Островецкие педагоги поделились впечатлениями от участия в республиканском конкурсе "Учитель года"

09:00 / 07.10.2014
Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў днямі прайшоў у Мінску. Упершыню за час яго існавання ўдзел у яго фінале прынялі педагогі нашага раёна.

Наша газета ўжо расказвала, што настаўніца замежнай мовы гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Падольскай школы Тамара Іосіфаўна Качкан сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу «Настаўнік года». А на мінулым тыдні яны адправіліся ў Мінск, каб прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе.


Сёлета рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года» праходзіў па новых правілах: кожная вобласць і горад Мінск выбіралі сем лепшых настаўнікаў у сямі намінацыях: выхавальнікі дашкольных устаноў; настаўнікі пачатковых класаў; выкладчыкі беларускай і рускай моў і літаратур; настаўнікі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, астраноміі; выкладчыкі замежных моў; хіміі, біялогіі, гісторыі, грамадазнаўства; выяўленчага мастацтва, фізічнай культуры, працоўнага навучання.

Выпрабаванні доўжыліся цэлы тыдзень – і толькі ў мінулую суботу былі абвешчаны іх вынікі і выбраны настаўнік года – ім стаў выкладчык гісторыі СШ №11 г. Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук.

А мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў рэспубліканскім конкурсе прадстаўнікоў нашага раёна Тамару Іосіфаўну Качкан і Алену Чаславаўну Севасцьян.

Першым выпрабаваннем, якое чакала настаўнікаў, стала самапрадстаўленне каманды Гродзенскай вобласці. Сем настаўнікаў, якія абаранялі гонар Гродзеншчыны, расказвалі пра змест адукацыі і рэгіянальны ўклад вобласці ў адукацыю рэспублікі.

– Кожны распавядаў пра сябе і свой уклад у сістэму адукацыі – расказвае Алена Чаславаўна Севасцьян. – Выкладанне прадметаў, удзел у інавацыйных праектах, стварэнне аўтарскіх праграм – на самой справе кожны з удзельнікаў зрабіў шмат. І гэта адзначыла прафесійнае журы.

Не менш складаным стаў і наступны этап – тэсціраванне. Здаецца, за сваё прафесійнае жыццё настаўнікі здавалі розныя тэсты – і тым не менш хваляванне прысутнічала. Але вопыт і старанне выйшлі на першае месца – і Алена Чаславаўна і Тамара Іосіфаўна справіліся з прапанаванымі заданнямі па педагогіцы, методыцы выкладання прадмета, псіхалогіі і прадметным тэсце.

– На тэсціраванне адводзілася дзве гадзіны. За гэты час неабходна было выканаць даволі вялікую колькасць заданняў. Нельга сказаць, што яны былі лёгкімі, – расказвае Тамара Іосіфаўна.

– Напрыклад, тэст па англійскай мове быў складзены па Оксвардскіх і Кэмбрыджскіх падручніках. І тым не менш, сваім вынікам я задаволена, – дапаўняе Алена Чаславаўна. – Мае калегі-ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу, якія не раз былі на стажыроўцы ў Велікабрытаніі, справіліся з заданнем на такім жа ўзроўні, як і я. І гэта была мая асабістая перамога!

Наступным этапам у праграме конкурсу значыўся ўрок.

– Сярод настаўнікаў урок атрымаў назву «начны», таму што на яго падрыхтоўку была толькі ноч, – расказвае Тамара Іосіфаўна Качкан. – Па жараб'ёўцы я выцягнула 4 нумар. А потым выбрала прадмет, класс і тэму ўрока: «Сярэднявечча. Біблія», 9 клас. Пасля таго як выцягваеш тэму і класс, у цябе ёсць гадзіна на гутарку з настаўнікам-прадметнікам і класным кіраўніком і на агляд памяшкання, у якім будзе праходзіць урок. Пасля яшчэ давялося «пабегаць» па крамах – набыць неабходную літаратуру, бо расказваць пра Біблію і не мець яе ў руках – проста немагчыма. І толькі ў 9 гадзін вечара я пачала рыхтавацца да ўрока. Ноч прайшла без сну – у 7 гадзін раніцы з планамі-канспектамі ўрокаў мы стаялі перад журы конкурсу.

– Канешне, напярэдадні ўрока я хвалявалася. Як прымуць дзеці? Ці змогуць выканаць заданні? Ці хопіць часу? Але сёння магу сказаць, што ўрок-падарожжа па Вялікабрытаніі атрымаўся, – працягвае Алена Чаславаўна. – Было вельмі прыемна, калі пасля ўрока да мяне падышлі школьнікі і спыталіся: «А вы да нас яшчэ прыедзеце?» Тады я ім адказала, што, напэўна, мы больш не сустрэнемся. А дома ўбачыла, што выпадкова звезла чужую кнігу – і цяпер упэўнена, што са сваімі «конкурснымі» вучнямі я яшчэ пабачуся.

Гэта быў самы складаны конкурсны дзень, вынікі якога педагогі не ведалі – урокі сваіх калег яны наведваць не маглі, журы маўчала. І толькі відэааператар, які здымаў урокі канкурсантаў, час ад часу адпускаў каментарыі. Яму зайздросцілі ўсе канкурсанты – ён бачыў тое, што ім бачыць не дазвалялася.

