Главное - не нарушать законодательство об охране труда

14:00 / 15.08.2015
Уборка зерневых у сельскагаспадарчых кааператывах з’яўляецца адной з самых адказных і напружаных спраў. На ўсіх яе этапах – ад зернеўборачнага камбайна ў полі да зернесклада – патрабуецца забяспечыць не толькі бесперабойную, але і бяспечную работу шляхам забеспячэння работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, прытрымлівання тэхнікі бяспекі, санітарных нормаў і правілаў, тэмпературнага рэжыму.


З мэтай своечасовага выяўлення і выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, прадухілення няшчасных выпадкаў на вытворчасці галоўным тэхнічным інспектарам Гродзенскага абкама прафсаюзаў работнікаў АПК Аляксандрам Вараб’ём, старшынёй Астравецкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Ірынай Касперовіч, галоўным інжынерам па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Рэнатай Яфімавай нядаўна быў праведзены маніторынг у СВК “Варняны” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

Падчас правядзення маніторынгу ў СВК “Варняны” асаблівая ўвага была ўдзелена работнікам, якія заняты на нарыхтоўцы зерня. Камісія наведала зернесушылкі ў вёсцы Варона, а таксама пракантралявала работу зернеўборачных камбайнаў у полі.

Члены камісіі ўважліва вывучалі дзённікі правядзення службовымі асобамі на працоўных месцах інструктажоў па ахове працы работнікаў, якія задзейнічаны на ўборцы ўраджаю: камбайнераў і іх памочнікаў, вадзіцеляў, аператараў і слесараў зернесушыльных комплексаў, паляводаў і іншых – правяралі наяўнасць ахоўных агароджаў на раменных, цэпавых, зубчатых перадачах на вытворчым абсталяванні і сельскагаспадарчай тэхніцы, наяўнасць сродкаў пажаратушэння, умовы для харчавання работнікаў, выкананне рэжыму працы і адпачынку непаўналетніх.

У РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” праведзены маніторынг на малочнатаварным комплексе “Рытань” і рамонтнай майстэрні “Рытань”.

Падчас праверкі комплекса камісія не абмінула сваёй увагай прытрымліванне заканадаўчых актаў аб працы і яе ахове. Работнікі МТК змаглі задаць прадстаўнікам камісіі пытанні, на якія адразу атрымалі вычарпальныя адказы.

Але трэба адзначыць, што не заўсёды грошы іграюць вызначаючую ролю. Многія з недакладнасцяў і прарэх, на якія камісія звяртала ўвагу: адсутнасць рашоткі-аховы на зернесушылцы, няправільна аформлены план маршруту разгрузачна-пагрузачнай тэхнікі, направільныя знакі з хуткасным рэжымам – выпраўляліся практычна адразу і на месцы. Гэта значыць, што ўсё ж такі адносіны чалавека да працы стаяць на першым месцы, таму і з лянотай і людскім разгільдзяйствам трэба змагацца ў першую чаргу.


---------------------------------------------------

Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.