Валейбольны турнір прайшоў у Гудагаі

14:59 / 28.01.2011

Нядаўна ў Гудагайскай СШ прайшоў  ужо традыцыйны, шосты калядны турнір па валейболу.


За ўвесь час правядзення гэтага турніру ў ім прымалі ўдзел каманды з розных раёнаў Гродзенскай вобласці. У гэтым годзе прыехалі пазмагацца ў валейбольным майстэрстве: чэмпіён Ашмянскага раёна каманда ААТ “Будаўнік”, чэмпіён Астравецкага раёна каманда ФСК, прызёр першынства Астравеччыны зборная Гудагая і прызёр першынства з Ашмян – валейбалісты ААТ “ Ашмянскі мясакамбінат”. Гульні праводзіліся па кругавой сістэме, што і дало магчымасць выявіць мацнейшых.
У першай сустрэчы ААТ “Будаўнік” выйграў у сваіх таварышаў з ААТ “ Ашмянскі мясакамбінат” – 2:0. А вось у гульні гаспадароў турніру і каманды ФСК у трэцяй партыі больш пашанцавала гудагайцам. Далей усе каманды мелі шанс на перамогу, бо вынік сустрэч вырашаўся выключна ў трэцяй партыі. У выніку ААТ “Будаўнік” выйграў у гаспадароў  2:1, а ФСК перамог  ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” 2:1. Толькі сустрэча Гудагай – ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” на дзіва паспяхова склалася для гудагайцаў, якія і перамаглі 2:0.
У выніку месцы ў калядным турніры па валейболе размясціліся наступным чынам. ААТ “Будаўнік” заняў першае месца, у Гудагая “серабро”, ФСК “Астравец” на трэцім месцы і ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” на чацвёртым.
Хочацца падзякаваць валейбалістам з Ашмянскага раёна за пастаянны ўдзел у спаборніцтве і спадзявацца, што ў наступным годзе сустрэнемся зноў.


У. БАТУРА, настаўнік фізкультуры Гудагайскай СШ.