Віталій Бандарэнка – чэмпіён!

17:31 / 31.01.2011

З 24 па 29 студзеня ў Магілёве праходзіў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па боксу. Сярод лепшых спартсменаў скураных пальчатак краіны, якія ўдзельнічалі ў чэмпіянаце, былі і нашы землякі.


У вагавой катэгорыі 52 кілаграмы выступаў майстар спорту Рэспублікі Беларусь Сяргей Лобан, дарэчы, мінулагодні чэмпіён гэтага спаборніцтва. А вось сёлета хлопцу не асабліва пашанцавала. У першым жа баі яго сапернікам стаў гаспадар рынгу – баксёр з Магілёва, які ў выніку па незразумелым для прысутных рашэнні суддзяў стаў пераможцам сустрэчы, а пасля і наогул чэмпіянату. А наш Сяргей стаў чацвёртым.
Другі астраўчанін, кандыдат у майстры спорту Уладзімір Мацкела, вагавая катэгорыя да 75 кілаграмаў, першы бой выйграў. А вось у другім фартуна над ім злосна пажартавала – па волі жараб’ёўкі сапернікам хлопца стаў яго зямляк Віталь Бандарэнка. У выніку было прынята агульнае рашэнне і Уладзімір Мацкела быў зняты са спаборніцтва ўрачом.
А майстар спорту міжнароднага класа Віталь Бандарэнка прадоўжыў барацьбу недарэмна. У фінальным баі ён сустрэўся на рынгу са сваім даўнім сапернікам з Мінска Мікалаем Весяловым. Як адзначылі пасля кампетэнтныя ў боксе людзі, гэта быў цікавы, відовішчны і сур’ёзны бой сусветнага ўзроўню, з відавочнай перавагай астраўчаніна. У выніку суддзям не было да чаго прычапіцца і па ачках 6:4 Віталь Бандарэнка стаў чэмпіёнам. Віншуем!
Акрамя перамогі хлопец яшчэ атрымаў аўтаматычны пропуск на ўдзел у чэмпіянаце свету, які адбудзецца ў горадзе Баку. І калі там ён трапіць у васьмёрку мацнейшых, ёсць рэальны шанс атрымаць ліцэнзію на ўдзел у Алімпійскіх гульнях.


Марына МАЦКЕВІЧ.