"Журналистское расследование". Как решить жилищный вопрос?

12:00 / 07.02.2014
1
Хто з нас не марыць жыць у вялікім прыгожым доме ці ва ўласнай кватэры, абуладкаваць яе ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і патрэбамі? На жаль, не заўсёды мары ажыццяўляюцца, і ў жыцці многія сутыкаюцца з праблемай: дзе жыць? Што лепш – зняць ці пабудаваць кватэру? А ў апошні час у многіх жыхароў краіны, у тым ліку і Астраўца, якія не паклапаціліся пра прыватызацыю кватэр зараней, узнікла яшчэ і гэтая праблема.
Усе гэтыя пытанні мы пастараліся раскрыць у журналісцкім раследаванні.

Прыватызацыя

Апошнія месяцы ажыятаж назіраецца з прыватызацыяй кватэр. Што адбываецца?
Справа ў тым, што 1 студзеня 2012 года створаны новы від дзяржаўнага жыллёвага фонду – жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання. А з сакавіка мінулага года ўступіў у дзеянне новы “Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь”. Менавіта тады ў ім з’явілася норма, якая прадугледжвала, што грамадзяне, якія пражываюць у кватэрах і дамах дзяржаўнага жылфонду, павінны будуць, акрамя аплаты камунальных паслуг, плаціць яшчэ і за карыстанне жылымі памяшканнямі. Але тады, напэўна, на гэта амаль ніхто не звярнуў увагі – “Жыллёвы кодэкс”, як і іншыя заканадаўчыя акты, чытаюць не ўсе.
А 16 снежня мінулага года быў падпісаны Указ Прэзідэнта №563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносінаў”. І навіну аб тым, што дзяржаўнае жыллё, якое жыхары не паспеюць прыватызаваць да 1 ліпеня 2016 года, будзе пераведзена ў камерцыйнае, якая прагучала па ўсіх тэлеканалах, пачулі ўсе. І людзі сталі высвятляць, што і як ім рабіць.
– Да 1 ліпеня 2016 года любы грамадзянін можа скарыстацца сваім правам на прыватызацыю кватэры. Парадак прыватызацыі ўстаноўлены Главой 23 “Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь”. Многія прайшлі працэдуру прыватызацыі яшчэ ў дзевяностыя гады і да гэтага часу паспяхова забыліся пра ўсё. Гэта звычайная адміністрацыйная працэдура, – расказвае юрыст Астравецкага РУП ЖКГ Уладзімір Феліксавіч Макарэвіч. – Грамадзянам неабходна звярнуцца ў службу “Адно акно”, якая размешчана ў Астраўцы на вуліцы Набярэжнай, 2, і напісаць заяву з просьбай прыватызаваць кватэру. Да заявы неабходна прыкласці і шэраг дакументаў: пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні (для непаўналетніх асоб), даведку аб складзе сям’і, даведку з БТІ аб тэхнічных характарыстыках кватэры і іншыя. Зрэшты, кожны выпадак разглядаецца ў індывідуальным парадку, і таму пра неабходныя дакументы лепш за ўсе вам раскажуць у службе “Адно акно” Астравецкага райвыканкама ці ў Астравецкім РУП ЖКГ.
Заява разглядаецца ў месячны тэрмін, робіцца разлік кошту жылля ў існуючых цэнах і вызначаецца парадак яго аплаты. Гэтая працэдура праводзіцца згодна з палажэннем “Аб вызначэнні кошту аб’ектаў прыватызацыі”, якое было прынята 28 мая 2013 года. З актам ацэнкі знаёмяцца жыхары кватэры, а потым рыхтуецца рашэнне аб прыватызацыі.
На працягу года пасля прыняцця рашэння аб прыватызацыі грамадзянін павінен выплаціць 10 працэнтаў кошту кватэры і аформіць у натарыуса дагавор куплі-продажу. Калі ўсе тэрміны сышлі, працэдуру афармлення прыватызацыі давядзецца пачынаць спачатку.
Пры выплаце кошту кватэры грамадзянам прадастаўляецца магчымасць растэрміноўкі да сарака гадоў. Пры гэтым варта памятаць, што працэнты нарастаць не будуць і кожны ўласнік сам вырашае, на колькі гадоў яму браць растэрміноўку. Калі ёсць жаданне, то гэты працэс можна расцягнуць на дваццаць гадоў – у любым выпадку ўсё неабходна прапісаць у заяве.
Акрамя наяўных грашовых сродкаў, на прыватызацыю жылля можна выкарыстаць чэкі “Жыллё”, перааформленыя ва ўстаноўленым парадку.
Сёння ў нашым раёне засталося каля 130 непрыватызаваных кватэр. І самая вялікая праблема, з якой сёлета сутыкнуліся ў тым ліку і жыхары Астравеччыны, заключаецца ў тым, што ў двух падобных дамах, на аднолькавых паверхах і з аднолькавай плошчай кошт кватэр можа істотна адрознівацца.
Справа ў тым, што пры разліку кошту кватэры пры прыватызацыі ўлічваецца балансавы кошт дома пры перадачы ад арганізацыі ў ведамства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Зрэшты, нішто не перашкаджала грамадзянам паклапаціцца аб прыватызацыі кватэры раней. Калі падымаць гэтую тэму, то трэба нагадаць, што прыватызацыя кватэр пачалася ў нашай краіне дзесьці 20 гадоў назад, таму ў бліжэйшы час кіраўніцтва краіны плануе яе завяршыць. А значыць тым, хто хоча застацца са сваёй кватэрай і пакінуць яе ў спадчыну дзецям ці ўнукам, давядзецца паспяшацца.



