты занялі пятае агульнакаманднае месца.
А ўжо 26-27 красавіка “стартанула” другая абласная спартакіяда – удзельнікаў 1997-98 гадоў нараджэння. Астравецкая каманда ў складзе шасці спартсменаў таксама годна прадэманстравала свае здольнасці і папоўніла скарбонку ўзнагарод.
Алег Золатаў усяго крыху не дацягнуў да прызавога месца і на дыстанцыі 300 метраў стаў чацвёртым. Наталля Ермаковіч у спартыўнай хадзьбе на 3 кіламетры заняла пятае месца. На “пяцёрку” прабег 600 метраў Руслан Сянкевіч. Саша Букель у скачках у вышыню стаў “бронзавым” прызёрам, а Аліна Саўко ў бегу на дыстанцыі 600 метраў – “сярэбранай”. І цудоўным “залатым дублем” завяршыў свае спаборніцтвы Максім Андралойць – у штурханні ядра і лёгкаатлетычным сямібор’і юнак стаў чэмпіёнам. У выніку ж астраўчане занялі чацвёртае агульнакаманднае месца.
Віншуем рабят і іх трэнера з новымі поспехамі!


Марына МАЦКЕВІЧ.