"Журналистское расследование". Сколько стоит родить ребёнка?

15:00 / 12.04.2014
Сёння нараджэнне дзіцяці – не таннае задавальненне, хоць пра такую шчаслівую
падзею ў жыцці бацькоў не хочацца гаварыць мовай лічбаў і правяраць, наколькі патанчэе іх кашалёк, калі ў іх сям’і з’явіцца гэты праменьчык шчасця. Тым не менш, плануючы папаўненне, не лішнім будзе даведацца: колькі ж сёння каштуе нарадзіць дзіця? Безумоўна, усе затраты падлічыць наўрад ці магчыма. Тым больш, што яны з кожным годам будуць толькі павялічвацца. За аснову возьмем набор рэчаў, які спатрэбіцца малышу пасля выпіскі з раддома.

Для сну і прагулак

Перш за ўсё спатрэбіцца дзіцячы ложак. Сёння буйныя рэчы выгадна купляць праз інтэрнэт. Карыстаюцца попытам ложкі, якія трансфармуюцца ў канапу і могуць служыць вашаму дзіцяці да 14 гадоў. Аднак каштуюць такія мадэлі каля 4 мільёнаў. Калі ў нас нарадзілася дачушка, мы з мужам спыніліся на звычайным дзіцячым ложку з цэльнай драўніны, з шуфлядкай для бялізны, з трыма ўзроўнямі вышыні дна і са здымнай бакавінай за 1,6 мільёна рублёў.
Яшчэ купілі матрас з какосавым напаўняльнікам – 350 тысяч, камплект з бялізнай, коўдрай, падушкай і мяккімі борцікамі – 800 тысяч, яшчэ адзін камплект бялізны – 300 тысяч, пялёнкі – 5 цёплых і 5 тонкіх – 300 тысяч, тры цыраты – у ложак, каляску і на пеленальны столік – 150 тысяч.
Каляску таксама танней купляць праз інтэрнэт. Я выбрала ўніверсальную 2 у 1 з люлькай для самых маленькіх і з прагулачным блокам для большых дзетак. Матрас, маскітная сетка, дажджавік, сумка для мамы ўваходзяць у камплект. Такую каляску можна купіць за 3,2 мільёна рублеў.
Спатрэбіцца яшчэ плед у каляску – 300 тысяч рублеў.
Для паездак на аўтамабілі купім аўтамабільнае крэсла для дзетак ад 0 да 25 кілаграм за 1,5 мільёна рублёў. начыць, каб вашаму дзіцяці спалася і гулялася зручна і камфортна, спатрэбіцца ні многа, ні мала – 8,5 мільёна рублеў.



Адзенне

Адзенне – гэта адна з самых сур’ёзных катэгорый затрат на малыша. Якой маме, асабліва, калі ў яе першае дзіця, не хочацца, каб яе карапуз быў прыгожа апранутым? Тым больш, калі сёння ў магазінах столькі прыгожага адзення для дзяцей. Выбіраеш забаўныя шапачкі з вушкамі ды вочкамі – і разумееш, што, напэўна, яшчэ ў дзяцінстве ты марыла стаць мамай, калі прыбірала сваю ляльку Барбі. Аднак усю прыгажосць мы купім пазней, зыходзячы з патрэб дзіцяці, свайго густу і магчымасцей сямейнага бюджэту. А першы спіс адзення для малыша будзе крайне лаканічным.
Купім паўзункі (4 штукі) – 160 тысяч, бодзі з доўгімі рукавамі (4 штукі) – 200 тысяч, баваўняныя кофтачкі (4 штукі) – 200 тысяч, кофтачку вязаную цёплую – 80 тысяч, распашонкі (4 штукі) – 60 тысяч, баваўняныя камбінезоны (2 штукі) – 300 тысяч, шкарпэткі (4 пары) – 50 тысяч, каптурыкі (2 штукі) – 20 тысяч, шапачка для вуліцы – 60 тысяч, рукавічкі – 10 тысяч, камбінезон для вуліцы – 400 тысяч. На ўсё спатрэбіцца прыкладна 1,5 мільёна рублёў.



Для кармлення

Нават калі жанчына корміць немаўля сваім малаком, здараюцца сітуацыі, калі ёй неабходна адлучыцца і пакінуць у халадзільніку сцэжанае малако. Таму посуд для малыша ў любым выпадку спатрэбіцца. Купім дзве бутэлечкі – 90 тысяч, ёршык для мыцця бутэлечак – 50 тысяч, лыжачку з мяккім наканечнікам – 20 тысяч, тры нагруднікі – 70 тысяч, 2 пустышкі – 60 тысяч.
Можна яшчэ купіць падагравальнік бутэлечак за 600 тысяч і стэрылізатар за 1 мільён рублеў, аднак мы спынімся на бабуліных метадах.
Адзінае, што можа спатрэбіцца, – гэта малакаадсос. Можна купіць танны за 40 тысяч пры ўмове, што сцэжваць малако вы будзеце нячаста. Калі ж па той ці іншай прычыне вам давядзецца пастаянна карміць немаўля сцэжаным малаком – не пашкадуйце грошай і купіце якасны малакаадсос. Каштуе такі каля 700 тысяч рублёў.



