Як падлетку не стаць «цяжкім»?

09:15 / 25.11.2011

Злачынствы і правапарушэнні пачынаюцца з малога – спачатку пропускі заняткаў, потым – баўленне часу на вуліцы… Чым далей – тым больш. І раптам надыходзіць момант, калі па нейкай прычыне дзіця трапляе на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Тады пачынаюцца пошукі вінаватых. “Не ведаў”, “не думаў”, “не хацеў”, “больш так не буду”, – паўтараюць падлеткі і іх бацькі. Менавіта для таго, каб такога не здаралася, на базе Варнянскага НПК быў арганізаваны раённы семінар для намеснікаў дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце, які прайшоў у пашыраным складзе. Гэта было абумоўлена і тэмай семінара: “Сістэма работы ўстаноў адукацыі па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў непаўналетніх. Узаемадзеянне ўсіх суб’ектаў прафілактыкі”, і становішчам у раёне са злачынствамі і правапарушэннямі сярод непаўналетніх.


– У нашым раёне вызначылася тэндэнцыя да росту злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, – пачаў сваё выступленне намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – План работы раённага савета прафілактыкі ўключае шэраг мерапрыемстваў, але гэта пакуль не дае станоўчых вынікаў. Таму тут сабраліся самыя зацікаўленыя людзі – і мы павінны не толькі тэарэтычна, але і практычна разабрацца з усімі пытаннямі.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Наталля Іосіфаўна Станкевіч пазнаёміла прысутных са статыстыкай злачынстваў і правапарушэнняў у нашым раёне за 9 месяцаў бягучага года.
Намеснік дырэктара Варнянскай школы па выхаваўчай рабоце Людміла Міхайлаўна Апановіч з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі расказала і паказала работу, якая праводзіцца ў школе па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў.
Школьны псіхолаг Вера Генадзьеўна Шпакоўская і сацыяльны педагог Святлана Уладзіміраўна Данусевіч падзяліліся сваім вопытам работы з дзецьмі і іх бацькамі ў гэтым накірунку.
Слова для выступленняў было прадстаўлена класным кіраўнікам Інне Аляксандраўне Вішнеўскай і Ліліі Яцкаўне Рук і намесніку старшыні СВК “Варняны” Юрыю Аляксандравічу Адула.
Паступова пасяджэнне перайшло на наступны этап, які прадстаўляў сабой “Калейдаскоп адкрытых мерапрыемстваў”. Тут сваёй творчасцю і ўменнем працаваць з дзецьмі рознага ўзросту дзяліліся педагогі школы.
Псіхолаг правяла трэнінгавыя заняткі для вучняў, якія стаяць на розных відах кантролю, а таксама факультатыўныя заняткі для дзесяцікласнікаў “Чалавек у свеце сямейных адносінаў”. Рабяты пазнаёміліся з тэарэтычнымі пытаннямі пра шлюб і ўмовы заключэння шлюбнага дагавору.
Малодшыя школьнікі са сваім класным кіраўніком Н.А. Грыцкевіч паказалі гасцям пазакласнае мерапрыемства па правах дзіцяці “Праваград”. Дзеці разгадвалі загадкі і расказвалі дарослым пра свае правы.
А мне, ды і большасці наведвальнікам школы, у той дзень асабліва спадабаўся ўрок грамадазнаўства ў 11 класе па тэме “Грамадзянскае права”. Вучні класа былі падзелены на тры групы: эксперты, падлеткі, бацькі. На працягу занятка яны вырашалі складаныя жыццёвыя сітуацыі.
– Рабочы завода Віктар, якому споўнілася 17 гадоў, амаль усю сваю заработную плату траціць на алкаголь. У яго маці ёсць яшчэ двое маленькіх дзяцей. Ці мае маці права звярнуцца ў органы апекі і папячыцельства, каб пазбавіць сына магчымасці распараджацца сваім заробкам? – знаёміць вучняў з рэальнай жыццёвай сітуацыяй настаўніца гісторыі Аксана Францаўна Юркойць.
А рабяты ўваходзяць у ролю падлетка і маці і спрабуюць вырашыць сітуацыю. Дапамагаюць ім у гэтым эксперты – яшчэ адна група вучняў, якія да пачатку ўрока падрыхтавалі заданні па Кодэксу. Лепш, канешне, каб такія сітуацыі ўвогуле ніколі не здараліся, але ведаць, як паступаць у падобных выпадках, не пашкодзіць кожнаму.
Каб не перашкодзіць правядзенню ўрока, ціха пакідаем класнае памяшканне і накіроўваемся ў фае, дзе размешчана выстава метадычных распрацовак па ўзнятай на семінары праблематыцы. У кожнай школы яны свае. Спондаўская, напрыклад, цесна супрацоўнічае з аддзелам культуры і лясгасам. “Каньком” гервяцкіх школьнікаў з’яўляецца форум-тэатр. У Малях кожны тыдзень праводзяцца ўнутрышкольныя лінейкі, на якіх кожны клас расказвае пра мерапрыемствы, якія прайшлі з іх удзелам. У гімназіі распрацавана праграма па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх і абароне іх правоў пад гучнай назвай “Грамадзянін ХХІ стагоддзя”, якая ахоплівае пытанні выхавання вучняў 5-11 класаў. Рытаньскія педагогі працуюць па праграме “Падлетак”. І гэты пералік можна было б працягваць, бо ў кожнай школе ёсць свая адметнасць і непаўторная іскрынка ў рабоце педагогаў.
А пасля прэзентацыі метадычных матэрыялаў усе зноў сабраліся ў актавай зале. Ужо для таго, каб яшчэ раз абмеркаваць сітуацыю з правапарушэннямі і злачынствамі і адказаць на набалеўшыя пытанні. Пытанняў было шмат.
Да прыкладу, педагогаў цікавіла пытанне правядзення дыскатэк для падлеткаў, якім яшчэ не споўнілася 18 гадоў. Вялікі рэзананс мела пытанне пра работу, якая праводзіцца з дзецьмі і бацькамі, што стаяць на ўліку ў нарколага. Атрымалі педагогі адказы на хвалюючыя іх пытанні па рабоце з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, і падлеткамі, якія стаяць на розных відах кантролю. Тут жа былі разгледжаны рэальныя сітуацыі, у якія трапілі нашы дзеці і іх бацькі.
Адказвалі на іх запрошаныя госці на чале з намеснікам старшыні райвыканкама В.З. Свіла.
Свае заўвагі і рэкамендацыі педагогам школ выказалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Т.М. Драган, начальнік аддзела адукацыі В.В. Млечка і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Н.І. Станкевіч.
Вынікі работы раённага семінара падвёў В.З. Свіла. Хочацца верыць, што пытанні, разгледжаныя на семінары, а таксама вопыт работы розных школ, якімі падзяліліся намеснікі дырэктараў, сапраўды дапамогуць педагогам наладзіць работу з “цяжкімі” падлеткамі і колькасць правапарушэнняў і злачынстваў сярод іх, зменшыцца.


Алена ЯРАШЭВІЧ,фота аўтара.