Астраўчане – чэмпіёны!

11:02 / 08.12.2010

Чарговыя спартыўныя ўзнагароды рэспубліканскага ўзроўню прыехалі ў Астравец. На гэты раз іх  прывезлі на радзіму нашы юныя спартсмены з рэспубліканскага турніру па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1994-95 і 1996-97 гадоў нараджэння, які праходзіў 2 снежня ў Мінску.


На турнір паспаборнічаць у розных відах спорту сабраліся некалькі каманд дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ сталіцы, а таксама абласныя зборныя. Напрыклад, Гродзеншчыну, акрамя астравецкіх рабят, прадстаўлялі ўдзельнікі з Іўя, Смаргоні, Воранава і Ліды.
Аднак нашы юныя спартсмены не згубіліся сярод іншых і прадэманстравалі, што на Астравеччыне падрастаюць будучыя зоркі лёгкай атлетыкі. Сярод старэйшых удзельнікаў – 1994-95 гадоў нараджэння – Раман Грамбоўскі з гімназіі штурхануў ядро на “сярэбраны” вынік сярод 19 прэтэндэнтаў. Яго дасягненне паўтарыў вучань Варнянскай СШ Томас Нарушыс, які таксама заняў другое месца – толькі ў спартыўнай хадзьбе на два кіламетры. А гімназіст Максім Букель стаў чэмпіёнам па скачках у вышыню.
Прыемна парадавалі і спартсмены малодшай групы. Максім Андралойць, вучань СШ №1, у штурханні ядра заняў другое месца сярод 33 удзельнікаў. Насця Рароўская з Гудагайскай СШ не пакінула ніякіх шансаў сваім сапернікам у спартыўнай хадзьбе на дыстанцыю адзін кіламетр і стала пераможцай спаборніцтва. Наталля Ермаковіч (СШ №1) у гэтым жа відзе спорту заняла трэцяе месца, а Саша Букель з гімназіі па скачках у вышыню стаў чацвёртым.
Выдатныя поспехі юных лёгкаатлетаў – гэта ў многім заслуга іх трэнераў. Медалі рабят – гэта яшчэ і перамога І.Д. Гануліча, В.У. Марцішэўскага, А.У. Блашкевіча.


Марына МАЦКЕВІЧ.