Рымдзюнская школа з літоўскай мовай навучання адзначыла сваё 15-годдзе

08:31 / 09.12.2011






Аднойчы ў размове Святлана Віктараўна Лукшэне, дырэктар Рымдзюнскай школы, выказала сваё запаветнае: “Мне вельмі хочацца, каб дзеці, якія жывуць у гервяцкім краі, вывучалі літоўскую мову”.
І вось ужо 15 гадоў як такая магчымасць у іх ёсць. Дзеці ў Рымдзюнах вывучаюць не толькі літоўскую мову, але ўжо з пачатковых класаў могуць размаўляць ажно на чатырох мовах: літоўскай, беларускай, рускай і англійскай.








А ўсё дзякуючы таму, што 29 кастрычніка 1996 года Астравецкім райвыканкам было прынята рашэнне № 329 аб адкрыцці Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання. Пятнаццаць гадоў прайшло з таго моманту, калі ў Гервяцкім сельскім Савеце, дзе побач з беларусамі кампактна пражывае літоўскае насельніцтва, быў адкрыты Цэнтр літоўскай культуры, пад дахам якога і размясціліся дзве школы – з літоўскай і беларускай мовамі навучання.
І хаця дзень нараджэння школы быў перанесены на месяц пазней, гэта ніколькі не сапсавала настрой ні арганізатарам свята, ні запрошаным гасцям.
15 гадоў… Гэта многа ці мала? У любым выпадку гэта тэрмін, калі можна падвесці прамежкавыя вынікі. За гэты час са сцен школы выйшлі ў свет 93 выпускнікі, з іх чацвёра – медалісты. І сёння школа – гэта вясёлая і задорная дзетвара, вопытныя і таленавітыя педагогі, якія разам робяць свет вакол іх дабрэйшым і лепшым. Пра ўсё гэта і гаварылася на святочнай урачыстасці.





У гэты дзень на сцэне актавай залы побач стаялі два дзяржаўныя сцягі – Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі, адзін за адным прагучалі два гімны, беларуская мова плаўна змянялася літоўскай, маладое пакаленне саступала месца на сцэне людзям сталага ўзросту, а запрошаныя госці з пажаданнямі на дзвюх мовах віншавалі “юбілярку”, педагогаў і вучняў школы.
Не забыліся арганізатары і пра пераемнасць пакаленняў. Побач са школьнікамі на сцэне стаялі і доўгажыхары гервяцкага краю – удзельніцы фальклорнага ансамбля “Жыльвіціс”. Яго ўдзельніца Марыя Мажэйкене, якая напярэдадні адзначыла сваё 88-годдзе, ад дырэктара школы атрымала ў падарунак кветкі.






Найбольш – можа, нават больш, чым настаўнікі і вучні, – радаваўся святу маленькі Арцём Каспяровіч, мама якога некалькі гадоў назад закончыла гэтую школу. Арцём таксама адзначаў своеасаблівае маленькае свята: яму споўніўся год і сем месяцаў. Нягледзячы на невялікі ўзрост, хлопчык так заўзята папіскваў у такт песень, што здавалася, быццам ён ведае словы і спявае разам з артыстамі. А яшчэ так прытанцоўваў, што зала часта не магла адвесці ад яго позіркі.
Своеасаблівым сімвалам свята і еднасці дзвюх нацыянальнасцей – беларусаў і літоўцаў, якія пражываюць побач у гервяцкім краі, стаў момант, калі на сцэну выйшлі ўсе вучні Рымдзюнскай школы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, узяўшыся за рукі, трымалі маленькія беларускія і літоўскія сцяжкі. А ў гэты момант зверху пасыпаліся рознакаляровыя паветраныя шары. Усё гэта сімвалізавала дружбу і ўзаемаразуменне паміж двума народамі.


На юбілей школа запрасіла шмат гасцей. Адкрыў урачыстасць намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які пасля віншавання звярнуўся да гісторыі адкрыцця гэтай установы і падвёў вынікі яе работы за 15 гадоў існавання. Ён жа ад імя райвыканкама і Гервяцкага сельвыканкама ўручыў школе падарунак – новы камп’ютар.