Купляем дом або кватэру

Аб’явы аб продажу кватэр ці дамоў рэгулярна друкуюцца на старонках “Астравецкай праўды”. Іншым часам яны паўтараюцца. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць вывад, што прадаць кватэру ў Астраўцы ўсё ж такі няпроста. Затое пры наяўнасці грашовых сродкаў купіць жыллё можна.
Даведацца, колькі каштуюць кватэры ці дамы ў Астраўцы, зноў жа дапамаглі аб’явы. Давялося толькі абзваніць рэкламадаўцаў. Што маем?
Так, трохпакаёвая кватэра ў Астраўцы ў залежнасці ад яе плошчы каштуе ад 45 да 50 тысяч умоўных адзінак.
Ёсць рэклама і аб продажы двухпакаёвай кватэры – толькі чамусьці ніхто па прадастаўленым у аб’яве нумары тэлефону мне не адказаў.
Зацікавіла аб’ява і аб продажы трохпакаёвай кватэры ў Палушах. Нядрэнны варыянт у тым плане, што амаль побач – Астравец і чыгуначная станцыя Гудагай.
Гаспадары просяць 60 тысяч долараў. Кватэра, канешне, заслугоўвае ўвагі: 78 квадратных метраў, еўрарамонт, газавае ацяпленне, вада, каналізацыя і шэраг надворных пабудоў: лазня, гараж, неабходныя гаспадарчыя пабудовы. Думаецца, што яна таксама дачакаецца свайго пакупніка.
Сярод прапаноў жыллёвага фонду сустракаецца і продаж дамоў. Прычым не толькі ў Астраўцы, але і ў “прыгарадзе”.
Напрыклад, за драўляны дом у Слабодцы, якая ўжо ўвайшла ў рысу горада, гаспадары дома просяць 16 тысяч умоўных адзінак, дадаючы, што пры доме ёсць склеп, летняя кухня, хлеў. За палову дома на станцыі Гудагай, якая складаецца з двух пакояў і кухні, а на тэрыторыі ўчастка ёсць склеп, хлеў і агарод у пяць сотак, гаспадары таксама просяць 16 тысяч.
Цэны ў Астраўцы значна большыя. Так, за двухпавярховы дом плошчай у 200 квадратных метраў гаспадары хочуць атрымаць 70 тысяч умоўных адзінак. Тэлефаную яшчэ па адной аб’яўцы. Дом таксама заслугоўвае ўвагі: еўрарамонт, уцепленая падлога, вада, паравое ацяпленне з энергаэфектыўным катлом, гараж, лазня, хлеў, дыхтоўная агароджа… Кошт – 86 000 долараў. Разумею, за камфорт трэба плаціць. Але…
Атрымліваецца, што жыллё ў Астраўцы набыць можна. Галоўная праблема для большасці насельніцтва заключаецца ў наяўнасці, ці дакладней – адсутнасці грашовых сродкаў.



А што скажа банк?

Чамусьці здаецца, што сабраць такія вялікія сумы – складаная задача. А раз грошай няма – значыць, іх трэба знайсці. Варта, напэўна, скарыстацца крэдытамі. Тэлефаную ў “Беларусбанк”.
Тут паведамляюць, што выдача крэдытаў на набыццё жылля часова прыпынена. Тая ж сітуацыя і ў “Белаграпрамбанку”. У гэтым банку выдаюць крэдыты толькі на спажывецкія патрэбы. Праўда, працэнты вялікія, таму наўрад ці знойдуцца жадаючыя скарыстацца такімі банкаўскімі паслугамі.
А вось на будаўніцтва дома ці кватэры ў “Беларусбанку” крэдыт узяць можна. Крэдыт для насельніцтва на агульных падставах выдаецца на 15 гадоў пад 38,5% гадавых. На льготных умовах для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, “Беларусбанк” выдае крэдыт для грамадзян, якія пражываюць у населеных пунктах з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек на 20 гадоў пад 3%. Аднак, калі муж ці жонка працуюць у горадзе, колькасць насельніцтва якога перавышае 20 000 чалавек, то крэдыт вам дадуць на 20 гадоў пад 5 працэнтаў (інфармацыя прыведзена па стану на 20 студзеня 2014 г.).



Раз цаглінка, два цаглінка...

Аб’ява, якая выйшла ў “Астравецкай праўдзе” 11 студзеня 2014 года, тычылася грамадзян, якія не маюць уласнага жылля. Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі Астравецкага райвыканкама праводзіў апытанне грамадзян, якія жадаюць набыць кватэры ў 25-кватэрным жылым доме, які плануецца пабудаваць у бягучым годзе па дзяржаўным заказе.
У аб’яве паведамлялася, што дом будзе пабудаваны з удзелам льготнага крэдыту, а ўласныя сродкі жадаючых набыць у ім кватэры складуць ад 70 да 300 мільёнаў рублёў у залежнасці ад колькасці пакояў у будучай кватэры і колькасці чалавек у сям’і.
Прыведзеныя лічбы прымусілі задумацца, тым больш, што пры асабістым звароце ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі высветлілася, што за двухпакаёвую кватэру для трох чалавек давядзецца заплаціць з асабістых сродкаў досыць вялікую суму – 333 800 000 беларускіх рублёў.
Чаму так шмат? Мне растлумачылі, што папярэдні кошт аднаго квадратнага метра жылля складае 10 мільёнаў рублёў. А ўлічваючы той факт, што для сям’і з трох чалавек крэдытуецца толькі 54 квадратныя метры, то і сума набягае дастаткова вялікая.
Праўда, тых, хто старанна адсочвае інфармацыю па будаўніцтве жылля, навіна, якая з’явілася ў інтэрнэце 14 студзеня бягучага года, павінна была ўзрадаваць: рашэннем ураду максімальны нарматыў кошту квадратнага метра для атрымання льготнага крэдыту павялічыўся з 5,3 да 6,1 мільёна рублёў. А гэта значыць, што сума ўласных сродкаў, якія неабходна заплаціць, паменшыцца.


Цікава, якая сітуацыя з будаўніцтвам жылля ў суседніх з Астравецкім раёнах?


Так, у аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Смаргонскага райвыканкама нам паведамілі, што на працягу двух гадоў дабудоўваліся жыллёвыя кааператывы, пачатыя яшчэ ў 2011 годзе. Цяпер пачалося будаўніцтва дома па дзяржаўным заказе. Яго ўзводзіць будаўнічы трэст №41 за кошт уласных сродкаў. Плануецца, што квадратны метр жылля ў гэтым доме будзе каштаваць 8 мільёнаў 400 тысяч рублёў. (У нас, нагадаю, 10 мільёнаў).
У Іўеўскім раёне сёлета ўзводзіцца чарговы жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў, у яго склад увайшлі грамадзяне, якія стаялі на ўліку і мелі патрэбу ва ўласным жыллі. Аднак кошт квадратнага метра ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Іўеўскага райвыканкама паведаміць не змаглі. Ці не захацелі, спаслаўшыся на тое, што кошт квадратнага метру ведае толькі старшыня ЖБСК.
Што датычыцца Ашмянскага раёна, то ў студзені бягучага года тут здалі шматкватэрны дом для грамадзян, якія стаялі на ўліку ў райвыканкаме. Кошт квадратнага метру ў ім абышоўся ў 6 мільёнаў 224 тысячы беларускіх рублёў. Пачалося ў Ашмянах і будаўніцтва дома па дзяржаўным заказе, аднак кошт квадратнага метру ў ім пакуль што невядомы.
Між тым цікава: а колькі чалавек, з тых, хто прачытаў аб’яву ў газеце ці на сайце, вырашыла заявіць аб сваім жаданні набыць жыллё ў новым доме? Такіх, як паведамілі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Астравецкага райвыканкама, аказалася нямала – значыць, людзі гатовы плаціць грошы, каб стаць гаспадаром уласнага жылля. Або, магчыма, спадзяюцца на тое, што пасля ўводу дома ў эксплуатацыю кошт квадратнага метра паменшыцца.
А вось тое, хто з жадаючых зможа стаць уласнікам новенькай кватэры, пакажа час. Адназначна адно: набыццё такіх кватэр будзе праходзіць згодна з чаргой пастаноўкі на ўлік на паляпшэнне жыллёвых умоў.



Зняць кватэру ў Астраўцы

Аб’яў кшталту “здаю кватэру ў Астраўцы” ў газеце шмат. Праўда, амаль усе яны адрасаваны камандзіраваным асобам. Для такой катэгорыі грамадзян выбар больш, чым шырокі.
Але нам такі варыянт не падыходзіць. І зняць кватэру або дом для сям’і ці маладога спецыяліста падаецца справай амаль невырашальнай. Такіх аб’яў або няма, або кошт жылля для многіх непад’ёмны. Прынамсі, аб’яў аб здачы кватэр для сям’і ў раённай газеце няма. Затое ёсць аб’явы аб зняцці кватэр. Як сведчыць апытанне, знайсці кватэру ў нашым горадзе складана.
У адной з аб’яў, у якой прапануецца здаць дом з выгодамі ў Астраўцы, за месяц гаспадары дома запрасілі вельмі вялікую суму – 400 умоўных адзінак. Да яе трэба дадаць яшчэ і плату за камунальныя паслугі. Наўрад ці сёння малады спецыяліст ці нават сям’я, якая не мае ўласнага жылля, можа дазволіць сабе раскошу плаціць за кватэру больш за тры мільёны рублёў.



Арэнднае жыллё

Дарэчы, навіны пра тое, што сёння можна стаць уладальнікам арэнднага ці камерцыйнага жылля, на тэлебачанні таксама не рэдкасць. Цікава, ці ёсць такая магчымасць у жыхароў Астраўца?
Як паведамілі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у Астраўцы таксама ёсць такое жыллё. Пад катэгорыю арэнднага жылля ў нашым горадзе пераведзены тры жылыя памяшканні. На сённяшні момант ім карыстаюцца тыя сем’і, якія і раней жылі ў гэтых памяшканнях.
Кошт такога жылля даволі прымальны – усё, канешне, залежыць ад плошчы прадастаўляемай у арэнду кватэры і месца яе знаходжання. У сярэднім за арэнднае памяшканне гаспадары на сённяшні дзень плацяць па 5 200 беларускіх рублёў за квадратны метр. Але ў хуткім часе плануецца павелічэнне кошту аплаты за карыстанне камерцыйным жыллём.
Думаю, для многіх маладых спецыялістаў ці маладых сем’яў такое арэнднае жыллё стала б добрай магчымасцю “пусціць карані” на нашай зямлі. Аднак, як бачым, вырашыць “кватэрную” праблему такім спосабам наўрад ці атрымаецца.



Пасляслоўе

З праблемай наяўнасці жылля, мяркую, сутыкаліся многія з нас. Дзе жыць? Пабудаваць, купіць, зняць… Гэтую праблему кожны вырашае сам і робіць свой выбар, зыходзячы з магчымасцей уласнага кашалька.


-----------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.