Как спасти ребенка от виртуальной реальности?

13:38 / 26.10.2012

Большасць сучасных дзяцей увогуле не ўяўляюць без камп”ютара ні вучобу, ні адпачынак і гадзінамі праседжваюць сам на сам з экранам. Добра гэта ці дрэнна?


Некаторых бацькоў, якія з ранняга ўзросту прывучаюць дзяцей да камп’ютара, гэта задавальняе: дзіця сядзіць дома, не прападае на двары, і таму ў іх не ўзнікае прычын для хвалявання. На празмернае захапленне камп’ютарам бацькі, як правіла, не звяртаюць увагі да таго часу, пакуль у паводзінах дзіцяці не з’яўляюцца яскрава выяўленыя адхіленні. Такія, як крадзеж грошай, прагулы школьных урокаў. Але нават гэтыя сімптомы не заўсёды ўспрымаюцца, як сур’ёзнае парушэнне ў развіцці дзіцяці.
Устаноўлена, што азартныя гульні могуць выклікаць залежнасць, якая ў нечым нагадвае алкагольную ці нават наркатычную. У дзіцячым узросце гульнявая залежнасць звычайна развіваецца ў адносінах да камп’ютарных гульняў.
Гульня дае дзіцяці тыя эмоцыі, якія не заўсёды дае жыццё, захапленне, задавальненне, злосць, гнеў, раздражненне. І ўсё гэта можна атрымаць, не падымаючыся з месца! Ёсць і іншы важны аспект: дзіця ў гульні атрымлівае ўладу над светам. Камп’ютарная “мышка” – аналаг чароўнай палачкі, дзякуючы якой, практычна не прыкладаючы намаганняў, ты становішся валадаром свету. У дзіцяці ствараецца ілюзія авалодвання гэтым светам. Дагуляўшы, ён можа пагуляць яшчэ раз, вярнуцца назад, штосьці перарабіць, зноў перажыць кавалак жыцця, які з першай спробы не атрымаўся. Гэта асабліва зацягвае тых дзяцей, якія адчуваюць сваю непаспяховасць, тых, у каго па нейкіх прычынах не атрымліваецца ісці па шляху “радаснага сталення”.
Хлопчыкаў прыцягвае рэалізацыя іх агрэсіўных тэндэнцый. Усе падлеткавыя камп’ютарныя гульні пабудаваны на агрэсіі і забойствах. Тым больш, што ролевая гульня – гэта не простая забава. У гульнях такога роду хутка засвойваюцца мадэлі паводзін. Па гэтай прычыне ў некаторых краінах дзецям да 18 гадоў забаронена гуляць у асабліва агрэсіўныя камп’ютарныя гульні – таму, што яны могуць справакаваць нясталую, няразвітую асобу на рэалізацыю агрэсіўных імпульсаў ужо не ў гульні, а ў жыцці.
Дзіцячыя псіхолагі і псіхіятры ўпэўнены, што адзіным на цяперашні момант правераным спосабам прафілактыкі камп’ютарнай залежнасці ў дзіцяці з’яўляецца захапленне дзейнасцю, не звязанай з частым выкарыстаннем камп’ютара. Каб ён не стаў заменай рэальнага жыцця, задача дарослых – паказаць падрастаючаму чалавеку, што існуе шмат іншых цікавых заняткаў. Напрыклад, спорт, турызм, якія не толькі дазваляюць перажыць разнастайныя вострыя адчуванні, але і трэніруюць цела і нармалізуюць псіхалагічны стан. Няведанне не выратоўвае ад памылак. Значыць, задача дарослых – інфармаваць.
Сёння шмат гавораць пра шчасце. Падлеткі ведаюць: яны хочуць быць шчаслівымі. Але жыццё прапаноўвае і хвіліны радасці, і выпрабаванні. Безумоўна, чалавек створаны для шчасця. Толькі калі ён не знаходзіць задавальнення і радасці ў звычайным жыцці, то прыдумвае “свой свет”, у якім на дасягненне “шчасця” не трэба губляць душэўныя сілы.


-------------------------------------------
Юлія РАЖКО, псіхолаг аддзела адукацыі.



Што рабіць, каб дзіця не стала залежным ад камп’ютара?

