Міг удачы астравецкіх школьнікаў

09:20 / 21.11.2011

Васьмікласніца Маргарыта Шаўчэнка, дзевяцікласнікі Сяргей Тухта і Антон Снегур і адзінаццацікласніца Наталля Вакулік разам са сваімі настаўнікамі Марынай Валянцінаўнай Макей і Таццянай Уладзіславаўнай Чыжэўскай падчас асенніх канікул у Гродна прынялі ўдзел у абласным турніры юных матэматыкаў.


Гэты турнір яшчэ зусім малады. Да таго ж праводзіцца толькі ў Мінскай і Гродзенскай абласцях. Сёлетняй вясной падобнае выпрабаванне для юных матэматыкаў было наладжана і ў нашым раёне – па яго выніках перамогу атрымала каманда СШ №1 “2+2”.
А восенню рабятам прапанавалі паўдзельнічаць у завочным абласным этапе – і яны з радасцю згадзіліся. Хаця захапляюцца яны не толькі матэматыкай – інтарэсы ў іх рознабаковыя. Наталля любіць хімію і біялогію і рыхтуецца стаць медыкам. Сяргею па душы замежная мова. Маргарыта таксама больш захапляецца гуманітарнымі навукамі і нават піша вершы. А Антон марыць звязаць сваё жыццё з фізікай.
Некалькі дзён рабяты разам з настаўнікамі ўспаміналі правілы і тэарэмы, рашалі задачы і афармлялі атрыманыя рашэнні. А потым адаслалі свае распрацоўкі ў Гродна. І напярэдадні восеньскіх канікулаў прыйшло запрашэнне на турнір у Гродна.
– Мы, канешне, вырашылі ехаць. Але спыняла адно – рыхтавацца трэба было на канікулах, – расказвае капітан каманды Сяргей Тухта. – Але сабраліся з духам – і кожны дзень трэніраваліся.
– Напярэдадні паездкі да нас прыйшла метадыст аддзела адукацыі Валянціна Аляксандраўна Трэйгіс і папярэдзіла, што ў Гродна будзе складана. Гэта і зразумела: сярод 24 каманд 18 прадстаўлялі гімназіі і толькі шэсць – сярэднія школы. “Але без дыплома не вяртайцеся”, – дадала Валянціна Аляксандраўна – і гэта адразу настроіла на поспех, – дадае Наталля Вакулік. – Тым больш, мы разумелі, што прадстаўляем у Гродна не толькі сваю школу, але і ўвесь раён.
Праўда, калі рабяты прыехалі ў Гродна і ўбачылі ў табліцы, што па выніках завочнага тура знаходзяцца ў другой яе палове, настрой крыху сапсаваўся. Але не адступаць жа за паўкрока ад фінала?!
Усе каманды, якія прыехалі на турнір, былі разбіты на тры групы – па восем у кожнай. Матэматычныя “баі” праходзілі паміж чатырма камандамі. Капітан каманды выцягваў нумар задачы, якую трэба было рашыць. Падчас выступлення ігракі надзяляліся спецыяльнымі паўнамоцтвамі. Адны былі дакладчыкамі, другія – апанентамі, трэція – рэцэнзентамі, чацвёртыя – наглядальнікамі.
У выніку першы бой рабяты правялі цудоўна і з максімальна магчымай колькасцю балаў сталі лепшымі сярод 24 каманд вобласці. Але наперадзе іх чакала яшчэ адно выпрабаванне – каманды зноў падзялілі – і зноў рабяты даказвалі рашэнні ўжо новых задач. Тут школьнікі з астравецкай каманды “2+2” усяго на адзін бал адсталі ад лідара і сталі другімі.
Былі падчас выпрабаванняў і кур’ёзныя сітуацыі. Флэшка нашай каманды, на якой было запісана рашэнне задачы, не адкрылася – і Сяргею давялося ўзнаўляць яго ў памяці і запісваць на дошцы. Але і з гэтым заданнем ён справіўся максімальна хутка і правільна!
Гульня закончылася. І засталося толькі чакаць падліку агульных вынікаў, у якія ўваходзіў і завочны не самы ўдалы для нас тур. Але і рабяты, і іх настаўнікі спадзяваліся хаця б на дыплом трэцяй ступені…
І вось журы, у склад якога ўваходзілі выкладчыкі Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пачынае аб’яўляць вынікі спаборніцтваў. Трэцяе месца займае каманда… І не Астравец. Школьнікі пачынаюць панікаваць… Другое месца… Каманда “2+2” СШ №1 г.п. Астравец! Радасці рабят не было мяжы! Яны нават не пачулі, хто стаў пераможцам, і толькі потым даведаліся, што першае месца занялі матэматыкі з Гродзенскай гімназіі №1.
– Такім сапернікам прайграць не сорамна. Але калі разумееш, што маглі б заняць першае месца, то становіцца крыху крыўдна, – гаворыць капітан каманды Сяргей Тухта. – Але нічога, паспрабуем у наступным годзе!


Алена ЯРАШЭВІЧ.