Удар правай – золата, левай – серабро...

14:43 / 18.05.2010

На мінулым тыдні наша газета паведамляла пра поспехі астравецкіх баксёраў у красавіку, а ўжо і май папоўніў скарбонку рознымі ўзнагародамі майстроў скураной пальчаткі.


У літоўскім горадзе Каўнасе праходзіў турнір памяці Шосцікаса, у якім прымалі ўдзел баксёры з Украіны, Расіі, Беларусі, Ірландыі і іншых краін. Астраўчанін Віталій Бандарэнка зноў быў на вышыні баксёрскага майстэрства. Ён правёў 3 баі, у якіх атрымаў бліскучую перамогу. У фінале Віталій сустрэўся на рынгу з ірландцам і ў другім раундзе адправіў саперніка ў накаўт. Бясспрэчная перамога і залаты медаль.
У Гомелі адбыўся турнір па боксу памяці Юркава. Там гонар Астраўца абаранялі Максім Дрэма, Дзіма Карвэцкі і Ігар Ліпскі. Максім спачатку добра вёў бой, выйграваў па ачках, пасля яны зраўняліся, а ў выніку наш зямляк прайграў саперніку.
Дзіму Карвэцкаму пашанцавала больш – ён выйграў у расіяніна, украінца, а ў трэцім баі сустрэўся з Ягоранкам, якому прайграў Максім Дрэма і «адпомсціў» за таварыша – выйграў па ачках 4:2. Такім чынам, у Дзімы – першае месца.
Ігар Ліпскі таксама не пакінуў шансаў сваім сапернікам і ўпэўнена “набаксіраваў” на залаты медаль.
А з 13 па 15 мая ў горадзе Крупкі праходзіў шосты рэспубліканскі турнір па боксу. Пасля якога астравецкія ўдзельнікі прывезлі дадому два другія месцы – іх занялі Мікіта Власенка і Дзіма Касцючэнка. А Аляксандр Грынчук, Дзіма Юцкевіч і Вадзім Змітровіч сталі “залатой” тройцай прызёраў.


Марына МАЦКЕВІЧ.