Журналісцкае расследаванне: "Алё, таксі на Валадарскага!"

14:57 / 04.02.2011
1

Таксі стала неад’емнай часткай жыцця любога горада, нават такога невялікага, як Астравец. І калі раней ездзіць на таксі лічылася раскошай, то сёння гэта хутчэй сродак перамяшчэння. Тым больш, што да паяздоў, якія прыбываюць на чыгуначную станцыю “Гудагай”, не заўсёды ёсць аўтобус. Таму жыхарам раёна, якія не маюць уласнага аўто,  даводзіцца даволі часта карыстацца паслугамі таксістаў. Гэта зручна, хутка, а часам – жыццёва неабходна. Тым не менш, у людзей часта ўзнікаюць пытанні, звязаныя з работай таксістаў. Сёння мы пастараемся адказаць на асноўныя з іх.




Чаму ў розных таксістаў розныя цэны на праезд?

У №6 “Астравецкая праўда” за 26 студзеня 2011 года паведамляла, што ў рэдакцыю звярнулася жанчына з пытаннем: у адпаведнасці з чым таксісты бяруць плату за праезд? На што ў аддзеле эканомікі райвыканкама адказалі, што таксіст мае права сам вырашаць, якую цану яму выставіць за праезд. Але гэта зусім не значыць, што вадзіцель бярэ гэтую цану з галавы і памер платы за паслугі залежыць ад яго сквапнасці. Міністэрствам транспарту і камунікацый распрацаваны рэкамендацыі па разліку тарыфаў на перавозкі пасажыраў у таксі, якімі і карыстаюцца вадзіцелі. Для разліку тарыфаў па спецыяльных формулах выкарыстоўваецца такая інфармацыя, як марка і мадэль аўтамабіля, сярэдняя даўжыня паездкі з пасажырамі, расходы на паліва (а розныя аўтамабілі выкарыстоўваюць розныя віды паліва – бензін, дызель ці газ), кошт аўтамабільных шын, адлегласць падачы, прабег аўтамабіля і іншая.  Атрымліваецца, што кожны вадзіцель нясе розныя расходы на паліва, амартызацыю машыны – адсюль і розныя цэны на праезд.
Тарыфы ўключаюць у сябе падачу аўтамабіля (але часцей затраты на гэтую паслугу ўжо ўключаны ў склад агульнагаспадарчых расходаў), пасадку ў таксі, 1 кіламетр прабегу, 1 гадзіна прастою.


Так, у аднаго з таксістаў Астраўца ТАРЫФЫ НАСТУПНЫЯ:
*праезд па горадзе ад кропкі да кропкі (мінімальная стаўка) – 5000 рублёў (у тым ліку і ноччу);
*пасадка – 2000 рублёў;
*1 кіламетр – 1300 рублёў;
*міжгародні тарыф – 1100 рублёў за кіламетр;
*1 гадзіна прастою – 20 000 рублёў.
Дзейнічае акцыя – дзясятая паездка бясплатная.


ДЛЯ ПАРАЎНАННЯ Ў МІНСКУ:
*пасадка – 2800 рублёў,
*1 кіламетр – 1500-2000 рублёў,
*па горадзе (мінімальная стаўка) – 8000-10000 рублёў,
*міжгародні тарыф – 1800 рублёў за кіламетр,
*прастой 1 гадзіна – 26000.



Чаму я так дорага заплаціў?