1. Пазнаёмце яго з нормамі карыстання камп’ютарам.
2. Кантралюйце разнастайную занятасць дзіцяці (гурткі, шырокія інтарэсы).
3. Далучайце да хатніх абавязкаў.
4. Прапагандуйце сямейнае чытанне.
5. Кожны дзень размаўляйце з дзіцём, будзьце ў курсе яго праблем, канфліктаў, спраў.
6. Кантралюйце кола яго зносін, запрашайце сяброў вашага дзіцяці да сябе ў дом.
7. Ведайце месца, дзе дзіця праводзіць вольны час.
8. Вучыце правілам зносін, пашырайце кругагляд дзіцяці!
9. Навучыце спосабам зняцця эмацыянальнага напружання, выхаду са стрэсавых станаў.
10. Ажыццяўляйце цэнзуру камп’ютарных гульняў і праграм.
11. Гуляйце ў настольныя і іншыя гульні, далучайце да гульняў свайго дзяцінства.
12. Не дазваляйце дзіцяці бескантрольна выходзіць у інтэрнэт.
13. Гаварыце з дзіцём аб адмоўных з’явах жыцця. Выпрацоўвайце ўстойлівыя адносіны да зла, актыўнае супрацьстаянне таму, што нясе ў сабе энергію разбурэння, знішчэння, дэградацыі асобы.
14. Не забывайцеся, што бацькі – узор для пераймання, таму самі не парушайце правілы, якія ўстанаўліваеце для дзіцяці (вядома, з улікам сваіх норм).
15. Прааналізуйце, ці не з’яўляецеся вы самі залежнымі ад камп’ютара, курэння, алкаголю, тэлевізара. Ваша вызваленне – лепшы рэцэпт для прафілактыкі залежнасці ў вашага дзіцяці!



Правілы  тэхнікі бяспекі пры рабоце за камп’ютарам

1. Вачам чалавека, які працуе за камп’ютарам, дапамогуць акуляры з перфарацыяй – гэта свайго роду трэнажор для вачэй. Іх трэба надзяваць некалькі разоў у дзень (кожную гадзіну) на 5-7 хвілін. Пасля 1-1,5 гадзіны работы за камп’ютарам (перад тэлевізарам) неабходна зрабіць гімнастыку для вачэй.
2. Трэба навучыцца правільна трымаць “мышку” – не заціскаючы яе рукамі, таму што гэта можа выклікаць запясцевы сіндром (моцны боль, цяжасць у руках, дрыжэнне, аняменне пальцаў). Карысныя раздзельная клавіятура і шырокі стол, які дазваляе рукам размяшчацца на ім, а не звешвацца, што выклікае стомленасць і напружанне ў мышцах.
3. Пастаянная вільготная ўборка – гэта неабходнасць, якая тлумачыцца спецыфікай камп’ютарнага манітора: яго здольнасцю збіраць на сабе пыл, што выклікае высыханне скуры і слізістай насаглоткі, слязлівасць вачэй і іншыя алергічныя рэакцыі.
4. Камп’ютар лепш за ўсё ставіць у куце, каб абараніць сябе ад выпраменьвання.
5. Той, хто працуе за камп’ютарам, павінен ведаць, што існуе незразумелае вялікае жаданне часта перакусваць падчас работы. А паколькі самае зручнае ў гэтым выпадку – абыходзіцца бутэрбродамі, то камп’ютараманы схільны да атлусцення.
6. Манітор павінен знаходзіцца ў 60-70 см ад чалавека і трохі вышэй узроўню вачэй.
7. Дзіцяці да сямі гадоў непажадана сядзець за камп’ютарам. Калі асабліва прагрэсіўным бацькам хочацца далучыць да яго свайго малыша, то хаця б не дазваляйце яму сядзець за камп’ютарам больш за 20 хвілін у дзень і часцей, чым адзін раз у два дні.
8. Для дзяцей 7-12 гадоў камп’ютарная норма – 30 хвілін у дзень, але не кожны дзень.
9. 12-14-гадовыя могуць праводзіць за камп’ютарам адну гадзіну ў дзень.
10. Ад 14 да 17 гадоў максімальны час работы за камп’ютарам – 1,5 гадзіны.
11. Дарослым непажадана працаваць за камп’ютарам больш за 5 гадзін.
12. Кожны, хто працуе за камп’ютарам, павінен раз у тыдзень рабіць абавязковы выхадны дзень і за камп’ютар увогуле не садзіцца.


Фота з сайтаў srgazeta.ru, webhatti.com і prepress-book.narod.ru.