Спартакіяда сярод сельскіх жыхароў прайшла ў "Стайках"

17:20 / 04.11.2010

З 28 па 30 кастрычніка ў рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве алімпійскага спартыўнага комплексу “Стайкі” праходзіла рэспубліканская спартакіяда сярод сельскіх жыхароў. У склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці ўваходзілі таксама і чатыры лёгкаатлеты з Астравецкага раёна, якія сваімі дасягненнямі прынеслі камандзе агульнае першае месца.





Спартсменка, актывістка і проста прыгажуня – усё гэта можна сказаць пра ўсмешлівую і хуткую Насцю Нядвецкую з Варнян, якая зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. На спартакіядзе зноў не было роўных астравецкай “маланцы”. Дыстанцыю 100 метраў яна прабегла з залатым вынікам – 13,8 секунды. Скачок у даўжыню з месца таксама не склаў асаблівых цяжкасцей для Насці – 229 сантыметраў – першае месца. Дыстанцыю на 400 метраў дзяўчына прабегла з другім вынікам – 1 хвіліна 08 секунды. Было бачна, што перамогі ў гэтых спаборніцтвах ёй даліся лёгка, без асаблівых намаганняў. Па суме ўсіх перамог Насця ў выніку стала залатой чэмпіёнкай рэспублікі ў мнагабор’і.
У старэйшай узроставай катэгорыі звыш 35 гадоў сярод жанчын у спаборніцтвах удзельнічала Яніна Філіповіч, настаўніца фізкультуры Трокеніцкай БШ. Стометроўку яна прабегла з “сярэбраным” вынікам – 15,2 секунды. А на скачках у даўжыню з месца жанчына паўтарыла дасягненне Насці – таксама 229 сантыметраў і залаты медаль. Дыстанцыю на 400 метраў Яніна прабегла за 1 хвіліну і 37 секунд і заняла трэцяе месца. У агульным заліку жанчына стала сярэбранай прызёркай.
Сярод мужчын бліскучыя лёгкаатлетычныя вынікі дэманстраваў аднакласнік і сябар Насці Нядвецкай – дарэчы, яны зараз вучацца на адным курсе аднаго ўніверсітэта – Руслан Пляўга з Вароны. Ён з лёгкасцю прабег 100 метраў з найлепшым паказчыкам – 11,2 секунды. У скачках у даўжыню з месца хлопцу таксама не было роўных, яго вынік – 296 сантыметраў (уявіце сабе, скокнуць з месца амаль на тры метры!). Дыстанцыю на 800 метраў Руслан прабег за 2 хвіліны 07 секунды – другое месца. Два першыя месцы і адно “серабро” – у выніку Руслан становіцца чэмпіёнам рэспублікі.
Яшчэ адзін удзельнік з Астравеччыны, настаўнік фізкультуры Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання Артур Грачанік, таксама годна падтрымаў каманду. У яго – трэцяе месца на стометроўцы (11,7), чацвёртае – у скачках у даўжыню з месца (279 сантыметраў) і чацвёрты вынік на дыстанцыі 800 метраў (2 хвіліны 10 секунд). У агульным заліку Артур заняў другое месца.
Усе пераможцы атрымалі медалі, граматы, кубкі, а за першыя месцы – і грашовыя прэміі. Такім чынам, з дапамогай астравецкага квартэта зборная Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы заняла агульнакаманднае першае месца.


Марына МАЦКЕВІЧ.