Сергей Лобан побеждает в польском городе Островец-Свентокшиский

12:13 / 15.03.2017

boks.jpg

Сяргей Лобан працягвае дэманстраваць на рынгу добрую фізічную форму і дакладныя ўдары.

Як расказаў астравецкі трэнер па боксе А.З. Маргуж, нядаўна ў польскім горадзе Астравец-Свентакшыскі праходзілі матчавыя сустрэчы паміж баксёрамі Беларусі і Польшчы. У складзе беларускай нацыянальнай зборнай выступаў і Сяргей Лобан.

На рынгу наш зямляк сустрэўся з чэмпіёнам Польшчы. Бой атрымаўся цікавым, відовішчным і паспяховым для Сяргея – ён бліскуча прадэманстраваў майстэрства ўдараў “правай і левай” і ў выніку святкаваў перамогу.

Аднак у агульнакамандным выніку беларускія баксёры ўступілі сапернікам з Польшчы з розніцай у 4 ачкі – 10:14.  

Адзінаццаць з адзінаццаці

Восем залатых медалёў, адзін сярэбраны і два бронзавых –  бліскучы вынік старанных трэніровак, загартоўвання сілы духа, узаемаразумення выхаванца і трэнера, а таксама моцнага жадання перамагчы астравецкіх баксёраў, якія цудоўна выступілі на адкрытым першынстве вобласці сярод удзельнікаў 2001-2002 і 1999-2000 гадоў нараджэння.

Нашы юныя віртуозы скураных пальчатак не пакінулі абсалютна ніякіх шансаў сапернікам і ў добрым сэнсе “парвалі” іх на рынгу. Адзінаццаць удзельнікаў з Астравеччыны – столькі ж медалёў папоўнілі іх скарбонку.

Максім Каспяровіч, Алег Батура, Яўген Красоўскі, Вадзім Мароз, Артур Цехановіч, Вадзім Сачко, Аляксандр Філіповіч, Дзмітрый Хадорскі правялі падчас баёў сапраўдныя майстар-класы і аказаліся на вышыні баксёрскага алімпу – заваявалі залатыя медалі.

Арцёму Каспяровічу ў фінальным паядынку “пашчасціла” аказацца на рынгу з Дзмітрыем Хадорскім, таму ў любым выпадку нашы баксёры аказаліся медалістамі – і Арцём заняў другое месца.

Добра зарэкамендавалі сябе і двое навічкоў, якія адносна нядаўна пачалі займацца боксам, – Іван Васільчык і Яўген Баханцоў (разам з Вадзімам Сачко яны трэніруюцца ў маладога трэнера Дзмітрыя Юцкевіча). Хлопцы правялі дастойныя баі і ў выніку сталі бронзавымі прызёрамі.

Можна па-рознаму бавіць свой вольны час: ляжаць на канапе, падарожнічаць у сусветным павуцінні, гуляць у віртуальныя войны ці “гаспадарыць” на “ферме”. А можна пачынаць дзень з зарадкі ці прабежкі, з радасцю ісці на трэніроўку, штодзень удасканальваць свае сілы і развівацца не толькі фізічна, але і духоўна. І ваш арганізм абавязкова скажа дзякуй, бо ў здаровым целе – здаровы дух.

Бронза ў гонар чэмпіёна

Аляксандр Філіповіч стаў бронзавым прызёрам на 12-ым юнацкім Мемарыяле алімпійскага чэмпіёна па боксе Дана Пазняка, які прайшоў у Вільнюсе.

Венгрыя, Фінляндыя, Літва, Турцыя, Ізраіль, Польшча, Францыя – і гэта не ўвесь пералік краін, спартсмены з якіх спаборнічалі на гэтым турніры. Дастойна выглядалі на рынгу і прадстаўнікі Астравеччыны.

Аляксандр Філіповіч, які выступае ў вагавой катэгорыі 75 кілаграмаў, у першым паядынку выйграў у саперніка з Польшчы. Наступны бой астраўчанін правёў з прадстаўніком Аўстрыі – і тут прадэманстраваў цудоўную тэхніку і ўпэўнена перамог.

У паўфінале сапернікам нашага спартсмена стаў баксёр з Францыі. Аляксандр Філіповіч праклаў усе намаганні да перамогі, аднак у выніку перавага аказалася на баку француза. Астраўчанін – бронзавы прызёр.

У спаборніцтве таксама ўдзельнічаў Вадзім Мароз. На жаль, яму пашанцавала менш, чым таварышу, – астраўчанін у першым баі ўступіў аўстрыйцу. Аднак выступленне ў турніры прынесла хлопцу свой плён – ён зноў паспрабаваў свае сілы на міжнародным узроўні і атрымаў добры вопыт.

Марына МАЦКЕВІЧ.  

Текст: