Семейный капитал. Как получить и как распорядиться?

17:00 / 21.06.2015
Такое паняцце, як сямейны капітал, у нашай краіне з’явілася адносна нядаўна: 9 снежня 2014 года Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка падпісаў Указ №572, які прадугледжвае дадатковыя меры па дзяржаўнай падтрымцы шматдзетных сем’яў. З 1 студзеня бягучага года Указ уступіў у дзеянне.

Хто мае права на сямейны капітал? Як яго атрымаць, а потым выкарыстаць? Хто першым атрымаў права на сямейны капітал у нашым раёне? Знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні паспрабуем разам.


Хто мае права?

Права на сямейны капітал маюць грамадзяне Беларусі пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей, якія нарадзіліся з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года. Пры гэтым як мінімум траім дзецям у сям’і не павінна быць больш за 18 гадоў.

За падтрымкай можа звярнуцца маці (мачаха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель або ўдачарыцель. Калі ў поўнай сям’і маці (мачаха) не мае права на прызначэнне сямейнага капіталу, то за ім звяртаецца бацька (айчым) пры захаванні астатніх умоў. Варта памятаць, што напісаць заяву з просьбай выдзялення сямейнага капіталу трэба на працягу шасці месяцаў з дня нараджэння дзіцяці.


Як адкрыць дэпазітны рахунак?

На працягу 6 месяцаў пасля таго, як выканкам прыняў рашэнне аб выдзяленні сямейнага капіталу, трэба звярнуцца ў падраздзяленне ААБ “Беларусбанк” з заявай аб адкрыцці дэпазітнага рахунку “Сямейны капітал”. З сабой неабходна мець пашпарт, рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу, выпіску з рашэння выканкама аб унясенні змяненняў у рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу (у выпадку ўнясення такіх змяненняў).

Рахунак адкрываецца ў дзень звароту ў банк, Міністэрства фінансаў пералічыць на яго сродкі з бюджэту. З дня налічэння грошай на іх будуць налічвацца працэнты, памер якіх вызначае Міністэрства фінансаў.


Колькі?

– Памер сямейнага капіталу складае 10 тысяч долараў у беларускіх рублях па афіцыйным курсе беларускага рубля да долара па курсе Нацыянальнага банка на дзень іх пералічэння, – паведаміла Ганна Казіміраўна Мілейша.

– На сённяшні дзень (10 чэрвеня 2015 года) ніхто з жыхароў нашага раёна не звяртаўся ў банк з просьбай адкрыць дэпазітны рахунак, – паведамілі ў аперацыйным аддзеле ЦБП №417 г. Астравец філіяла №423 г. Смаргонь ААТ ААБ “Беларусбанк”.


Як распарадзіцца?

Распарадзіцца сямейным капіталам можна будзе толькі пасля таго, які дзіцяці споўнілася 18 гадоў. Гэта значыць, што, калі дзіця нарадзілася 1 студзеня 2015 года, то атрымаць грошы можна будзе не раней за 1 студзеня 2033 года. Для распараджэння сродкамі сямейнага капіталу неабходна будзе зноў звярнуцца з заявай у выканаўчы камітэт.

– Распараджацца сямейным капіталам можна па-рознаму, – працягвае Ганна Казіміраўна Мілейша. – калі дзіцяці споўніцца 18 гадоў, сямейны капітал можна выкарыстаць на навучанне, паляпшэнне жыллёвых умоў, для атрымання паслуг у сферы аховы здароўя ці сацыяльнага абслугоўвання або для накаплення пенсіі маці ў поўнай сям’і. Датэрмінова сямейны капітал можна будзе выкарыстаць на атрыманне членам сям’і платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюць арганізацыі аховы здароўя ў парадку і па пераліку, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя. Варта памятаць, што выкарыстаць сямейны капітал можна толькі ў безнаяўным парадку.

Сям’я можа перадаць права распараджэння грашыма аднаму з яе членаў – але для такой перадачы неабходна спачатку звярнуцца ў натарыяльную кантору для натарыяльнага пасведчання такой згоды.

Калі да такой згоды ў сям’і не прыйшлі, то заява аб распараджэнні сродкамі падаецца адным з паўналетніх членаў сям’і або законным прадстаўніком непаўналетняга члена сям’і і сямейны капітал размяркоўваецца паміж усімі членамі сям’і роўнымі долямі.


Як атрымаць?