Часта пасажыр задае такое пытанне таксісту, пры гэтым просіць заехаць па дарозе ў магазін і каб яго пачакалі, а потым яшчэ зазірнуць да сябра. Як мы ўжо казалі, мінімальная стаўка – гэта праезд ад кропкі да кропкі. Калі ж вам трэба па дарозе вырашыць яшчэ некалькі пытанняў, то вадзіцель можа вас пачакаць, але за гэта вам давядзецца і заплаціць. Як вядома, час – гэта грошы, а тым больш для вадзіцеляў таксі.
А вось у выпадку, калі вы ведаеце больш кароткую дарогу да канечнай кропкі маршруту, то вы маеце права патрабаваць ад вадзіцеля ехаць па найкарацейшаму дазволенаму для праезду шляху.
Некаторыя лічаць, што таксісты бяруць вельмі дорага за праезд. Але ж, калі вылічыць з заробленых грошай падаткі, затраты на паліва, на змазачныя і іншыя эксплуатацыйныя матэрыялы, на рамонт і тэхабслугоўванне аўтамабіля, на замену шын, амартызацыю машыны, то стос грошай стане намнога танчэйшым. А дадайце сюды яшчэ небяспеку гэтай прафесіі, плюс неабходнасць працаваць вечарам, у выхадныя і святочныя дні…



Варта ведаць:

*Вадзіцель таксі абавязаны пасля пасадкі пасажыра ўдакладніць пункт прызначэння і пачаць рух з уключаным таксометрам.
*Таксісту забараняецца перавозіць пасажыра з выключаным ці няспраўным таксометрам, а таксама нельга закрываць таксометр якімі-небудзь прадметамі.
*Па заканчэнні перавозкі таксіст павінен выдаць пасажыру касавы чэк і правесці з ім разлік.
*Вадзіцель мае права высадзіць пасажыра з таксі, калі той п’яны, неахайны, нецэнзурна выказваецца, і патрабаваць аплаты за праезд да кропкі прымусовай высадкі.
*Пасажыр павінен аплаціць кошт падачы транспартнага сродку ў выпадку несвоечасовай адмовы заказу на перавозку (адмяніць заказ можна не пазней за 30 хвілін да прыбыцця таксі на месца).
*Пасажыр мае права правозіць з сабой бясплатна іншых пасажыраў.



Чаму я павінен плаціць за тое, што мы стаім на пераездзе?

Справа ў тым, што заказчык не абавязаны плаціць толькі за прастой, які адбываецца па віне вадзіцеля. А ў выпадку закрытага пераезду віны вадзіцеля няма, таму пасажыру трэба будзе заплаціць і за прастой на пераездзе. У рэшце рэшт, таксіст траціць свой час і адмаўляецца ад іншых заказаў.
Па гэтай прычыне ў Мінску ў гадзіну-пік лепш адмовіцца ад паслуг таксі, таму што вы можаце прастаяць гадзіну ў пробцы і вылажыць яшчэ за гэта кругленькую суму.



Чаму ноччу немагчыма выклікаць таксі?

У вялікіх гарадах існуюць цэлыя службы таксі, дзе для вадзіцеляў распрацаваны спецыяльны графік, і вы можаце заказаць машыну ў любы час сутак. У Астраўцы, як вядома, працуюць толькі прыватнікі, якім, як і нам з вамі, часам неабходна адпачываць. Пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый для вадзіцеляў устаноўлены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выхаднымі, які не павінны перавышаць 40 гадзін у тыдзень. Таксісты маюць права самі складаць сабе графік работы і вырашаць, калі ім працаваць – у якія дні і ў які час сутак.



Туды і назад бясплатна!

Яшчэ адно непаразуменне часта здараецца паміж вадзіцелем і пасажырам. Тыповая сітуацыя: чалавек забыў у Гудагаі ў поездзе тэлефон, просіць таксіста адвезці яго на станцыю, а потым назад у Астравец. Пасажыр часта лічыць, што за праезд туды-назад ён павінен заплаціць, як за праезд у адзін бок. “Вы ж усё роўна вяртаецеся ў Астравец пустым”, – такая псіхалогія ў заказчыка. Але ж калі вы купляеце білет на поезд туды-назад, то плаціце за два білеты, і наўрад ці ў вас хопіць фантазіі сказаць правадніку, што плаціць не будзеце, бо поезд усё роўна будзе вяртацца назад. Таму тут два варыянты: таксіст вяртаецца назад адзін ці з кліентам, які плаціць за праезд.



