Приверженцы здорового образа жизни из Островца приняли участие в велопробеге, который организовала Сморгонская пограничная группа

09:13 / 06.09.2016
велопробег с пограничникамиСмаргонская пагранічная група не раз станавілася арганізатарам  велапрабегаў для сваіх супрацоўнікаў. На гэты раз у велападарожжа, якое закончылася фестывалем бардаўскай песні, прысвечаным Году культуры, ваеннаслужачыя запрасілі ўсіх жадаючых. У вызначаны час групы, якія збіраліся ў Астраўцы, Ашмянах Смаргоні і Паставах,  адправіліся ў велападарожжа, канечным  пунктам сустрэчы якога стаў аграгарадок  Жупраны ў Ашмянскім раёне.

У Астраўцы аматары здаровага ладу жыцця – пагранічнікі, актывісты БРСМ, супрацоўнікі фізкультурна-спартыўнага клуба і проста аматары веласпорту –  сабраліся на цэнтральнай плошчы.

Маршрут велапрабегу  праходзіў праз вёскі Ізабеліна, Дайлідкі, Тракелі, станцыю Ашмяны, вёскі Баранцы да Жупран і складаў 25 кіламетраў. Але гэта нікога не спалохала: з  дарослымі ехалі нават  дзеці. Адзін з іх – сямігадовы Ягор Ражко, які разам з татам-пагранічнікам вырашыў адправіцца ў велападарожжа.

– Мы з татам трэніраваліся, – расказвае Ягор. –  Праязджалі па 15 кіламетраў у дзень. Думаю, што 25 я таксама праеду.

Пяцікласніка Сашу Ёдзіка таксама не спалохала такая “недзіцячая” адлегласць – амаль усё лета ён правёў на веласіпедзе. Ды і мама  побач!

Фотаздымак на памяць – і група астраўчан у суправаджэнні машын  міліцыі і пагранічнікаў адпраўляецца ў велападарожжа. Пераадольваючы кіламетр за кіламетрам, яны набліжаліся  да пункта сустрэчы:  апошні паварот – і погляду адкрываюцца Жупраны.  Менавіта тут запланавана  адкрыццё фестывалю бардаўскай песні, якое завяршылася  велафлэшмобам.

– Гэта было сапраўднае відовішча, – дзеліцца ўражаннямі намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Сяргей Філатаў. – Падчас флэшмобу прадстаўнікі розных раёнаў, людзі, многія з якіх упершыню бачылі азін аднаго,  сталі адзінай камандай. Адбылося гэта дзякуючы  ініцыятару і арганізатару мерапрыемства  намесніку камандзіра Смаргонскай пагранічнай групы Анатолю Рыдкіну.

велопробег с пограничниками1Здаецца, адно з выпрабаванняў пераадолена. Але наперадзе было яшчэ некалькі.  Аматары здаровага ладу жыцця і песні накіраваліся ў аздараўленчы летнік Замосце – тут прайшоў  фестываль бардаўскай песні.

Сваіх выканальнікаў выставілі і астравецкія веласіпедысты: ваеннаслужачы тэрміновай службы Анатоль Астапенка і намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Сяргей Філатаў былі ўзнагароджаны Дыпломамі камандзіра Смаргонскай пагранічнай групы.

Яшчэ адным выпрабаваннем, якое ў той дзень чакала ўдзельнікаў свята песні і здаровага ладу жыцця, стала веласіпедная паласа перашкод. З ёй  годна справілася супрацоўніца Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Амалія Азацян.

– Калі мне прапанавалі прыняць удзел у велапрабегу, я адразу ж згадзілася. Аднак дэманстраваць навыкі язды на веласіпедзе падчас паласы перашкод зусім не збіралася, але давялося, –  расказвае  Амалія. –   Выпрабаванняў было шмат: васьмёрка, пераадольванне бар’ераў, праезд паміж калодкамі і па жолабу, перавоз шклянкі з вадой і шмат іншых – гэта было складана і цікава адначасова.

– Спадабалася ўсё. Асабліва арганізацыя мерапрыемства, – працягвае Амалія. – Уся праграма была распланавана літаральна да хвіліны, а кожны, хто стаў яе ўдзельнікам, атрымаў шмат пазітыўных эмоцый і ўражанняў.

Незабыўная весіпедная “прагулка”, добры настрой, песні пад гітару, якія падпявалі ўсе гледачы, цікавыя конкурсы і віктарыны, а таксама смачны абед з палявой кухні…  – апошнія летнія выхадныя сталі сапраўдным святам не толькі для пагранічнікаў.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.