– Першае, што трэба зрабіць сям’і, якая мае права на сямейны капітал і пражывае ў Астраўцы, – звярнуцца з заявай ва Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама, – расказвае начальнік аддзела сацыяльнай абароны Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганна Казіміраўна Мілейша. – Сем’і, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, звяртаюцца ў сельскія выканаўчыя камітэты. З сабой трэба прынесці пашпарт грамадзяніна, які мае права на прызначэнне сямейнага капіталу, пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які пацвярджае асобу мужа (жонкі) – для поўных сем’яў, пасведчанне аб смерці жонкі (мужа), копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу – для няпоўных сем’яў, копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні), пагадненне аб дзецях, копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу (выпіску з рашэння), якое вызначае, з кім з бацькоў пражывае дзіця, копію рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў аднаго з бацькоў або аб адабранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, копію рашэння суда, пастановы аб судовым загадзе аб спагнанні аліментаў, пасведчанне аб смерці кагосьці з бацькоў або іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факт выхавання дзіцяці ў сям’і аднаго з бацькоў.

На працягу пяці дзён з даты паступлення заявы супрацоўнікі выканаўчага камітэту самастойна запытаюць даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і (або копію асабовага рахунку), а таксама інфармацыю ў дачыненні да дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, і іншыя дакументы,  неабходныя для прыняцця рашэння. Рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу прымаецца раённым ці сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Паведамленне аб прынятым рашэнні высылаецца па пошце заяўніку. Само рашэнне выдаецца асабіста ва Упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ці ў сельвыканкаме.

– Дарэчы, на 10 чэрвеня ў нашым раёне ў адносінах да васьмі сем’яў прыняты рашэнні аб прызначэнні сямейнага капіталу, – працягвае Ганна Казіміраўна. – Па дзве сям’і звярнулася з заявамі ва Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама і ў Варнянскі сельсавет, па адной сям’і – у іншыя сельвыканкамы раёна.


Трэба ведаць

– Варта таксама памятаць, што, калі сям’я не звернецца ў выканкам на працягу трох гадоў пасля 18-годдзя дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога яна набыла права на атрыманне сямейнага капіталу, яго вернуць у бюджэт краіны, – нагадала Ганна Казіміраўна.


Хто першы?

Сямейны капітал – справа для нашай краіны новая і сем’і толькі пачынаюць заяўляць пра сваё права.

Аднымі з першых у нашым раёне, хто атрымаў права на сямейны капітал, стала сям’я Наталлі Францаўны і Аляксандра Іванавіча Кавяза з Астраўца. Другога студзеня 2015 года ў іх сям’і нарадзілася чацвёртае дзіця.

– Увогуле я павінна была нарадзіць 30 снежня, – расказвае Наталля. – І калі выйшаў Указ Прэзідэнта, падумала: як крыўдна – адзін дзень можа каштаваць 10 тысяч долараў! Тым больш, што Арсенька – так мы назвалі нашага хлопчыка – у нас чацвёрты. Часам жартам, пагладжваючы жывот, гаварылі яму: “Пацярпі да 1 студзеня – на 18 гадоў машыну купім”.

Наталля нарадзіла Арсенія 2 студзеня, і яе сям’я атрымала права на сямейны капітал. Сёння ў сям’і Кавяза, акрамя Арсенія, падрастаюць 13-гадовы Лёша, першы мамін памочнік, 5-гадовая Юля і 3-гадовая Вераніка, якія на першым часе да малодшага браціка адносіліся з рэўнасцю. І ўсе яны, гэтаксама як і бацькі, з нецярпеннем чакаюць, калі змогуць атрымаць грошы.

– Дакументы на сямейны капітал мы падалі, калі Арсенію споўнілася чатыры месяцы, – працягвае Наталля Францаўна. – Збор дакументаў, іх праверка, прыняцце рашэння – усё гэта займае час. Спадзяёмся ў хуткім часе атрымаць так званы сямейны капітал. Хацелася б выкарыстаць яго адразу – мы будуем дом, і грошы лішнімі не будуць. Ну, а калі давядзецца чакаць да 18-годдзя Арсенія, то выкарыстаем іх на яго вучобу.

Літаральна днямі атрымалі права на сямейны капітал Інна Баляславаўна і Іосіф Славаміравіч Памецькі, якія таксама жывуць у Астраўцы.

– Калі мы вырашылі нарадзіць трэцяе дзіця, ніякіх размоў пра ўвядзенне ў Беларусі сямейнага капіталу яшчэ не вялося. І зразумела, што на яго мы не разлічвалі. Але раз так атрымалася – вельмі добра, – разважае Інна Баляславаўна. – Спачатку нам давялося атрымаць статус шматдзетнай сям’і, потым напісалі заяву на атрыманне сямейнага капіталу, сабралі неабходныя дакументы – чакаем. Хацелася б, канешне, атрыманыя грошы выкарыстаць цяпер – на паляпшэнне жыллёвых умоў: жывём мы хоць і ў новай, але ўсё ж двухпакаёвай кватэры. Калі ж так зрабіць нельга – то няхай ляжаць на дэпазіце. Падрасце Уладзіслаў – сам вырашыць, як іх выкарыстаць.


---------------------------------------------------------------

Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.