Прошел Кубок Островецкого района по шашкам

11:52 / 24.03.2017

6a6ki1.jpgМайстры стратэгіі і тактыкі “хадзілі” па полі і вырываліся ў “дамкі” – на базе Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прайшоў Кубак Астравецкага раёна па шашках сярод працоўных калектываў.

Паспаборнічаць у шашачным турніры сабраліся прадстаўнікі сямі каманд: цэнтральнай раённай бальніцы, КСУП “Гервяты”, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і тры зборныя РУП “Беларуская АЭС” – “БелАЭС-прэміум”, “БелАЭС-экстра” і “БелАЭС-электра”.

Схіліўшы галовы, удзельнікі варушылі звілінамі і прадумвалі далейшыя хады: адны да апошняга сцераглі свае шашкі, другія, наадварот, хутчэй пазбаўлялі сябе і саперніка ад лішніх фігур на полі – і гульня набывала яшчэ большую вастрыню і непрадказальнасць.

У выніку ў асабістым заліку сярод мужчын першае месца заняў Віктар Памецька з ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, другое – у Дзмітрыя Семянецкага з “БелАЭС-прэміум”, трэцяе – у яго калегі з “БелАЭС-электра” Алега Клюшына. 

Сярод удзельніц-шашыстак перамогу святкавала Аліна Бокун – прадстаўніца каманды “БелАЭС-прэміум”. На другім месцы – Аляксандра Цэйка з ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, трэцяе заняла ўдзельніца каманды ЦРБ Зінаіда Валэйка.

У агульнакамандным заліку першай стала каманда “БелАЭС-прэміум”, другой – ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, трэцяй – “БелАЭС-электра”.

Каманда-пераможца і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі і дыпломамі. А лепшыя ў асабістым заліку, акрамя дыпломаў, атрымалі прызы.


6a6ki.jpgУ той дзень вялі шашачныя баі не толькі прадстаўнікі працоўных калектываў Астравеччыны, але і школьнікі – тут жа праходзілі раённыя спаборніцтвы сярод хлопцаў і дзяўчат 2003-2006 гадоў нараджэння.

У турніры ўдзельнічалі каманды з шасці навучальных устаноў раёна: Гервяцкай сярэдняй школы, гімназіі №1, Гудагайскай сярэдняй школы, Кямелішкаўскіх ясляў-сада-сярэдняй школы, СШ №2 г. Астравец і Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы.

У выніку лепшымі шашыстамі сярод хлопцаў сталі Яраслаў Савін з гімназіі №1, Максім Мядэйша з Кямелішкаўскіх ясляў-сада-сярэдняй школы і Мікіта Базюк з Гервяцкай СШ – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

Сярод дзяўчат першае месца заняла вучаніца Кямелішкаўскіх ясляў-сада-сярэдняй школы Дзіяна Жакун, другое – Караліна Андрыеўская з Гудагайскай СШ, трэцяе месца ва ўдзельніцы каманды Гервяцкай СШ Аляксандры Субач. 

У агульнакамандным заліку прызавыя месцы размясціліся наступным чынам: на першым – Кямелішкаўскі яслі-сад-сярэдняй школы, на другім – Гервяцкая СШ, на трэцім – гімназія №1.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.

Марына МАЦКЕВІЧ,

ostrov-red.matskevich@tut.by

Текст: