Астравецкі баксёр Дзіма Лабэцкі стаў трэцім

17:28 / 14.03.2011
З 7 па 10 сакавіка ў Магілёве праходзіў пяты міжнародны турнір па боксу памяці трэнера Рыўкіна. Дэманстраваць майстэрства ўдараў і тэхніку бою туды адправіўся і выхаванец астравецкага трэнера ДзЮСШ А.З. Маргужа кандыдат у майстры спорту Дзмітрый Лабэцкі.

Трэба адзначыць, што зараз Дзіма спрабуе сябе ў дзвюх катэгорыях. І калі на мінулых спаборніцтвах ён выступаў у вагавой катэгорыі 46 кілаграмаў, то ў Магілёве вырашыў паспрабаваць у 48 кілаграмах.
Першы свой бой астраўчанін выйграў, што называецца “на адным дыханні” – лёгка і прыгожа. А ў наступным паядынку яго сапернікам стаў пераможца першынства Рэспублікі Беларусь у адпаведнай вагавой катэгорыі, мясцовы выхаванец вучылішча алімпійскага рэзерву. Як адзначыў Аляксей Зянонавіч, па ўсіх паказчыках перамога была на баку Дзімы – гэта нават прызнавалі магілёўскія трэнеры. Аднак у выніку па ачках 3:2 суддзі прызналі мацнейшым баксёра-саперніка. У Дзімы – “бронзавае” месца.


Марына МАЦКЕВІЧ.