Островчане стали участниками велопробега, организованного Сморгонской пограничной группой
Стаць удзельнікам велапрабегу і выйграць веласіпед можна было ў мінулую суботу падчас забаўляльнага мерапрыемства “Караоке на паляне”, арганізатарам якога стала кіраўніцтва Смаргонскай пагранічнай групы.
У мінулым годзе пагранічнікі ўпершыню арганізавалі велапрабег, які закончыўся цікавай забаўляльнай праграмай. “Першы блін” аказаўся смачным і прывабным – і традыцыю вырашана было прадоўжыць.
Па загаддзя распрацаванаму маршруту ў вызначаны час групы веласіпедыстаў, у якія збіраліся ўсе жадаючыя, адправіліся з Астраўца, Ашмян і Смаргоні, каб сустрэцца ў Жупранах, дзе прайшло афіцыйнае адкрыццё мерапрыемства “Караоке на паляне”.
З самай раніцы аматары здаровага ладу жыцця сабраліся на плошчы ў Астраўцы. Побач з дарослымі стаялі веласіпеды і дзеці – многія з іх ужо не першы раз з’яўляюцца ўдзельнікамі велапрабегу.
Адзін з такіх – Ягор Ражко, які ў другі раз вырашыў пераадолець маршрут і стаць удзельнікам цікавых конкурсаў, арганізаваных пагранічнікамі.
– Гэта наша другая паездка, – расказвае яго тата, Андрэй Ражко. – Думаем, што будзе цікава. Ягор збіраецца не толькі праехаць па маршруту, але і паўдзельнічаць у спаборніцтвах.
Побач з мамай-пагранічніцай ехаў на веласіпедзе і Максім Бунар. У мінулым годзе хлопчык суправаджаў калону веласіпедыстаў у пагранічнай машыне, а сёлета перасеў на веласіпед. І ўпэўнены, што пераадолее ўсе выпрабаванні – побач мама, якой сын вельмі ганарыцца.
Словы прывітання, наказ на дарогу ад першага намесніка камандзіра часці Уладзіміра Мельнічэнкі – і група астравецкіх веласіпедыстаў адправілася па маршруту. Ён, дарэчы, самы працяглы – 25 кіламетраў неабходна было пераадолець аматарам-спартсменам, каб дабрацца да фінальнай кропкі падарожжа – але гэта нікога не спалохала.
– У велапрабегу ўсёй сям’ёй мы ўдзельнічаем першы раз, – дзеляцца ўражаннямі Максім, Людміла і Мікалай Хамянок. – Спадзяёмся, што маршрут пройдзе спакойна і без перашкод, а сённяшняе мерапрыемства стане для нашай сям’і добрай традыцыяй.
З задавальненнем далучыліся да велапрабегу і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, групу якіх узначаліў начальнік аддзела Максім Шыхалёў.
– Нас няшмат, але, спадзяюся, мы зможам “узяць” якасцю свайго ўдзелу ў конкурсах, – адзначыў начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У аздараўленчым летніку ў Замасцянах Ашмянскага раёна аматараў здаровага ладу жыцця чакала забаўляльная праграма.
Тут кожны мог прадэманстраваць свае таленты ў спартыўных конкурсах і “Караоке на паляне”, выпрабаваць шанцаванне ў латарэі, галоўным прызам якой быў веласіпед. Яго, дарэчы, атрымала спецыяліст цэнтра сувязі Вольга Еланская. Не засталіся без падарункаў самы маленькі і самы мудры ўдзельнікі мерапрыемства.
Конкурсы і спаборніцтвы, прыемныя сюрпрызы і велафлэшмоб, канцэртная праграма і віктарыны, смачная салдацкая каша і чай – мерапрыемства запомнілася, як сцвярджалі яго ўдзельнікі, надоўга.
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
.