Першыя медалі ў новым годзе

00:19 / 12.02.2010
Чарговыя навіны ад нашых баксёраў: за месяц новага года яны паспелі прыняць удзел у спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу, пабаксіраваць на класі-фікацыйным турніры і правесці раённае першынство па боксу. І, канешне ж, заваяваць медалі. І калі ўсё паспяваюць?!
З 18 па 24 студзеня ў Маладзечна праходзіў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па боксу. Сярод удзельнікаў з усёй краіны былі і нашы землякі, гонар Астравеччыны – Віталь Бандарэнка, Сяргей Лобан і Уладзімір Мацкела.
На жаль, Уладзіміру Мацкела (вагавая катэгорыя 69 кілаграмаў) у гэтым чэмпіянаце не пашанцавала – ён “нарваўся” на вельмі моцнага саперніка, які не дазволіў яму прадэманстраваць усе здольнасці ў наступных баях.
Для Віталія Бандарэнка (75 кілаграмаў) фартуна таксама была не вельмі спрыяльнай. Ён упэўнена выйграў тры баі і жаданае “золата” было амаль у руках. Але ў апошнім баі на рынг выйшаў пастаянны сапернік Віталія з Мінска – Мікалай Весялоў. Яны правялі прыгожы бой, у выніку якога суддзі ў чарговы раз па ачках аддалі перавагу мінчаніну. У Віталія – “серабро”.
А вось у вагавой катэгорыі 48 кілаграмаў не было роўных Сяргею Лобану. Цудоўная тэхніка, дакладныя прафесійныя ўдары, упэўненасць у сабе – і ўсе сапернікі засталіся па-за рынгам. А Сяргей атрымаў залаты медаль і статус чэмпіёна краіны. Дарэчы, па ўмовах чэмпіянату ўсе залатыя прызёры прымуць удзел у чэмпіянаце Еўропы, які адбудзецца ў Маскве ў чэрвені.
28 студзеня ў Слоніме прайшоў класіфікацыйны турнір па боксу, куды пабаксіраваць прыебылі і 13 удзельнікаў з Астравецкай ДзЮСШ.
Акрамя нашай дэлегацыі, на турнір яшчэ прыехалі юныя баксёры з Ліды, Баранавічаў, Гродна і Слоніма. Па словах трэнера Аляксея Зянонавіча Маргужа, спаборніцтвы атрымаліся добрымі, а яго галоўнай задачай было паказаць навічкоў. Што тычыцца больш вопытных выхаванцаў – яны, як і належыць, перамагалі. У ліку пераможцаў Саша Дрэйчук, Марк Маргуж, Максім Дрэма і тры Дзімы – Яновіч, Юцкевіч, Лабэцкі.
А 29-30 студзеня ў Астраўцы праходзіла першынство дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па боксу. Пра турнір мы папрасілі больш падрабязна расказаць трэнера А.З. Маргужа.
–Турнір праходзіў у адрамантаванай зале спартыўнай школы. У ім прынялі ўдзел 22 удзельнікі. Кожны з іх правёў па два баі. Велізарнае дзякуй бацькам – не пашкадавалі часу, прыйшлі, падтрымлівалі, апладзіравалі. Каго можна адзначыць? Ды ўсе проста малайцы! Першынство ў нас распачыналі Раман Дрэма, які ходзіць у дзіцячы садок, і першакласнік Руслан Карвэль. Яны так баксіравалі, так “запалілі” залу – гэта быў клас! Паўтаруся, нельга кагосьці адназначна вылучыць – усе трымаліся прафесійна, правялі цудоўныя баі. Словам, турнір атрымаўся і, спадзяюся, усім спадабалася.

Марына МАЦКЕВІЧ.