Сродкі гігіены

Больш за ўсё грошай “цягнуць” падгузнікі. Аднак сёння цяжка ўявіць, як без іх, ды яшчэ і без пральных машын, гадавалі нас нашы мамы. Мы ж, распешчаныя радасцямі цывілізацыі, перш-наперш купім падгузнікі, ды яшчэ вялікую ўпакоўку – 200 тысяч рублёў.
Для купання неабходна купіць ванначку – 150 тысяч, тэрмометр для вады – 30 тысяч, губку для купання – 20 тысяч, ручнікі – два вялікія, два маленькія – 250 тысяч. Таксама спатрэбяцца бяспечныя дзіцячыя нажніцы – 50 тысяч, дзіцячыя шчотка з грэбенем – 70 тысяч. На сродкі гігіены – шампунь, гель для купання, дзіцячае мыла, прысыпку, дзіцячы крэм, дзіцячае масла, крэм пад падгузнік, крэм ад ветру для прагулак, вільготныя сурвэткі, ватныя тампоны і ватныя палачкі – вам давядзецца патраціць каля 350 тысяч рублёў. На ўсё пра ўсё – 1 мільён 120 тысяч рублёў.



А як у іншых?

Расія
Дэкрэтны адпачынак по догляду за дзіцём у суседняй краіне складае 3 гады.
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці – 13 741 расійскіх рублёў (3,7 мільёна беларускіх рублёў). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці – 515 расійскіх рублёў (140 000 беларускіх рублёў).
Акрамя таго, у Расіі, існуе мацярынскі капітал, які выплачваецца сем’ям пры нараджэнні другога дзіцяці. Гэта вельмі істотная падтрымка сем’яў з дзецьмі. Яго памер складае 429 408 расійскіх рублёў (116 мільёнаў беларускіх!). Аднак траціць гэтыя сродкі можна толькі шляхам безнаяўных пералічэнняў на набыццё ці будаўніцтва жылля, навучанне дзяцей і на фарміраванне накапляльнай часткі працоўнай пенсіі маці.
Штомесячная дапамога па догляду за дзіцём ва ўзросце да 1,5 гадоў складае 40 працэнтаў ад зарплаты маці, а ад 1,5 да 3 гадоў выплачваецца кампенсацыя – яе сума залежыць ад рэгіёна.


Англія
Дэкрэтны адпачынак доўжыцца 52 тыдні (13 месяцаў), 39 з якіх аплачваюцца.
За першыя 6 тыдняў жанчына атрымлівае 90 працэнтаў сваёй зарплаты, за астатнія 33 тыдні – 123 фунты (каля 200 долараў) кожны тыдзень.
Акрамя таго, пасля нараджэння дзіцяці кожнаму з працуючых бацькоў прадстаўляецца адзін ці два тыдні адпачынку, каб дапамагчы ў доглядзе за малышом.


ЗША
Дэкрэтны адпачынак залежыць ад таго месца, дзе ты працуеш. У аднаго работадаўцы прадугледжана ўсяго 6 тыдняў дэкрэтнага адпачынку, у другога – 3 месяцы. За гэты час маці атрымлівае 100 працэнтаў зарплаты. Ніякіх субсідый і матэрыяльнай дапамогі не выдаецца. Толькі ў выпадку вельмі нізкага даходу можна разлічваць на бясплатныя прадукты для дзіцяці.


Францыя
Дэкрэтны адпачынак доўжыцца ўсяго 16 тыдняў (6 тыдняў – да родаў і 10 тыдняў – пасля нараджэння дзіця). І калі вашаму немаўляці споўніцца 2,5 месяцы, вы павінны выйсці на работу. З кім пры гэтым пакінеце малыша – ваша асабістая справа. Можаце, вядома, глядзець яго і самі, але ваш работадаўца не абавязаны захоўваць за вамі ваша працоўнае месца – і, хутчэй за ўсё, не стане гэта рабіць: вашы дзеці – вашы праблемы.
Дапамога на дзіця падчас гэтых 16 тыдняў складае 90 працэнтаў ад зарплаты, якую атрымлівала маці.
Акрамя таго, будзе выплачвацца штомесячная дапамога на дзіця да трох гадоў – 190 еўра.
Аднаразовая дапамога жанчыне на сёмым месяцы цяжарнасці складае прыкладна 900 еўра.



Падлічым!

Шляхам нескладаных матэматычных вылічэнняў атрымліваем кругленькую суму – 11, 5 – 12,2 мільёна рублёў. Гэта – сярэдні варыянт. Безумоўна, лічбы могуць змяняцца як у адзін, так і ў другі бок, у залежнасці ад фінансавых магчымасцей бацькоў. Да таго ж, траты з кожным месяцам будуць павялічвацца да “плюс бясконцасці”.
І нават гэта сярэдняя сума можа падацца занадта вялікай. Аднак не трэба забывацца пра дапамогу дзяржавы. А яна, хоць і любім мы наракаць на наша беднае жыццё, істотная. Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае 11 280 700 рублёў, другога і наступных дзяцей – 15 793 000 рублёў. Гэтага якраз хопіць на самыя першыя рэчы, якія спатрэбяцца вашаму малышу. А для другога-трэцяга расходы будуць нават меншыя: ложак, каляску, ванначку, сёе-тое з адзення і іншыя “тысячы дробязей” купляць ужо не спатрэбіцца.
Сёння аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці, – 1 128 100 рублёў. Штомесячная дапамога па догляду за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў складае на першае дзіця – 1
946 300 рублёў, на другое і наступных дзяцей – 2 224 300 рублёў. І самае галоўнае – дэкрэтны адпачынак даўжынёй у тры гады і магчымасць мамы прысвячаць увесь час свайму любімаму малышу: у высокаразвітых еўрапейскіх краінах пра такое жанчыны могуць толькі марыць.
Так што хоць нараджэнне дзяцей – клопатная і дарагая справа, але якое ж гэта ні з чым непараўнальнае і нічым не вымяральнае шчасце! Не верыце? Праверце!


----------------------------------------------
Падрыхтавала Вольга ШОЎКУН.