Сабрала школьнікаў "Зарніца"

17:36 / 23.05.2011

Хто напачатку мая праязджаў непадалёк ад дзіцячага аздараўленчага лагера “Ластаўка”, быў, напэўна, нямала здзіўлены. Там мітусіліся людзі ў ваеннай форме, аўтобус за аўтобусам пад’язджалі і выходзілі дарослыя і дзеці, гучалі выстралы і радасныя воклічы. Усё тлумачылася проста: школьнікаў раёна ў чарговы раз сабрала разам ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”.


“Зарніца” ў нашым раёне праводзіцца амаль кожны год. І сёлета арганізатары гульні – аддзел па справах моладзі райвыканкама, аддзел адукацыі і цэнтр пазашкольнай работы – вырашылі традыцыі не парушаць.
У той дзень тэрыторыя лагера на некалькі гадзін ператварылася ў пляц ваеннай падрыхтоўкі. Пазмагацца ў баявых навыках і ўменнях прыехалі дзевяць каманд з  гімназіі, СШ №1 г.п. Астравец, Гудагайскай СШ, Кямелішкаўскага і Варнянскага НПК, Гервяцкай, Міхалішкаўскай, Альхоўскай і Спондаўскай СШ.
Спачатку каманды сабраліся разам на ўрачыстым пастраенні. Камандзіры пад гімн падымаюць сцяг, гучаць словы пажаданняў ад начальніка аддзела адукацыі В.В. Млечкі і настаяцеля храма Святых Пятра і Паўла айца Георгія Савіцкага, вядучы “Зарніцы” С.А. Савіцкі аб’яўляе праграму, выстрал ракетніцы – і ваенна-патрыятычная гульня стартуе.
Першы конкурс – “Агляд строю і песні”, на першы погляд, здаецца лёгкім. Сапраўды, ну што тут цяжкага – выйшаў, прамаршыраваў прыгожа, песню заспяваў. Аднак на самой справе ўсё намнога больш складана. Выкананне камандаў “направа”, “налева”, “кругом”, маршыраванне, страявая выпраўка – усё павінна быць рытмічным і дакладным. Памылкі караюцца,  штрафныя балы налічваюцца. Але для гледачоў і балельшчыкаў гэты конкурс – адзін з самых відовішчных. Вынік паказаў, што лепш за ўсіх з першым заданнем справіліся гімназісты і вучні СШ №1.
А вось пад назвай чарговага конкурсу “Эстафета” шыфравалася сапраўднае баявое выпрабаванне. Спачатку па стартаваму залпу трэба было як мага хутчэй надзець процівагазы і прабегчы ў іх 50 метраў. Пасля гэтай прабежкі рабяты імгненна траплялі на поле бою, дзе знаходзіўся іх “паранены” таварыш. Задача – тэрмінова аказаць яму медыцынскую дапамогу практычна і расказаць, што за “раненне” ён атрымаў і якія меры трэба прымаць у такіх выпадках. Затым жа хутчэй несці пацярпеўшага ва ўмоўны шпіталь. Шчыра кажучы, гледзячы, як “байцы” што ёсць сілы беглі да жаданага фінішу, мне было шкада параненага, задачай якога было, нягледзячы на боль і падскокванне, утрымацца на насілках. Але што зробіш – марудзіць нельга, бо на ўліку была кожная секунда. Самымі хуткімі тут сталі ўдзельнікі з Варнян.
Не паспелі “байцы” крыху аддыхацца і адпачыць ад эстафеты, як іх чакаў чарговы этап – стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Ад кожнай каманды выступілі па двое ўдзельнікаў – хлопец і дзяўчына, кожны з якіх меў магчымасць пяць разоў выстраліць у мішэнь. Лепшымі снайперамі ў выніку адназначна былі прызнаныя юныя “байцы” з Міхалішкаўскай сярэдняй школы.
Пакуль адны ўдзельнікі “Зарніцы” стралялі з вінтоўкі, іншыя на хуткасць разбіралі і збіралі баявую зброю – аўтамат і пісталет. Кожны перад стартам меў магчымасць паспрабаваць свае сілы ў гэтым заданні. Хтосьці браў зброю з бояззю і цікавасцю, нехта – упэўнена і рашуча, гатовы хоць зараз прыступіць да задання. Цікава было паглядзець, як небяспечная і грозная зброя раптам становіцца бездапаможнай і ў імгненне вока рассыпаецца на некалькі дэталяў. А затым зноў становіцца адным цэлым. Не ўсе ўдзельнікі справіліся з гэтым заданнем бездакорна. А вось у рабят з Міхалішак трэба павучыцца не толькі трапна страляць, але і наогул мець справу са зброяй: у конкурсе разборцы і зборцы аўтамата і пісталета яны зноў сталі пераможцамі.
Майстэрства страявой прадэманстравалі, бег у процівагазах здалі, параненага выратавалі, мішэнь з вінтоўкі расстралялі, зброю разабралі – здаецца, што яшчэ трэба? Ды толькі рана ўдзельнікам было расслабляцца. Надышоў час дэманстраваць сваю фантазію. З нядаўніх байцоў яны ператварыліся ў ваенных карэспандэнтаў, якім трэба было за 15 хвілін выпусціць “Баявы лісток”. Работа “закіпела” – рыпелі алоўкі і фламастары, абмяркоўваліся апошнія нюансы і ўзважваліся ўсе “за” і “супраць”. А ў прызначаны час на стол да галоўных рэдактараў – членаў журы – трапляў твор калектыўнай працы. У выніку найлепшым быў прызнаны “Баявы лісток” “ваенкораў” з Гервят.
Тут бы ўжо конкурсам і закончыцца. Ды толькі пагранічнікам паступіла важнае паведамленне, што дзесьці непадалёк у лесе хаваецца дыверсант, якога трэба тэрмінова знайсці і даставіць “на базу”. А паколькі рабяты, лічы, ужо прайшлі курс маладога байца – ім і даручылі гэтае няпростае, але цікавае і адказнае заданне. Па стартаваму выстралу школьнікі разбегліся па лесе. Хвіліна, дзве, тры… І прыглушаны радасны вокліч. А праз імгненне паказаліся і каманда пераможцаў з дыверсантам. Лепшымі і спрытнейшымі сталі  разведчыкі-следапыты з Кямелішак.
Толькі пасля таго, як усе заданні былі выкананы, “Баявы лісток” прачытаны, а дыверсант злоўлены, для ўсіх удзельнікаў надышла чарга апошняй і самай прыемнай справы – дэгустацыі сапраўднай салдацкай кашы, водар ад якой ужо даўно казытаў нос і прымушаў нервавацца страўнік. Ля палявой кухні хутка выстраілася чарга і пакуль стомленыя рабяты грымелі міскамі і лыжкамі, журы тым часам падлічвала агульныя балы.
І вось нарэшце доўгачаканы момант – падвядзенне вынікаў. Ва ўрачыстай атмасферы ваенны камісар І.М. Чычварын аб’яўляе пераможцаў. Трэцяе месца ў юных байцоў з Варнянскага НПК, другое занялі следапыты з Кямелішак, а пераможцамі “Зарніцы” стала каманда Міхалішкаўскай СШ. Усе прызёры, а таксама каманды-ўдзельніцы атрымалі каштоўныя падарункі.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.