Цікава ведаць:

Радзімай таксі па праву лічыцца Францыя. Першымі сродкамі для прыватнага возніцтва былі конныя экіпажы. Заезны двор, дзе яны размяшчаліся, знаходзіўся непадалёк ад царквы св. Фіякра – адсюль і пайшла даволі незвычайная назва першых у свеце грамадскіх экіпажаў. Матарызаваныя “фіякры” (без коней) з’явіліся ў 1896 годзе. Ззаду “фіякра” ўстанавілі бензінавы рухавік, а каля сядзення фурмана – руль і рычагі кіравання.
Японскія таксісты – узор ветлівасці і пунктуальнасці, а салоны аўтамабіляў часам забяспечаны міні-халадзільнікамі, тэлевізарамі і масажнымі крэсламі. Да такога сэрвісу японцаў абавязвае высокі ўзровень беспрацоўя.
А вось амерыканская таксі-індустрыя не адрозніваецца высокім узроўнем якасці, бо за рулём часцей за ўсё знаходзяцца эмігранты, якія не знайшлі іншага віду заробку.
Таксі ў Велікабрытаніі – гэта сапраўдная славутасць. Да сённяшняга дня легендарныя “кебы” важна раз’яжджаюць па вуліцах Лондана. Кеб лічыцца самай дарагой разнавіднасцю таксі. Гэта абумоўлена перш за ўсё прафесіяналізмам іх вадзіцеляў. Для таго, каб атрымаць права займацца возніцтвам, ім неабходна здаць спецыяльны экзамен, які ўключае ў сябе праверку не толькі ведаў правілаў дарожнага руху, але і ўмення арыентавацца ў горадзе. Ды ўвогуле, лонданскія таксі, згодна з праведзеным апытаннем, былі прызнаны самымі лепшымі і бяспечнымі ў свеце.
У Фінляндыі ёсць спецыяльны нумар 008, па якім можна заказаць таксі з любой кропкі Фінляндыі. Усе дыспетчары гэтай службы валодаюць фінскай, шведскай і англійскай мовай, а часам можна трапіць і на таго, хто разумее па-руску. А вось займацца прыватным возніцтвам у Фінляндыі не прынята.


Рэйтынг тарыфаў на праезд у таксі больш чым у ста буйных гарадах свету прадставіў міжнародны турыстычны партал Price of Travel. У рэйтынгу ўказваецца тарыф з разліку максімальнага і мінімальнага для дадзенай мясцовасці кошту на адлегласць 3 кіламетры.


ДЗЯСЯТКА САМЫХ ТАННЫХ ТАКСІ СВЕТУ:
$0.90 – $1.58 Дэлі, Індыя
$1.04 – $1.73 Каір, Егіпет
$1.14 – $1.71 Ла-Пас, Балівія
$1.17 – $1.87 Маніла, Філіпіны
$1.22 – $2.03 Мехіка, Мексіка
$1.23 – $2.94 Панама, Панама
$1.23 – $1.68 Кута, Балі, Інданэзія
$1.24 – $1.86 Фес, Марока
$1.29 – $1.94 Куала Лумпур, Малайзія
$1.50 – $2.99 Пекін, Кітай.


ДЗЯСЯТКА САМЫХ ДАРАГІХ ТАКСІ СВЕТУ:
$11.11 – $13.89 Рым, Італія
$11.29 – $14.52 Лондан, Велікабрытанія
$12.05 – $15.06 Стакгольм, Швецыя
$12.50 – $16.67 Ніца, Францыя
$13.03 – $16.13 Токіа, Японія
$13.47 – $13.47 Амстэрдам, Нідэрланды
$13.89 – $19.44 Хельсінкі, Фінляндыя
$15.28 – $19.44 Манака, Манака
$17.12 – $22.26 Осла, Нарвегія
$18.18 – $24.24 Цюрых, Швейцарыя.


Калі б Мінск прымаў удзел у гэтым рэйтынгу, то пры кошце праезду за кіламетр 1300-1800 рублёў трапіў бы ў дзясятку самых даступных па цане таксі з паказчыкам $1.26 - $1.69 (за 3 км).


Падрыхтавала Вольга ШОЎКУН.