Юныя астравецкія хакеісты сталі трэцімі ў рэспубліцы

18:41 / 05.04.2011
1

З 28 па 31 сакавіка ў Пружанах адбыўся фінал рэспубліканскага спаборніцтва па хакею “Каласок” сярод дзяцей і юнакоў сельскіх населеных пунктаў 1994-98 гадоў нараджэння. Нагадаю, што пасля перамогі на абласной спартакіядзе права прадстаўляць Гродзенскую вобласць у фінале атрымала дружная каманда юных астравецкіх хакеістаў.


Пасля жараб’ёўкі ў сапернікі астраўчанам дасталіся Аршанскі раён, як прадстаўнік Віцебскай вобласці і Магілёўскі раён аднайменнай вобласці. У другой групе гулялі Хойніцкі раён (Гомельская вобласць), Мінскі раён і гаспадары з Брэстчыны – Пружанскі раён.
Спаборніцтва праходзіла па наступнай схеме: кожны матч уключаў у сябе 4 таймы па 15 хвілін. Першыя 10 хвілін гулялі старэйшыя ўдзельнікі 1994-95 гадоў нараджэння, у наступную пяцімінутку на лёд выходзілі малодшыя – 1996-98 гадоў нараджэння.
У першай сустрэчы нашы рабяты “скрыжавалі” клюшкі з аршанцамі, якія аказаліся сур’ёзнымі і моцнымі сапернікамі і спачатку вялі 8:1. Аднак астраўчане змаглі ўзяць сябе ў рукі, сканцэнтраваліся на гульні – і шайба раз-пораз ляцела ў вароты праціўнікаў. У выніку 18:11 – чыстая перамога нашых хакеістаў. І гэта настолькі падбадзёрыла астраўчан, што наступных праціўнікаў з Магілёўскага раёна яны “разбамбілі” амаль з сухім лікам 16:1. Такім чынам, нашы спартсмены занялі першае месца ў групе і павінны былі змагацца за першае месца ўвогуле. Але зараз у спаборніцтва ўвялі новую сістэму паўфінальных гульняў, дзе каманда Астравеччыны сустрэлася з гаспадарамі. Напэўна, пружанцам дапамаглі родныя сцены, бо матч скончыўся з лікам 9:6 на іх карысць. У другім паўфінале каманда з Оршы выйграла па булітах у Хойнікаў.
Гульня за трэцяе месца, дзе на лёд выйшлі каманды Астравецкага і Хойніцкага раёнаў, напэўна, надоўга запомніцца як самім хакеістам, так і гледачам. Бо за гадзіну, якую доўжыўся матч, эмоцыі, адчуванні і перажыванні змяняліся амаль кожную хвіліну. Асаблівы напал страсцей прыпаў на апошні тайм. За чатыры хвіліны да фіналу астраўчане прайгравалі 9:14. Трэнер рабят Я.М. Яфімаў узяў хвілінны тайм-аут. На спаборніцтве прысутнічалі і падтрымлівалі ігракоў многія бацькі нашых хакеістаў. І гэтая падтрымка плюс карысныя парады трэнера зрабілі неверагоднае – літаральна за хвіліну яны не толькі зраўнялі лік, але і вырваліся наперад – 15: 14. Аднак не ўтрымалі лідарства да канца і матч скончыўся нічыёй 15:15. Надышла чарга серыі булітаў. І тут з вынікам 3:1 астраўчане перамаглі.
Фінал паміж Пружанамі і Оршай закончыўся на карысць гаспадароў.
Такім чынам, нашы хакеісты – трэція ў рэспубліцы. Мы шчыра віншуем усіх рабят і іх трэнера!


Марына МАЦКЕВІЧ.