Александр Ляхович продолжает покорять спортивные вершины
Наш зямляк, ураджэнец вёскі Варняны, Аляксандр Ляховіч працягвае скараць спартыўныя вяршыні.
На Кубку Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе “Нашы надзеі”, якія прайшлі ў Гомелі напрыканцы красавіка, лёгкаатлет заняў 1 месца ў спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 20 кіламетраў і ўстанавіў асабісты рэкорд – 1:21.12 секунд.
З кожным сезонам спартыўныя вынікі Аляксандра толькі паляпшаюцца. У мінулым годзе на чэмпіянаце Беларусі спартсмен прайшоў 10 кіламетраў з вынікам 40.12,56. У гэтым сезоне ён паказаў час 39.40,97. Аналагічная сітуацыя склалася і на Кубку Беларусі. Летась 20 кіламетраў лёгкаатлет “прайшоў” за 1:21.14, а сёлета ўстанавіў асабісты рэкорд – 1:21.12 – гэта ўлічваючы неспрыяльнае надвор’е – моцны вецер і праліўны дождж.
Хадок міжнароднага ўзроўню Віктар Гінько ў інтэрв’ю сайту Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі выказаў меркаванне, што ў больш камфортных умовах Аляксандр Ляховіч ужо зараз можа “выйсці” з 1 гадзіны 21 хвіліны.
Віншуем земляка з цудоўным вынікам і жадаем новых перамог!
Факт
На Кубку Беларусі сёлета перамогу святкавала Брэсцкая вобласць (24 ачкі). На другім месцы – Магілёўская вобласць (20 ачкоў), а на трэцім – Гродзенская (18 ачкоў).