Інавацыі, інвестыцыі, ініцыятыва пануюць у Варнянскай школе

15:18 / 24.05.2011

Ужо чацвёрты раз прадстаўнікі розных школ раёна дзеляцца сваімі напрацоўкамі, вопытам і планамі на будучыню. Сёлета гасцей – галоўнага  спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Кацярыну Леанідаўну Лянкевіч і галоўных спецыялістаў аддзела адукацыі Наталлю Іосіфаўну Станкевіч і Ядвігу Браніславаўну Петрык, а таксама намеснікаў дырэктараў школ прымала Варнянская школа.


Пачалося ўсё з прэзентацыі аб школе, падчас якой можна было ўбачыць, якія змены тут адбыліся, і завочна пазнаёміцца з перамогамі і дасягненнямі дзяцей і дарослых.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Варнянскай школы Людміла Міхайлаўна Апановіч падзялілася сістэмай работы з педагагічнымі кадрамі, на думку настаўніка менавіта яны – пачатак усяго. Семінары,  практыкумы, адзіныя дні інфармавання, педагагічныя чытанні, майстар-класы для класных кіраўнікоў, “Класны кіраўнік года” – далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якія праходзяць у школе для настаўнікаў. А сваім вопытам работы па развіццю асобы вучня падзялілася малады спецыяліст  Ю.С. Кулеш.
Некалькі гадоў запар школа працавала па інавацыйным праекце “Этнашкола”. Цяпер “Этнашкола” ў Варнянах – рэсурсны цэнтр у раёне і вобласці. Ужо з дзіцячага садка дзеці арыентаваны на краязнаўства, у малодшых класах вывучэнне культуры і гісторыі рэгіёна працягваецца, а потым прадаўжаецца ў сярэдняй школе. Як гэта адбываецца на практыцы – цудоўна паказалі спачатку выхаванцы дзіцячага сада, а потым –   вучні 5 класа, якія наведваюць гурток “Скарбніца”,  у тэатральна-краязнаўчай  пастаноўцы “Юр’еў дзень”.
Пра тое, што вучні з Варнян займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю і ўдала выступаюць са сваімі работамі не толькі ў раёне, але і ў вобласці, наша газета пісала ўжо неаднойчы. Госці семінара яшчэ раз у гэтым упэўніліся падчас прэзентацыі навукова-даследчых работ “Лідара года” Марыі Еўтушэнка і васьмікласніцы Ксеніі Масейка.


Але вучні і настаўнікі не толькі ўвесь час праводзяць у сваёй школе – яны цесна ўзаемадзейнічаюць і са сваім спонсарам СВК “Варняны”, і з лясгасам. Таму і не дзіўна, што на сустрэчу завітаў намеснік старшыні сельгаскааператыва па ідэалагічнай рабоце Юрый Аляксандравіч Адула. Дарослых з дзецьмі звязваюць не толькі спонсарскія адносіны – кіраўніцтва сельгаскааператыва аказвае школе матэрыяльную падтрымку, стымулюе добрую вучобу вучняў, арганізуе паездкі па вядомых гістарычных мясцінах рэспублікі – але і сацыяльна важныя праекты. Апошні з іх –  “Здароўе – лад жыцця”, а таксама шэраг акцый, мерапрыемстваў і спаборніцтваў, у якіх дзеці і дарослыя ўдзельнічаюць на роўных.  А калі пашанцуе, то ў хуткім часе школа і сельгаскааператыў пачнуць ажыццяўляць яшчэ адну цікавую і карысную справу, прысвечаную 620-годдзю Варнянаў. Пра ўсё зробленае і планы на будучыню расказала гасцям Валерыя Апановіч.
А Ксенія Пашук расказала пра сувязі школы з мясцовым лясніцтвам – пасадка лесу, закладка алеі памяці і алеі старшакласнікаў, збор насення і шэраг іншых мерапрыемстваў і сустрэч, якія былі не толькі карыснымі, але падчас якіх школа змагла зарабіць грошы на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Інавацыі, інвестыцыі, ініцыятыва – менавіта на гэтых трох кітах і жыве Варнянская школа, яе педагогі і вучні. Яны не спыняюцца на дасягнутым і не чакаюць дапамогі, а самі ідуць насустрач людзям, зменам, ведам.
Сустрэча завяршылася  падвядзеннем вынікаў і распрацоўкай планаў на будучыню, пра якія расказала  галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Кацярына Леанідаўна Лянкевіч.


Алена ЯРАШЭВІЧ.