Госці, змяняючы адзін аднаго, выходзілі на сцэну, гаварылі цёплыя словы ў адрас дырэктара, педагогаў і вучняў, зачытвалі віншаванні ад арганізацый і добрых сяброў школы і, канешне, дарылі падарункі. Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас, дырэктар дэпартамента нацыянальных меншасцей пры Міністэрстве замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Арвідас Даўнаравічус, генеральны консул Літоўскага консульства ў Гродна Аўшра Чэрнявічэне, консул гэтага ж консульства Даля Міцкене, галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ганна Рыгораўна Марэцкая, член літоўскага сейма Дайва Шейма, канцлер Міністэрства адукацыі і асветы Літоўскай Рэспублікі Дэйнюс Нумгаўдзіс і спецыяліст Міністэрства адукацыі Пятрас Навіцкас, начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Віктар Віктаравіч Млечка, начальнік аддзела пагранпрадстаўнічай дзейнасці па міжнароднаму супрацоўніцтву Смаргонскай пагранічнай групы Уладзімір Каляснёў і яго намеснік Яўген Ціханаў, ксёндз Гервяцкай парафіі Леанід Нясцюк, старшыня Гервяцкага сельвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Шульгін, старшыня Міжнароднага клуба “Гервячай” Альфонсас Аўгуліс і старшыня грамадскай арганізацыі “Вільніёс супольніцтва” Казімір Гаршва, намеснік дырэктара сумеснага прадпрыемства “Літоўскі цэнтр інфармацыі, культуры і адукацыі” Наталля Аляксандраўна Бялячыц, старшыня Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Гервяцкая абшчына літоўцаў” Марыя Станіславаўна Пасечнік, выконваючы абавязкі дырэктара Пяляскай школы Іёнас Мацюлявічус, рэдактар газеты “Літоўскае слова” Марыя Шакнене, дырэктары Гервяцкай школы і Рымдзюнскай з беларускай мовай навучання Наталля Іванаўна Мацко і Людміла Іванаўна Дарафей – у кожнага з гасцей знайшліся цёплыя сардэчныя словы для педагогаў і вучняў школы.
Словы віншаванняў і падарункі сыпаліся, як з рога дастатку. Камп’ютар, прынтар, мультымедыйная ўстаноўка, шматфункцыянальнае друкарскае прыстасаванне з факсам, абсталяванне для школьнага харчаблока, пыласос і многае іншае папоўнілі матэрыяльную базу школы.





Былі ў гэты дзень і ўзнагароды. Граматамі Міністэрства адукацыі Літоўскай Рэспублікі за шматгадовую паспяховую працу атрымалі ўзнагароды настаўнікі працоўнага навучання Дзмітрый Данілавіч Кімса, пачатковых класаў Вайва Жвагініне, Она Кімсене, Вільма Жукаўскайце-Лукша і Святлана Уладзіміраўна Петрык, матэматыкі Людміла Вацлаваўна Дымчанка, намеснік дырэктара Антанас Жвагініс і дырэктар школы Святлана Віктараўна Лукшэне.
Павіншавалі школу і ўсіх, хто сабраўся ў той дзень у святочнай зале – вучняў, настаўнікаў, гасцей, былых выпускнікоў школы, жыхароў Рымдзюн і навакольных вёсак – артысты капэлы Грыча песні і танца Пінімеліс з Вільнюса.


Пасля ўрачыстай часткі і цудоўнага канцэрта ўсіх запрасілі на святочны абед, падрыхтаваны пры дапамозе і падтрымцы ГА “Гервяцкая абшчына літоўцаў” пад кіраўніцтвам Святланы Уладзіміраўны Петрык і Альфонсаса Аўгуліса, старшыні Міжнароднага клуба “Гервячай”.
Дзень нараджэння прайшоў. Наперадзе ў школы вялікае і доўгае жыццё, у якім будзе яшчэ шмат нагод для ўрачыстых святаў.


Алена ЯРАШЭВІЧ.