І калі ўрокі Тамара Іосіфаўна і Алена Чаславаўна давалі ў звычайнай сярэдняй школе, то майстар-класы настаўнікі дэманстравалі перад студэнтамі.

Алена Чаславаўна правярала на практыцы прафесійныя пробы на ўроках англійскай мовы сярод студэнтаў чацвертага курса лінгвістычнага ўніверсітэта.  А Тамара Іосіфаўна раскрывала нетрадыцыйныя формы ўрока літаратуры пры абагульненні ведаў па жыцці і творчасці Якуба Коласа.

– Зразумела, што са студэнтамі было прасцей. У выніку яны засталіся задаволенымі, асалоду ад такога ўрока атрымала і я. А яшчэ я зразумела, што ўмею гэта рабіць, а значыць – павінна навучыць гэтаму і астатніх педагогаў, – упэўнена сёння Тамара Іосіфаўна.

– Канешне, з майстар- класам было лягчэй. Разам мы правялі дыягностыку – вызначалі, каму што бліжэй, пазнаёміліся з тэорыяй і паступова наблізіліся да практычнага этапу – склалі экскурсію па Рэспубліцы Беларусь. Узровень валодання замежнай мовай у студэнтаў высокі, да таго ж за чатыры гады вучобы яны добра ведаюць адзін аднаго – і таму ніякіх праблем ні ў іх, ні ў мяне не ўзнікла. Яны дапамагалі мне – і ўсё прайшло на высокім узроўні, – каменціруе свой майстар-клас Алена Чаславаўна.

У чацвер вечарам былі аб'яўлены вынікі – назвалі 7 педагогаў, якія прайшлі ў суперфінал. Тамара Іосіфаўна Качкан і Алена Чаславаўна Севасцьян у ліку іх не аказаліся. Але тое, што яны змаглі зрабіць, – заслугоўвае найвышэйшай адзнакі.

– Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года» я б параўнала з добрым абедам. Здаецца, насыціўся, але праходзіць час – і ты зноў адчуваеш пачуццё голаду. Так і з конкурсам. За тыдзень, што мы правялі ў Мінску, здаралася ўсякае, але прайшло пару дзён – і разумееш, што табе не хапае гэтага драйву, хвалявання, творчасці, невядомасці, – гаворыць Тамара Іосіфаўна. – Гэта была «мясарубка», якая перакруціла і разабрала па костачках – затое цяпер я дакладна ведаю, на што здатная. Канешне, конкурс даў многае. Па-першае, я набралася вопыту. У мяне з'явілася шмат планаў, якія я хачу ажыццявіць. Яны вельмі цікавыя, але агучваць іх пакуль не хачу, каб не сурочыць. Па-другое, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, сапраўднымі тытанамі адукацыі. Адна з такіх – Іна Рычардаўна Віннік з Нясвіжскага раёна, якая стала суперфіналістам у маёй намінацыі. Мы пасябравалі і, спадзяюся, будзем падтрымліваць сувязі. Увогуле было вельмі цікава. І ў цэлым я задаволена, што мела магчымасць паўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Настаўнікаў сельскіх школ было няшмат, аднак конкурс дапамог раскрыць таленты ўсіх удзельнікаў.

– Я таксама задаволена і сваім вынікам, і ўдзелам у конкурсе, – дадае Алена Чаславаўна Севасцьян. – Толькі цяпер прыйшло разуменне, дзеля чаго я ўсё гэта рабіла. Па-першае, конкурс – гэта павышэнне прафесійнага ўзроўню. Ты ўвесь час знаходзішся ў творчым пошуку, вакол цябе – цікавыя ідэі, якія хочацца ажыццяўляць. Па-другое, перад конкурсам было прачытана шмат літаратуры, напісана некалькі работ – гэта прафесійны рост. Калі б гэты тыдзень давялося перажыць зноў – я б зрабіла гэта яшчэ раз. Па выніках конкурсу мне была прысвоена вышэйшая катэгорыя. А яшчэ нас прынялі ў клуб «Крыштальны журавель» – а гэта вельмі важны этап у жыцці любога настаўніка.

У суботу раніцай настаўнікаў чакала сустрэча з Міністрам адукацыі нашай краіны Сяргеем Аляксандравічам Маскевічам.

– Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны. Удзельнікі конкурсу маглі не толькі задаць пытанні, але і выказаць свае меркаванні аб арганізацыі конкурсу і ўвогуле аб працы ў сістэме адукацыі. І мы зразумелі, што міністэрства ўзначальвае чалавек, зацікаўлены ў будучыні школы, які дбае пра кожнага настаўніка і пра тое, як падняць прэстыж адукацыі.

Менавіта падчас сустрэчы з Міністрам настаўнікі атрымалі Падзячныя пісьмы, якія сёння займаюць ганаровае месца ў іх класных кабінетах.

А таксама Тамара Іосіфаўна Качкан і Алена Чаславаўна Севасцьян вярнуліся дадому з галоўнымі ўзнагародамі конкурсу – «Крыштальнымі жураўлямі» і шматлікімі сертыфікатамі.

Яны – таленавітыя і ініцыятыўныя, хуткія і сапраўдныя, ні хвілінкі не сядзяць на месцы, пастаянна знаходзяцца ў пошуку і робяць гэта не столькі дзеля сябе, колькі дзеля дзяцей, якіх вучаць, дзеля нашай будучыні.


-----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота аўтара і з архіва А.Ч. Севасцьян.